І вянуць скошаныя травы…

Сельское хозяйство

На бягучым тыдні першыя сотні тон сенажу былі закладзены ў траншэю на працяглае захаванне ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Парэчча-Арэса”.

Нарыхтоўка сенажу ў рулоны са стрэйч-плёнкі на ўскрайку вёскі Ляскавічы

Варта нагадаць, што летась гэта гаспадарка выйшла ў пераможцы раённага спаборніцтва па забеспячэнню грамадскай жывёлагадоўлі высокаякаснымі кармамі. Па выніках корманарыхтоўчага сезону 2022 года на кожную ўмоўную галаву жывёлы тут атрымалі па 36 цэнтнераў кармавых адзінак толькі травянога фуражу. Зыходзячы з гэтага, усе 1550 галоў грамадскага статка, у тым ліку і 733 каровы, у перыяд мінулай зімоўкі былі без абмежаванняў забяспечаны кармамі. Іх спаўна хапіла да выхаду жывёлы на пашу ў адрозненне ад некаторых мінулых гадоў, калі ў «Парэччы-Арэсе» былі вымушаны закупаць той жа сілас па-за межамі гаспадаркі са стратамі для сябе. Дзякуючы дастатковай кармавой базе, зараз такога ўдалося пазбегнуць. Больш таго, было не дапушчана зніжэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў звычайна складаны для гэтай галіны зімовы час.

На адвозцы зялёнай масы ад камбайнаў задзейнічаны Дзмітрый Лемяшэўскі
Адказны працэс трамбоўкі будучага сенажу ўскладзены на механізатара Дзяніса Самусева

Зрабіць надзейны кармавы зачын і на бліжэйшае будучае – такую задачу паставілі ў ААТ «Парэчча-Арэса» з пачаткам першага ўкосу траў бягучага года. Сёлета тут у ліку першых у раёне разгарнулася корманарыхтоўка. Перш-наперш узяліся за люцэрну. Гэта кармавая культура, нягледзячы на засушлівае надвор’е, даволі добра ўрадзіла на ляскавіцкіх землях, асабліва на полі за заправачным пунктам былога саўгаса “Арэса”. Папярэдне скошаныя бабовыя травы вырашылі скарыстаць на сянаж, які будзе захоўвацца ў рулонах, запакаваных ў стрэйч-плёнку. Менавіта вытворчасцю сакавітага корму ў такім выглядзе і займаецца зараз механізатар гаспадаркі Аляксандр Раманчук, які абслугоўвае прэс-падборшчык ПРП-160 1К. На яго рахунку па стану на 1 чэрвеня значылася ўжо 110 тон запрасаванага сенажу. І гэта толькі ў сваёй сельгасарганізацыі. Да гэтай даты Аляксандр Раманчук працаваў на травяных угоддзях адкрытага акцыянернага таварыства “Акцябрскі-Агра”, дапамагаючы прыгараднай гаспадарцы гатаваць сянаж па новай тэхналогіі, і нарыхтаваў там 112 тон сакавітага корму ў герметычнай абалочцы.
Аднак з пачаткам сёлетняй касавіцы ў ААТ “Парэчча-Арэса” асноўны ўпор зроблены ўсё ж-такі на традыцыйны спосаб нарыхтоўкі сенажу.

З высокапрадукцыйнай касілкай КПР-9 працуе Цімафей Астроў
На вытворчасці зялёнай масы з траў першага ўкосу з самага яго пачатку заняты камбайнер КВК-800 Леанід Шчэцька

– Першую траншэю мы вырашылі закладваць побач з жывёлагадоўчай фермай «Забалацце», дзе падрыхтаваны стандартныя ёмістасці і зусім непадалёку размешчаны ўчасткі сенакосаў і азімых зерневых на зялёную масу, – падкрэсліў дырэктар акцыянернага таварыства Генадзь Паўловіч. – Працяглае сухое надвор’е негатыўна адбілася на росце траў і на гэтай тэрыторыі, аднак асобныя ўчасткі сенакосу – ля забалацкай фермы, некалькі далейшыя вызначаюцца нядрэнным травастоем, якія і пойдуць на сянаж. Разам з травяной масай будзем выкарыстоўваць і атрыманую з азіміны. Першую траншэю аб’ёмам 1000 тон плануем закласці за 4 дні. Гэта рэальна: штодзень на сенажаць выходзяць 2 камбайны-здрабняльнікі, трактар з касілкай, выкарыстоўваем і механічныя граблі для фарміравання валкоў скошаных траў. На адвозцы зялёнай масы задзейнічана 3-4 адзінкі тэхнікі, на трамбоўцы – пакуль адзін энерганасычаны трактар “Беларус-3022”. Такой колькасці дастаткова, каб закрыць сянажную ёмістасць у прызначаны тэрмін. Надвор’е дазваляе, галоўнае – каб не падвяла тэхніка. Будзем старацца.

Фарміраванне валкоў скошаных траў, кіруючы механічнымі граблямі ГР-700 П, высокапрафесійна выконвае механізатар Генадзь Паўловіч

Апошнія прыгатаванні на забалацкай траншэі перад закладкай сенажу праводзіліся з раніцы ў сераду, а ў пасляабедзенны час сюды паступілі першыя тоны здрабнёнай зялёнай масы, якую даставілі механізатар Дзмітрый Лемяшэўскі і вадзіцель МАЗа Мікалай Ляўковіч. Непасрэдна трамбоўка ў траншэі даручана гаспадару магутнай “трыццаткі” Дзянісу Самусеву. Для якаснага прыгатавання будучага сенажу выкарыстоўваецца салома, якая прасуецца слаямі, а таксама спецыяльны кансервант. І ў першы дзень працы на сянажнай яме гэтага віду корму было закладзена 420 тон. Пачатак нядрэнны, аднак асноўныя работы па стварэнню надзейнай кармавой базы ў ААТ “Парэчча-Арэса”, безумоўна, яшчэ наперадзе, калі шмат чаго яшчэ трэба зрабіць, не ківаючы на капрызы надвор’я і іншыя неспрыяльныя абставіны, ад чаго не застрахаваны ніводны працэс корманарыхтоўкі.

Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *