Ён першым праўдзіва распавёў пра генацыд

Общество

6 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, які да таго ж пры жыцці з’яўляўся заслужаным работнікам культуры Украінскай ССР.

95444 01.01.1955 Поэт Аркадий Александрович Кулешов, лауреат Сталинской премии первой степени (1946) за поэму «Знамя бригады». Давид Шоломович / РИА Новости

Беларускі Твардоўскі, ранні лірык, натхняльнік балады, паэт-франтавік, вялікі патрыёт і сапраўдны грамадзянін… Так можна ахарактарызаваць аднаго з самых таленавітых майстроў мастацкага слова ў нашай краіне за ўсе часы. А нарадзіўся будучы народны паэт 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы сучаснага Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 8-гадовым узросце хлопчык сур’ёзна захапіўся творчасцю класіка рускай літаратуры Міхаіла Лермантава. Яго вершы і паэмы, асабліва “Мцыры”, зрабілі на малога Аркадзя такое вялікае ўражанне, што ён сам вырашыў узяцца за пяро. І невыпадкова Куляшоў стаў самым юным з усіх беларускіх паэтаў (як гарады бяруць свой пачатак з першага ўзгадвання ў летапісных крыніцах, так і паэт ці пісьменнік лічыцца такім з моманту друкавання ўласных твораў у перыядычных выданнях. – Заўв. Аўт.). Калі Аркадзю споўнілася ўсяго 12 гадоў (1926 г.), на старонках Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік” з’явіўся яго верш “Ты – мой брат”. У рэспубліканскім друку, у прыватнасці, у часопісе “Чырвоны сейбіт” першыя творы Аркадзя Куляшова былі апублікаваны праз год пасля яго літаратурнага дэбюту.

Адметна, што ў зусім юным 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой першы хрэстаматыйны верш “Алеся” з жанру інтымнай лірыкі (“Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая”), прысвечаны першаму каханню. Радкі “Алесі” ведаюць многія і сёння, толькі, пэўна, як песню на музыку Ігара Лучанка, якая доўгі час, ды і зараз таксама, з’яўляецца адной з візітных картак знакамітага беларускага ансамбля “Песняры”.

Аркадзю споўнілася толькі 16 гадоў, як ён ужо трымаў у руках выдадзены ў Мінску зборнік сваіх вершаў “Росквіт зямлі”. Тады здольны юнак пасля заканчэння пяцігодкі ў родных Саматэвічах вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, потым спасцігаў навуку на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. Пазней працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена” і на Беларускім радыё. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

У чэрвені 1941 года Аркадзь Куляшоў быў вымушаны спешна эвакуіравацца са сталіцы Беларусі, якую пачалі бамбіць фашысты, і пешшу дайшоў да Оршы. Гэты трагічны адрэзак свайго жыцця паэт пазней увасобіў зноў жа ў хрэстаматыйнай паэме “Сцяг брыгады”. Успомнілі?

Родны Мінск я пакінуў,
Пажарам і бомбамі гнаны.
Хто сказаў, што мой горад загінуў,
Што ён зруйнаваны?..

У тым самым 41-м паэт Куляшоў уступіў у рады Чырвонай Арміі. У кароткі тэрмін скончыў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, трапіў на фронт, з’яўляўся супрацоўнікам армейскай газеты “Знамя Советов”, у 1943-1945 гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху.

Пасля вайны, у 1945-1946 гадах, франтавік Аркадзь Куляшоў узначальваў рэдакцыю газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1958-1967 гг. – начальнік сцэнарнага аддела, галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”. У складзе дэлегацыі нашай рэспублікі ўдзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай ассамблеі ААН. На працягу 30 гадоў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Аркадзь Куляшоў раптоўна памёр 4 лютага 1978 года, знаходзячыся ў санаторыі ў Нясвіжы. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Імя А. А. Куляшова носіць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, у гонар народнага паэта названы вуліцы ў гарадах Касцюковічы і Мінск. З 1979 года заснавана Літаратурная прэмія імя А. Куляшова.
Што ж датычыць творчасці Аркадзя Куляшова, то яго вершы і паэмы адметныя багатым і тонкім лірызмам у спалучэнні ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Аркадзю Аляксандравічу ў яго творах быў уласцівы глыбокі роздум аб лёсе пакаленняў, пафас савецкага патрыятызму і інтэрнацыяналізму, адлюстроўваліся мірная стваральная праца, вернасць гераічным традыцыям, грамадзянская адказнасць перад будучым. Немалаважная і такая рыса: вершаваныя радкі Аркадзя Куляшова вельмі яркія і вобразныя і адначасова простыя, якія лёгка запомніць (накшталт класіка рускай савецкай літаратуры Аляксандра Твардоўскага з яго “Васілём Цёркіным”). Тут для прыкладу можна ўзяць зноў хрэстаматыйны куляшоўскі твор ваеннага часу “Камсамольскі білет”. З сваёй настаўніцкай практыкі ведаю, што нават самыя слабыя ці гультаяватыя школьнікі гэты па сутнасці бессмяротны верш добрасумленна вучылі, запаміналі і без асаблівых праблем дэкламавалі на добрую адзнаку. Нагадаем пачатак:

Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
І камсамольскі білет аддае.

Што здарылася далей, многія, без сумнення, памятаюць са школы і сёння. Адважны камсамолец на прапанову застацца жывым не спаліў дарагі дакумент па загаду фашыста, не патапіў яго ў рачной палонцы і сам загінуў, як герой, заледзянелы на марозе. А верш, Камсамольскі білет”, напісаны ў 1943 годзе, як і вышэйназваная паэма “Сцяг брыгады”, на ўсе часы сталі ўзорам патрыятычнай лірыкі.
Некалькі раней, у чэрвені 1942 года, выйшла ў свет славутая “Балада аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова. Гэтым творам, як і “Камсамольскім білетам”, некаторымі іншымі паэт-франтавік, можна сказаць, першым у беларускай літаратуры звярнуўся да тэмы генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Сюжэт “Балады аб чатырох заложніках” заснаваны на рэальных падзеях. Каб прымусіць здацца ў палон легендарнага партызанскага камбрыга Міная Шмырова ці бацькі Міная, які самааддана змагаўся з ворагам на тэрыторыі Віцебшчыны, фашысцкія захопнікі ўзялі ў якасці заложнікаў чатырох непаўналетніх дзяцей Міная Фёдаравіча, а таксама яго сястру. “Бацька родны, мсціўца народны” не пайшоў на гэты крок, і яго самыя родныя людзі былі забіты. Аркадзь Куляшоў расказаў аб гэтым так шчымліва і пранікнёна, што не можа не кранаць кожнага літаральна да глыбіні душы. Даводзілася бачыць, як на канцэртах, калі са сцэны чыталі гэту баладу, нават моцныя духам і суровыя мужчыны не маглі стрымаць слёз, асабліва ад фіналу верша:

Іх выводзяць салдаты за краты.
Хлопчык рад і сонцу, і волі.
Іх салдат да сцяны прыстаўляе.
Цэліць кат у льняныя галовы,
Пачынае з сына Міная.
Стрэл. Упаў хлапчук трохгадовы…
Кат ізноў пісталет узнімае…
На сцяне – заложнікаў цені…
Вось і ўсё. Перад бацькам Мінаем
Станьце, усе бацькі, на калені!

Тэма мужнасці і стойкасці савецкага народа гучыць у хрэстаматыйным вершы Аркадзя Куляшова “Над брацкай магілай”, дзе адлюстраваны ўражанні самога паэта ад яго ваеннага эпізоду ў Наўгародскай вобласці Расіі (“Мы без слёз іх хаваем, памятаем пра свой абавязак: нашы слёзы саромяцца мужных вінтовак і касак”). У вершы “Над спаленай вёскай” аўтар зноў і зноў звяртаецца да генацыду нашага народа (“Над спаленай вёскай, адзетай жалобным гранітам, званы адзываюцца рэхам вайны незабытай”). Наогул, ваеннай тэматыкай прасягнуты многія творы класіка беларускай літаратуры на працягу ўсяго яго пасляваеннага жыцця.

Застаецца дабавіць, што Аркадзь Куляшоў пакінуў адметны след у айчыннай літаратуры і як таленавіты паэт-перакладчык. У яго выдатных перакладах выйшлі на беларускай мове знакамітыя творы класікаў мастацкай літаратуры розных краін. У прыватнасці, вельмі плённа Аркадзь Куляшоў працаваў з украінскай паэзіяй. Так, ён пераклаў вершы і паэмы ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі, паэтаў-лаўрэатаў дзяржпрэмій савецкага часу з суседняй краіны Андрэя Малышкі, Міколы Нагнібяды, некаторых іншых, за што і быў удастоены ў 1973 годзе ганаровага звання заслужанага дзеяча культуры Украінскай ССР. Вельмі хацелася, каб на Украіне, дзе зараз вельмі складаная сітуацыя і ідуць ваенныя дзеянні, шанавалі нашага класіка-юбіляра, як гэта было раней, нягледзячы на сучасныя палітычныя амбіцыі…

Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *