Трактарная магістраль: пакуль чырвонае святло

Общество

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Маісееўка” на сярэдзіну апошняга месяца зімы практычна не гатова да прадстаячай пасяўной энерганасычаная тэхніка.

Рэйдавая група ў складзе галоўнага дзяржаўнага інспектара тэхнагляду Аляксандра Старыновіча і галоўнага спецыяліста аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Іллі Круглова ў мінулы аўторак праверыла абодва мехдвары гэтай гаспадаркі на прадмет арганізацыі рамонту трактарнага парка і сельгасмашын, іх гатоўнасці да яравой сяўбы. Яна ж, пасяўная, з улікам таго надвор’я, якое складваецца, і папярэдніх прагнозаў, хутчэй за ўсё, пачнецца раней звычайных тэрмінаў, а значыць, часу ўжо мала. Хаця палявыя работы, тое ж ворыва глебы ці дыскаванне, у сёлетніх умовах амаль бясснежнай і анамальна цёплай зімы можна было праводзіць практычна пастаянна. У ААТ “Маісееўка” такой рэдкай магчымасцю для гэтай пары года маглі скарыстацца толькі на працягу чатырох дзён, калі механізатар Віталь Дашкевіч выязджаў на магутным трактары “Беларус-3522” з дыскатарам на яравыя палеткі. І ўсё – на большае не было паліва.

І справа тут не толькі ў адсутнасці саляркі. Сам тэхнічны парк названай сельгасарганізацыі падрыхтаваны да веснавой пасяўной кампаніі далёка не лепшым чынам. Час між тым ідзе, а лінейка гатоўнасці папаўняецца вельмі слаба. Гэта датычыць у першую чаргу цэнтральнага механічнага парка ў аграгарадку Майсееўка. Тут з 5-ці энерганасычаных трактароў на сённяшні дзень спраўны толькі адзін. І то гэты “Беларус-3022”, які працяглы час прастойваў без гаспадара (механізатар знаходзіўся на бальнічным), патрабуе тэхнічнага абслугоўвання, неабходна перагледзець і каробку перадач, якая працуе са збоямі. Астатнія знаходзяцца ў стадыі рамонту, выканаць які ў сціслыя тэрміны праблематычна – не хапае запчастак, па большай частцы асобных вузлоў – цыліндраў, цеплаабменнікаў, элементаў трансмісіі, электраабсталявання, дзесьці патрэбна поўнасцю замяніць шыны. Не лепшае становішча і з іншымі сельгасмашынамі і прычапнымі механізмамі. Так, мабільны агрэгат для ўнясення цвёрдых і вадкіх мінеральных угнаенняў “Раса”, які адзін з першых павінен выйсці ў поле, стаіць на прыколе на майсееўскім мехдвары – няспраўны рухавік. Калі два плугі яшчэ больш-менш падрыхтаваны, то сеялка ТСН-8000 патрабуе дэталёвага абнаўлення, на што спатрэбіцца, як мінімум, набыць парадка 32-х кранштэйнаў, 80-ці ўтулак, плюс падшыпнікі і новыя насеннепровады. Гэта па папярэдніх разліках абыйдзецца ў “добрую капейчыну”, калі мэтазгодней набыць новы агрэгат.   Як паведаміў галоўны інжынер ААТ “Маісееўка” Аляксандр Гурыновіч, на ўсё пра ўсё ў мэтах рамонту тэхнікі да прадстаячай пасяўной на гаспадарку выдзелена 16 тысяч рублёў бюджэтных грошай, і то на аднаўленне толькі энергнасычаных трактароў. Вось і даводзіцца, як кажуць, круціцца, тэлефанаваць у розныя фірмы, шукаць, дзе можна набыць запчасткі танней, каб  штосьці з’эканоміць, неяк “паставіць на ногі”  самую неабходную тэхніку. Карацей кажучы, усё ўпіраецца ў фінансы, а дакладней, у іх жорсткі дэфіцыт.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што кіраўніцтва і інжынерная служба гаспадаркі, карыстаючыся прадастаўленай фінансавай дапамогай, неадкладна ўзяліся за справу. На сённяшні дзень узяты рахункі для набыцця трактарных запчастак на суму 14 тысяч рублёў праз Мазырскае агратэхзабеспячэнне. Акрамя таго, закуплены і завезены на майсееўскі склад асобныя запчасткі для дыскатараў, дыскавай бараны БДТ, плугоў і сеялкі АПП-6. Ускладаюцца надзеі і на спонсарскую дапамогу з боку Светлагорскага завода хімвалакна, дзякуючы чаму плануюць аднавіць у тэрмін найбольш запатрабаваныя сельгасмашыны.

У ААТ “Маісееўка” сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што тэхніка раскідана, а не сканцэнтравана, як у іншых гаспадарках, у адным месцы. Так, акрамя цэнтральнага мехдвара,  рамонт трактароў, аўтамабіляў і прычапнога інвентара асобна вядзецца яшчэ і на базе механічнага парка ў аграгарадку Рассвет. Становішча тут па вышэйназваных прычынах таксама не з лепшых. Па сведчанню загадчыка майстэрні і адначасова брыгадзіра трактарнай брыгады Максіма Акуліча, на бягучы момант у рассветаўскім аддзяленні адкрытага акцыянернага таварыства на рамонце знаходзяцца 2 трактары МТЗ-82 і адзін МТЗ-1221 – яны ў разабраным стане, а каб іх аднавіць, патрэбна зноў жа наладзіць дзе каробку перадач, дзе электраабсталяванне, дзе набыць пярэдні мост, а дзе гуму. Грошай на запчасткі, як мы ўжо казалі, вельмі мала, і то іх выдзелілі не для гэтых марак “сталёвых коней”, таму механізатары-рамонтнікі па большай меры выкарыстоўваюць старыя, але прыдатныя механізмы са спісанай тэхнікі. Акрамя трактароў, у рассветаўскай майстэрні зараз аднаўляюць камбінараваны пасяўны агрэгат АПП-6 “Бярэсце” – яго часткова разабралі, мяняюць сашнікі і іншыя прыстасаванні. Між тым, 2 сеялкі ТСН-8000 практычна поўнасцю гатовы да выхаду ў поле. Тое ж датычыць і ўзгаданага энерганасычанага трактара-“трыццацьпяткі”, які быў задзейнічаны бягучай зімой на падрыхтоўцы глебы: там трэба толькі памяняць масла – і можна выязджаць.

Калі закрануць саму арганізацыю рамонтнага працэсу ў ААТ “Маісееўка”, то ніяк нельга абыйсці бокам адзін непрыемны момант, які датычыць ўмоў працы для механізатараў. Па інфармацыі памочніка ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Анціхаравай (прадстаўнікі санітарнай службы ў той дзень таксама праводзілі рэйд паралельна з інжынернымі работнікамі ў гэтай гаспадарцы), тэмпературны рэжым у памяшканнях, дзе вяліся рамонтныя работы, не адпавядаў гігіенічным нарматывам – пры дапушчальнай норме ў 11,2 градуса цяпла рэальная тэмпература была на парадак меншай. Асабліва складанае становішча ў майстэрні аддзялення “Рассвет”: там холадна, як на вуліцы (дзякуй, што зіма яшчэ такая), і працякае дах. Да таго ж некалькі тыдняў на даным аб’екце адсутнічае электрычнасць, якая адключана за вялікую запазычанасць гаспадаркі перад энергазбытам. Гэта таксама адна з прычын зацяжнога рамонту тэхнікі – для шэрагу ўзнаўляльных аперацый патрэбны такарны станок, зварачнае абсталяванне, якое без электраэнергіі ніяк не запусціш. Каб было ўсё нармальна, рамонтныя работы, у прыватнасці, у Рассвеце, ішлі  значна хутчэй і многае ўжо ўдалося б зрабіць. Цяпер жа, хутчэй за ўсё, навёрстваць давядзецца ў звыклым “аўральным” рэжыме, які не ідзе на карысць справе.

Юрый Каспяровіч.

На здымку: за разглядам бягучага стану сеялкі ТСН-8000 на майсееўскім мехдвары (злева направа) галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ілля Круглоў, інспектар дзяржтэхнагляду Аляксандр Старыновіч, механізатар Павел Петух, галоўны інжынер ААТ “Маісееўка” Аляксандр Гурыновіч.

Фота аўтара.         



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *