З-пад яго рук нібыта ізноў ажыў Бумажкоў…

Культура Общество

Мінула крыху болей за 9 дзён, як не стала заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР іБССР Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага.

Будучы вялікі скульптар нарадзіўся 16 лютага 1924года ў горадзе Высоке-Мазавецке на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Вучыўся ў Варшаўскай гімназіі, тады і выявіліся яго незвычайныя здольнасці да малявання і асабліва да лепкі. Ужо ў 16-гадовым узросце (тады, у 1940 годзе, сям’я Заспіцкіх пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пераехала ў Мінск) Андрэй са сваімі скульптурнымі творамі прыняў удзел у выставе “Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры” ў Маскве, дзе і атрымаў першую пачэсную ўзнагароду – Грамату Вярхоўнага Савета БССР. Пазней стаў студэнтам Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе, якую пакінуў у сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і стаў актыўна змагацца з ворагам.

Дэмабілізаваўшыся ў 1947 годзе, былы воін-франтавік стажыраваўся ў мінскай майстэрні Акадэміі мастацтваў БССР. Наогул, дыяпазон далейшай творчасці Андрэя Заспіцкага быў дастаткова вялікі, аднак галоўным героем для скульптара на працягу ўсяго яго жыцця заставаўся мужны і дужы, шчыры душой і сэрцам чалавек-працаўнік, чалавек-абаронца.

За гады сваёй плённай творчасці Андрэй Заспіцк істварыў вялікую і разнастайную галерэю вобразаў у гіпсе, бетоне і бронзе – ад беларускага першадрукара Францыска Скарыны, класікаў беларускай літаратуры Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Янкі Купалы да сучасных дзеячаў мастацтва – Героя Беларусі, народнага мастака Міхаіла Савіцкага і заснавальніка “Песняроў”,спевака і музыканта Уладзіміра Мулявіна і многіх іншых. Аднак асаблівую ўвагу скульптар надаваў асабіста перажытаму – заўсёды хвалюючай яго тэме вайны, што знайшло ўвасабленне ў помніку легендарнаму партызанскаму камандзіру М. Ф.Шмырову (бацьку Мінаю), кампазіцыях “Партызанскія сцежкі”, “Партызан-падрыўнік”і іншых, Андрэй Міхайлавіч з’яўляўся і сааўтарам сусветна вядомага манумента ў памяць маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай у горадзе Жодзіна.

Якое ж дачыненне меў А. М. Заспіцкі да нашайАкцябршчыны? Ды самае непасрэднае, што тычылася манументальнай прапаганды ў гонар герояў Вялікай Айчыннай – гэта набыло вялікі размах у 60-х гадах ужо мінулага стагоддзя. Тады, а дакладней, у 1961 годзе з рук прызнанага майстра скульптуры выйшаў помнік арганізатару партызанскага руху на тэрыторыіАкцябрскага раёна, першаму Герою Савецкага Саюза сярод народных мсціўцаў Ціхану Піменавічу Бумажкову. Вырабленая з бетону скульптура партызанскага камандзіра вышынёй 3 з паловай метры на трохмятровым пастаменце спачатку знаходзілася на Цэнтральнай плошчы гарпасёлка, а з 1985 года заняла пастаяннае месца ля былога кінатэатра, які насіў імя Ц. П. Бумажкова. А ў 1966 годзе ў вёсцы Ламавічы на месцы подзвігу бясстрашнай камсамолкі-падпольшчыцы Рымы Шаршнёвай, якая ў час гістарычнага бою закрыла сабою варожы дзот і атрымала цяжкае раненне, ад чаго неўзабаве і памерла, быў устаноулены бюст гераіні зноў жа работы А. М.Заспіцкага. Вышэй названыя скульптуры здаўна з’яўляюцца візітовымі карткамі гэтых населеных пунктаў, святымі месцамі для жыхароў і гасцей, дзе пастаянна ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды памятных дат.

Андрэй Міхайлавіч Заспіцкі з годнасцю пражыў доўгае жыццё, светлая яму памяць. А яшчэ намнога больш наканавана жыць бессмяротным творам яго адметнага мастацтва, у ліку якіх знаходзяцца помнікі героям мінулай вайны на нашай гераічнай Акцябршчыне.

Юрый Каспяровіч.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *