Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Віктара Аляксандравіча Лоўгача.
Яго імя добра вядома многім прадстаўнікам старэйшых пакаленняў не толькі нашага раёна, але і ў межах вобласці і нават рэспублікі. Здольны газетчык-рэпарцёр і ўмелы кіраўнік рэдакцыйнага калектыву, адметны сатырык і гумарыст, цікавы чалавек і суразмоўца, мудры дарадчык, верны сябар – такім пры жыцці запомніўся акцябрычанам і шэрагу жыхароў іншых месцаў Віктар Аляксандравіч.
Нарадзіўся будучы майстар пяра і мастацкага слова 15 жніўня 1936 года ў невялічкай вёсцы з маляўнічай назвай Хісцецкі Бор, што на Жыткаўшчыне. У раннім дзяцінстве ён пазнаў цяжкасці і пакуты фашысцкай акупацыі. Калі пайшоў у школу, вельмі захапіўся чытаннем. Будучы старшакласнікам, сам распачаў свае літаратурныя спробы – пісаў нататкі і замалёўкі ў жыткавіцкую «раёнку», пасябраваў нават з асобнымі рэспубліканскімі газетамі і часопісамі. І, трэба адзначыць, пачынаючага аўтара, выступаючага ў якасці селькара, адразу заўважылі і актыўна друкавалі. Невыпадкова, што і свой прафесійны шлях Віктар Лоўгач звязаў з журналістыкай. Адразу пасля трох гадоў тэрміновай службы ў авіяцыйных часцях ён прыйшоў на работу літаратурным супрацоўнікам у Капаткевіцкую раённую газету (1958 г.), завочна вучыўся на філасофскім факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. А калі ў 1962 годзе Капаткевіцкі раён скасавалі і далучылі да Петрыкаўскага, Віктар Лоўгач з сям’ёй пераехаў у Чачэрск, дзе працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара мясцовай раённай газеты. А з канца 1970-га нязменным месцам жыхарства Віктара Аляксандравіча стаў гарадскі пасёлак Акцябрскі, куды прызнанага і вопытнага журналіста накіравалі рэдактарам раённага друкаванага выдання «Чырвоны Кастрычнік». На гэтай пасадзе ён адпрацаваў без малага 3 дзесяцігоддзі да выхаду на заслужаны адпачынак у студзені 1999 года.
Кіраваць такі працяглы перыяд рэдакцыйным калектывам і нават раённым друкам у цэлым было вельмі складанай і адказнай справай, улічваючы шэраг значных перамен, якія адбываліся ў той час у нашай дзяржаве. Аднак нягледзячы на разнастайныя перыпетыі гісторыі канца мінулага стагоддзя, Акцябрская раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» упэўнена трымала, як кажуць зараз, свой імідж, не зніжала попыту і папулярнасці ў мясцовага чытача, неаднаразова ўдзельнічала ў творчых конкурсах абласнога і рэспубліканскага маштабу, дзе займала прызавыя месцы і нават выходзіла пераможцай. І гэта адбывалася, безумоўна, не без уплыву кіраўніка раённага друкаванага выдання, дзякуючы яго выдатным арганізатарскім здольнасцям і высокай грамадзянскай пазіцыі. Сам жа Віктар Лоўгач за вялікі асабісты ўклад у развіццё айчыннай журналістыкі быў адзначаны ў розны перыяд Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, шматлікамі дыпломамі, граматамі і падзякамі ад розных арганізацый і ведамстваў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.
Аднак не толькі журналісцкая дзейнасць ішла па жыцці разам з Віктарам Аляксандравічам. Шырокаму колу чытачоў у нас у раёне, а таксама за яго межамі, вядомы літаратурныя творы пераважна гумарыстычна-сатырычнай накіраванасці былога рэдактара «Чырвонага Кастрычніка». Член Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Віктар Лоўгач апублікаваў у шэрагу айчынных перыядычных выданняў Беларусі шмат апавяданняў і фельетонаў, гумарэсак і іранесак, анекдотаў і баек у прозе. Пры жыцці аўтара выйшла 4 зборнікі сатырычных твораў – «Таблетка ад сну» (1989 г.), «Эліксір здароўя» (2010 г.), «Замовы ад спакус» (2011 г.) і «Гумар на пасашок» (2015 г.). У іх ярка адлюстраўваліся, выкрываліся і высмейваліся негатыўныя з’явы, усялякія заганы і недахопы нашага грамадства, характэрныя для тых часоў, аднак па пэўных пазіцыях не губляючыя актуальнасці і ў нашы дні.
Віктара Аляксандравіча і зараз многія ўспамінаюць як вельмі аптымістычнага і шчырага чалавека, клапатлівага і гасціннага гаспадара. Нам, рэдакцыйным работнікам, даволі часта даводзілася бываць у яго дома па розных справах. І ніколі не абыходзілася без пачастункаў ці ўласна прыгатаванай справай з паляўнічых здабыткаў (паляўніцтва было галоўным захапленнем Віктара Лоўгача нават з яго юнацтва), ці духмяным мядком з уласнай пчапасекі, абавязкова госці знаёміліся з новымі творамі пісьменніка, надрукаванымі на старой механічнай машынцы ў яго ўтульным рабочым кабінеце, уважліва слухалі яго цікавыя ўспаміны, штосьці самі потым друкавалі на старонках «раёнкі». Ды і сам ветэран раённай журналістыкі заўсёды стараўся знайсці час, каб наведаць рэдакцыйны калектыў, пацікавіцца справамі, даць мудрую параду і падзяліцца уласнымі планамі на будучыню.
Віктар Лоўгач пайшоў з жыцця ў выніку цяжкай працяглай хваробы 4 снежня 2019 года, яму было 83. Засталася вялікая творчая спадчына пісьменніка і журналіста, а галоўнае – добрая аб ім памяць, што мы з удзячнасцю і ўзгадваем сёння з нагоды яго знакавага юбілею.
Юрый Каспяровіч.
Фота з рэдакцыйнага архіва.
