Адкрытае свята народных традыцый “КРЫНІЦЫ-ФЭСТ” упершыню прайшло ў горадзе Калінкавічы

Бацькаўшчына Культура Общество

Адкрытае свята народных традыцый “КРЫНІЦЫ-ФЭСТ” упершыню прайшло ў горадзе Калінкавічы і сабрала ў раённым Доме культуры творчыя калектывы з усiх куточкаў Беларусi. Усяго – больш за тры з паловай сотні ўдзельнікаў з Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і сталіцы рэспублікі, узрост якіх вар’іраваўся ад 7 да 86 гадоў. Яскрава выступілі на свяце і паказалі сваё майстэрства прадстаўнікі Акцябрскага раёна, вынікі творчых спаборніцтваў у розных узроставых катэгорыях прыйшлі некалькі дзен таму. Дыпломы ўдзельнікаў, лаўрэатаў, дыпламантаў І, ІІ і ІІІ ступеняў – спіс узнагарод, якія сваім майстэрствам заваявалі нашы землякі. Дарэчы, у суседні раён паказаць сябе і на другіх паглядзець паехлі як юныя ўдзельнікі фальклорных калектываў, так і дарослыя, і нават пажылыя танцоры і спевакі. Сцэна адкрытага свята народных традыцый шчыра прымала сапраўдных прыхільнікаў народнай творчасці, якія спачатку прайшлі дыстанцыйныя адборачныя туры. Яны праходзілі па некалькіх намінацых: адкрытага конкурсу фальклору “Фолк-Фэст”, ХІ абласнога конкурсу выканаўцаў народных бытавых танцаў “Танц-Фэст “Вытокі”, адкрытай выставы выданняў па народных традыцыях “Ключы-Фэст”. Пасля адборачнага тура народныя артысты з Акцябрскага раёна, якія прадсатўлялі свае клубныя ўстановы і калектывы адправіліся ў Калінкавічы.
На працягу 9 гадзін яны ўдзельнічалі ў конкурсных праграмах: пелі, танчылі, дэманстравалі матэрыялы і выданні па народных традыцыях, якія былі назапашаны напрацягу шматгадовай працы. Адкрыў свята конкурс фальклору “ФОЛК-ФЭСТ”, на якім удзельнікі прадставілі абрадавыя і пазаабрадавыя песні сваёй мясцовасці, карагоды, танцы, скокі і прыпеўкі, інструментальную музыку, паданні, прымаўкі, байкі і легенды. Акцябрскі раён у гэтым конкурсе прадстаўлялі ўдзельнікі творчых калектываў з сельскіх клубных устаноў і аўтаклуба. Так, Зінаіда Забалоцкіх з Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата ў катэгорыі “спевы” і “салісты” у сваёй ўзроставай групе. У гэтай жа катэгорыі Дыпломам І ступені была адзначана Надзея Повар з Гацкага сельскага дома культуры. У намінацыі “спевы” і “ансамблі” Дыплом ІІ ступені атрымаў аўтэнтычны фальклорны гурт “Купалінка” з Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці. Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “спевы” і “салісты” заваявалі Марыя Барысенка і Мая Шпак, якія прадстаўлялі сектар па абслугоўванню насельніцтва. Сертыфікатамі ўдзельнікаў адзначаны аўтэнтычны фальклорны гурт “Шчадрухі” Забалацкага сельскага клуба.
ХІ абласны конкурс выканаўцаў народных бытавых танцаў «ТАНЦ-ФЭСТ «Вытокі» праходзіў у 5 ўзроставых катэгорыях. “Лявоніха”, “Кракавяк”, “Базар”, “Мікіта”, “Каробачка”, “Падыспань”, «Полька» – гэтыя танцы пакінулі нам у спадчыну нашы продкі. Іх выконвалі на сцэне дома культуры дзіцячыя і юнацкія танцавальныя пары, моладзь, культработнікі, носьбіты танцавальнага фальклору амаль з усіх раёнаў Гомельшчыны.
Жыхары Акцябрскага раёна таксама ёсць сярод пераможцамі гэтага танцавальнага конкурсу. Так, Дыплом ІІ ступені атрымалі ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Аляксей Макееў і Кіра Шэйка, Дыпломы ІІІ ступені – у Ўладзіслава Сівака і Дар’і Ільенка, якія прадстаўлялі Акцябрскую раённую гімназію, у Данілы Філіповіча і Анастасіі Яфрэмавай з “Рудабельскіх Зорачак”, Леаніда Шчэрбін і Вікторыі Драпеза з Валосавіцкага сельскага дома народнай творчасці. Сертыфікатамі ўдзельнікаў конкурсу “Танц-Фэст “Вытокі” адзначаны прадстаўнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Алег Цяцера і Папроцкая Яна, Дзмітрый Гапоненка і Дамініка Каленік, а таксама удзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Некрашынка” Мацвей Чудзінаў і Улада Драпеза і ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Цярэшкавы Шчодрыкі” Максім Ліхашапка і Дар’я Стукава.
Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна атрымаў сертыфікат за ўдзел у адкрытай выставе выданняў па народных традыцыях “Ключы-Фэст”.
Як адзначалі арганізатары мерапрыемства, свята садзейнічала аднаўленню, захаванню і пераемнасці традыцыйнага спеўнага і танцавальнага мастацтва Беларусі, далучэнню маладога пакалення да нацыянальнай культурнай спадчыны. Яно прадэманстравала самыя прыгожыя і яскравыя напрамкі традыцыйнай народнай культуры.
“КРЫНІЦЫ-ФЭСТ” стаў сапраўдным калейдаскопам творчасці, скарбніцай талентаў, народнай мудрасці, культурнай спадчыны. Гэта ж наша, роднае, народнае.
Ірына Ляшкова. Фотаздымкі прадстаўлены цэнтрам культурна дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *