Сэрцам роднага слова краніся

Культура

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40% з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ва ўсіх бібліятэчных установах раёна прайшлі тэматычныя мерапрыемствы. У раённай бібліятэцы прайшоў дзень беларускай кнігі “Мова ў сэрцы маім”. У праграме – дэманстрацыя кніжнай выставы “Твае песняры, Беларусь!”, агляд літаратуры, гутарка з чытачамі на тэму роднай мовы. Дзіцячы аддзел падрыхтаваў сустрэчу ля кніжнай паліцы “Слава кніжцы беларускай”. Дзеці даведаліся аб імёнах знакамітых пісьменнікаў Беларусі, іх творах, прымалі ўдзел у літаратурнай віктарыне “Да родных скарбаў дакраніся“. У сельскіх бібліятэках былі арганізаваны экскурсіі па бібліятэцы, краязнаўчыя гадзіны, конкурсы знаўцаў роднай мовы, літаратурна-паэтычныя гадзіны, лінгвістычныя віктарыны. Асноўная аўдыторыя мерапрыемстваў – дзеці. Юныя наведвальнікі бібліятэк удзельнічалі ў конкурсах выразнага чытання, тэатралізаваных пастаноўках, выконвалі вясёлыя заданні, тлумачылі словы, малявалі літаратурных персанажаў, вучыліся ўрокам жыццёвай мудрасці ў герояў беларускіх казак, былі ўдзельнікамі віртуальных падарожжаў па творчасці беларускіх пісьменнікаў. Да ўвагі чытачоў былі прадстаўлены кніжныя выставы “Сэрцам роднага слова краніся”, на якіх змяшчаліся кнігі па гісторыі роднай мовы, беларускія часопісы, мастацкая літаратура беларускіх аўтараў – як класікаў, так і сучаснікаў.
У бібліятэчных установах прайшла акцыя “Вы паслухайце родную мову”. Усіх, хто наведваў бібліятэкі ў гэты дзень, бібліятэкары абслугоўвалі на беларускай мове. Гэта выклікала прыемнае ўражанне. Многія наведвальнікі змаглі “пераключыцца” на родную мову і падтрымаць гутарку.
Далучэнне да роднага слова развівае пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру, дазваляе звярнуцца да сваіх вытокаў.
Л. Вырвіч, метадыст ДУК “Цэнтр культурна-
дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *