Фрагменты памяці. Пра свайго знакамітага дзядзьку Міколу Мятліцкага расказвае яго пляменніца

Общество

20 сакавіка вядомаму беларускаму паэту, лаўрэату шматлікіх літаратурных прэмій, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Міколу Мятліцкаму споўнілася б 70 гадоў. У Акцябрскім раёне жыве і працуе пляменніца паэта —  Вераніка Акуліч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Майсееўскай базавай школы. Яна дзеліцца сваімі ўспамінамі і расказвае , якім жа быў гэты таленавіты чалавек.

ФРАГМЕНТЫ ПАМЯЦІ

1

Якім павінен быць сапраўдны пісьменнік? Я вельмі часта пыталася ў іншых і саромелася папытаць у сябе самой. Чаму? Я знаходзіла іншыя праблемы, лічыла, што яшчэ не “дарасла” адказаць на гэта па-сапраўднаму філасофскае пытанне. А цяпер?  Цяпер ужо хочацца і самой даць уласны адказ…

Дык якім жа павінен быць сапраўдны пісьменнік, Вераніка?..

 І адразу ўздымаецца віхор самых разнастайных ведаў: Якуб Колас –майстар пейзажу, Янка Купала – паэт праўды і абаронца пакрыўджаных, Максім Багдановіч – рамантычны казачнік, Максім Танк – сучасны літаратурны філосаф, Уладзімір Караткевіч — настаўнік мінулага, Іван Шамякін – “ні дня без радка напісанага”, Іван Мележ – паляшук і зямляк, Васіль Быкаў – знаўца чалавечага болю…

Сапраўдны пісьменнік – чалавек, які ўмее зразумець, убачыць, натхніць, кахаць, спачуваць, не пакрыўдзіцца ці  не пакрыўдзіць.  Такія людзі пражываюць не адно жыццё, дзякуючы свайму таленту і падарожнічаюць усюды, няхай толькі  і ў сваіх творах… Менавіта з дапамогай такіх людзей, дзецям цікава чытаць, а пасля  марыць і толькі тады дзейнічаць самастойна. Сапраўдным пісьменнікам быў Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі… Мікола Мятліцкі… Дзядзька Мікола…

Знакаміты беларускі паэт, перакладчык, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.

Безумоўна, многія могуць зараз сказаць, што ведаюць творчасць гэтага чалавека, удвая меней могуць зараз усміхнуцца і ўспомніць асабістую сустрэчу з гэтым пісьменнікам, іх размову і толькі адзінкі змогуць расказаць, якім жа на самай справе быў гэты таленавіты і Богам пацалаваны Мікола Мятліцкі…

Мне пашчасціла! Я ведала гэтага чалавека асабіста. Шмат хто можа мне пазайздросціць, бо “вырасла ў яго на каленях”, “усюды мела блат”… “Блат”, безумоўна, быў… Падчас вучобы ў школе, ва ўніверсітэце, працуюючы ў школе, мне заўжды “перападалі” неверагодна цікавыя кнігі і слоўнікі. Магу з гонарам сказаць, што ведаю шмат пра беларускую паэзію і прозу толькі дзякуючы гэтаму “блату”.  А колькі сустрэч было арганізавана з беларускімі пісьменнікамі, колькі наведана літаратурных вечарын, якія цікавыя былі паходы ў музеі, кнігарні, рэдакцыі газет і часопісаў…

Мікола Мятліцкі быў вялікай, не заўжды цёплай планетай, на якой адначасова магло змяшчацца, расці і жыць ўсё: вершаваныя рыфмы, уласныя думкі, перажыванні, памкненні, жаданні, гумар, неверагоныя мары і… Боль… Чарнобыльскі боль… Гэта цяпер многія і не ўспомняць пра такое, бо было даўно і прайшло не закрануўшы… А яму балела ўсё паслячарнобыльскае жыццё. Паэт пісаў для таго пра перажытае, каб не толькі памяталі, але і адчулі і не дай Бог перажылі хоць аднойчы гэты страшэнны чарнобыльскі страх і жудасць за сваіх родных і блізкіх…

Пра што ж яшчэ пісаў Мікола Мятліцкі? Пісаў пра праблемы сучаснасці, духоўныя каштоўнасці жыцця, гонар і трывогу, пра свой народ і зямлю, пра родную вёску…  Пра Бабчын… Здавалася, колькі на Беларусі такіх вёсак, вёсачак, як Бабчын, але там, на Радзіме, дыхалася па-іншаму, працавалася ўвішней, чым дзе, і людзі жылі свае… Цяпер яны жывуць у вершах, паэмах і ўспамінах паэта… Я была толькі адзін раз у сваёй выселенай вёсцы пасля чарнобыльскай навалы на Радуніцу… Мы былі разам: мае родныя вялі мяне па зусім незнаёмых вуліцах, такую ўжо дарослую і адначасова маленькую “халошую Ніку”,  і ўспаміналі, што дзе знаходзілася. Толькі каля сваёй хаты я пачала ўспамінаць: вялікі-вялікі плот, дзверы ў сенцы, печ, вокны, на якіх віселі фіранкі… Адкуль гэтыя ўспаміны? Ад матулі, дзядзькі Васіля, дзядзькі Міколы і з яго кніг … 

Прызнаюся, чытаць творы Міколы Мятліцкага было заўжды цяжка, і таму я ўвесь час прасіла, каб ён сам прачытаў мне што-небудзь. Рабілася невялікая паўза. Дзядзька Мікола бярэ зборнік вершаў і доўга выбірае твор, які хоча сёння прачытаць, агучыць мне. Кожны раз перад чытаннем дзядзька абавязкова расказваў чаму напісаў гэты верш, што хацеў данесці не толькі мне. Хвіліна-другая… Такі напружаны позірк… І ён чытае… Чытае спачатку так нясмела, нібы саромеецца ці проста не хапае паветра… Я сачу за ім, за яго рухамі, і мне хочацца зразумець усё: чаму такая інтанацыя, чаму некаторыя словы прачытаны менавіта з націскам ці абурэннем, а на некаторых  – цяжкі ўздых, сум і, верагодна, слёзы…  Не, гэта не слёзы, бо пасля ўсяго перажытага ім гора іх не стала ў Міколы Мятліцкага. Гэта, толькі цяпер я зразумела, быў боль за такіх, як я: дзяцей, якіх адарвалі ад радзімнага карэння і яны былі вымушаны ўзрастаць на новай, не сваёй глебе…

Мікола Мятліцкі сонцачалавек? Безумоўна, так. На працягу свайго жыцця дзядзька Мікола саграваў і свяціў усім: некаму словам, іншаму парадай, мог прыкрыкнуць і пажартаваць, а мог цэлымі днямі быць у сваіх уласных думках… І думкі гэтыя праз некаторы час з’яўляліся на паперы, а пасля “ўрываліся” ў чарговы зборнік вершаў і паэм, каб мы ўсё памяталі і цанілі тое, што ўжо знікла… А знікла і знікае сёння многае…

2

Што дапамагае пісьменніку пісаць? З чаго ён бярэ сваё натхненне?

Увесь час, чамусьці, мне думалася, што сапраўдны творца чэрпае сваё натхненне з таго, на чым ён працуе… Заўжды здавалася: вось сядае ён за камп’ютар, бярэ чароўную ручку, блакнот і… Пачаўся цуд! Сказы і словы самі імкнуцца на экран, пальцы бегаюць па клавіятуры, ты друкуеш, пішаш і баішся, што згубіш думку…

Збоку здавалася, што майму дзядзьку Міколу было лёгка і па-сапраўднаму проста тварыць. Я думала, што яму дапамагала ствараць вершы яго яшчэ савецкая пішучая машынка. Так, менавіта яна. Была пераканана, што ў ёй, машынцы, схаваны талент і самае галоўнае – ідэі: пра што і як пісаць (нездарма ж нас, малых, не дапускалі да яе). З захапленнем назірала, як дзядзька садзіцца ў сваё “пісьменніцкае” крэсла, устаўляе аркуш паперы і пачынае стукаць (менавіта стукаць, гэты стук я і зараз чую, калі ўспамінаю яго), папраўляць закладзеныя лісткі, усміхацца, нешта шаптаць… У гэты самы час Мікола Мятліцкі не заўважаў часу. На яго стале з’яўляліся невялікія шматкі паперы, нейкія запісы, а пасля такі прыемны шоргат лістоў, перакладзеных капіркай, што вымаліся з пішучай машынкі, і… лісты з творам. Яго дзядзька адкладваў убок і пачынаў зноў біць па літарах. Праца ішла шпарка. Ствараўся чарговы твор. І ўвесь час, калі я назірала за гэтым цудам, мне так хацелася мець гэтую прывабную машынку. Здавалася, калі я толькі сяду на “пісьменніцкае” крэсла і проста дакрануся да машынкі, я буду – як мой дзядзька, я абавязкова ствару нешта патрэбнае людзям, мяне будуць ведаць, мае творы будуць чытаць, я буду рабіць такі сур’ёзны выгляд, як і дзядзька.

І вось надышоў “зорны” час. Мне дазволілі падысці да рабочага месца пісьменніка. Хвіліна-другая, і я сяджу ў “пісьменніцкім” крэсле. Проста сяджу і азіраюся, хачу зразумець, чаму гэта месца такое ўлюбёнае для дзядзькі. І вось позірк падае на пішучую машынку. Хваляванне… Але я ўжо ў думках сапраўдны пісьменнік і надрукавала першую кнігу, раздаю аўтографы…

Разглядаю гэтую прыладу, якая ў тры разы старэйшая за мяне, і думаю: дзе ж схаваныя талент і ідэі. Спрабую падняць яе, але нічога не паказваецца. Тады я праводжу сваімі пальчыкамі па літарах: мо там што схавана… Нічога. Апошняя спроба: бяру ліст паперы, устаўляю ў машынку і чакаю… Нічога. Не разумею, чаму нічога не ідзе ў галаву, дзе маё натхненне і вершы… Так праходзіць хвілін пяць-дзесяць… Нічога. Я доўга сядзела, чакала, спрабавала гэтак жа стукаць, але нічога. І ўжо амаль плакала, калі даставала з машынкі свой ліст, на якім быў не твор, а нешта ўсяго на два-тры словы. Я была ў разгубленасці, дзе ж, дзе ж яно ўсё?! Чаму ў дзядзькі з такой лёгкасцю ўсё атрымліваецца, а ў мяне нічога…

У той самы момант, калі я выцірала слёзы недаўмення і злосці, у пакой увайшоў дзядзька Мікола. Ён, як заўжды, нешта сабе мармытаў пад нос. І тут ён убачыў мяне, такую заплаканую і спалоханую адначасова (не дай Бог зайсці ў гэты пакой без дазволу!).

– Што здарылася, Веранічка? – спытаў дзядзька, падыходзячы да мяне.

– Не піша, – ўжо плачучы, ледзь чутна шаптала я. – І так сядала, і рабіла сур’ёзны выгляд, і доўга думала…

– І не пішацца, – на жарт перайшоў дзядзька.

– Нават і не думаецца, – выпаліла я.

– Ану, саступі месца любімаму дзядзьку, – прагаварыў ён. – Я табе нешта пакажу.

– Што?

– У мяне ідэя, – не даў адказу дзядзька. – Давай напішам верш разам.

– Верш?! Разам?! – недаверліва сцішылася я. – А так можна? І машынка будзе друкаваць?

– Будзе.

І вось я сяджу ў дзядзькі на каленях, яшчэ заплаканая, але такая шчаслівая, што зараз мы напішам верш.

– Міколу Мятліцкаму сорак год… – пачаў дзядзька.

– І вершы ён піша нібыта Бог… – працягнула я.

– Ну, мне яшчэ далёка да гэтага, – шчыра, смеючыся, адказаў дзядзька. – Вершы ідуць знутры, ад цябе самога.

І тут я не стрымалася, заплакала наўзрыд і плакала такімі горкімі слязамі.

– У мяне нічога і ніколі не атрымаецца, – шморгаючы носам, прашаптала я. – Мне так далёка да ўсяго гэтага.

– Чаму ж, – моцна абняў мяне дзядзька і працягнуў лагодна: – Ты нават і не ведаеш, як блізка да ўсяго гэтага. Ты паглядзі, мы ж пачалі разам верш пісаць. Значыць, будзе і працяг…

Не памятаю, як доўга мы так прасядзелі за савецкай пішучай машынкай на “пісьменніцкім” крэсле, але выйшлі мы разам з тым самым шчаслівым лісточкам з творам.

У той вечар быў напісаны ці не самы галоўны твор для мяне, які навучыў мяне бачыць і разумець, што талент і ідэі ёсць у кожнага чалавека. І не важна, на чым ты сядзіш, чым пішаш, галоўнае – слухаць, чуць і быць пачутым…

Акуліч (Мятліцкая) Вераніка Сяргееўна – пляменніца М. М. Мятліцкага, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Майсееўскай базавай школы Акцябрскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *