Іх ручная праца літаральна выратоўвала сельгасвытворчасць

Сельское хозяйство Человек и его дело

Распачаты новы год адметны ўласнымі юбілеямі для мужа і жонкі Ціхана Аляксандравіча і Соф’і Васільеўны Сацураў з вёскі Лаўстыкі,якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы.

Такое прозвішча спрадвеку было самае распаўсюджанае ў Навасёлках Хойніцкага раёна – Сацуры жылі ці не праз хату адзін ад аднаго па ўсёй вёсцы. Некалі буйны і прыгожы населены пункт прама на шашы ад райцэнтра да рачной прыстані Ламачы на паўнаводнай Прыпяці сёння практычна не існуе – там лічаныя жыхары, многія дамы знесены ці пахаваны. Заняпад пачаўся адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знаходзячыся ў зоне радыёактыўнага забруджвання, Навасёлкі падлягалі частковаму высяленню. Так яно паступова і адбывалася. Напрыклад, Ціхан і Соф’я Сацуры трапілі пад апошнюю масавую хвалю перасялення ў 1994 годзе і назаўсёды пакінулі родныя мясціны.

Іх дзяцінства выпала на цяжкія пасляваенныя гады. Тады, асабліва на вёсцы, і малым, і тым, хто старэй, было не да забаў – з самых ранніх гадоў усе працавалі на зямлі, аднаўлялі разбураную пасля фашысцкай акупацыі народную гаспадарку. Тым, хто з самых бяднейшых, было і не да вучобы ў школе: скончыў 5 ці 6 класаў — і ў калгас. Так Ціхан Сацура з Навасёлкаў з 12-ці гадоў пасвіў грамадскія статкі свіней і кароў. Яго аднавяскоўка Соня і таксама па прозвішчы Сацура шасцікласніцай падалася ў калгасную брыгаду і працавала ад зары да зары нараўне з дарослымі. Што ж было рабіць: яна пятая ў сям’і,  а бацька – інвалід. Тэхнікі тады амаль не было, асноўнае рабілі ўручную – і касілі, і аралі за коньмі, і каласавыя жалі сярпамі, не гаворачы пра бульбу і караняплоды. Многія гаспадаркі на працягу нават некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў трымаліся ў асноўным сіламі паляводчых брыгад. Гэта зараз прадстаўнікоў прафесіі палявода ў большасці нашых сельгасарганізацый ужо не сустрэнеш – патрэба ў іх у сувязі з механізацыяй і тэхнічным прагрэсам у раслінаводчай галіне, можна сказаць, адпала. Аднак дзе-нідзе і зараз такія працаўнікі былі б вельмі запатрабаваны…

Паляводству прысвяцілі амаль усё сваё працоўнае жыццё і героі нашага расказа. Ціхан і Соф’я, стварыўшыя сям’ю ў далёкім 1963 годзе, жылі ў родных Навасёлках, працавалі доўгі час разам ў брыгадзе калгаса імя ХХІ з’езда КПСС. Стараліся, ды яшчэ як! Асабліва гаспадыня, якой не было роўных на многіх работах у раслінаводстве. А ў перадчарнобыльскім 1985 годзе Соф’я Васільеўна за высокія дасягнутыя паказчыкі, поспехі ў народнай гаспадарцы была ўдастоена пачэснай узнагароды – бронзавага медаля ВДНГ СССР (такі маюць толькі адзінкі сельскіх працаўнікоў нашага раёна). Уручалі яго, праўда, не ў Маскве, а ў Хойніках на раённай нарадзе перадавікоў. Так дзяржава высока ацаніла працу лепшай калгасніцы з Навасёлак, якая ў той год вырасціла і сабрала рэкордны ўраджай кармавых буракоў (іх ураджайнасць дасягала 1000 цэнтнераў з гектара), выцярабіла шмат лёну, прызнанага высокім – першым – нумарам. Шчыраваў і глава сям’і, у распараджэнні якога быў конь з фурманкай – на падвозе кармоў, нарыхтоўцы дроў, апрацоўцы ўласных сотак, на ўборцы бульбы дзядзька Ціхан быў, можна сказаць, незамянімы. Сведчаннем яго добрасумленнай працы – шматлікія граматы і падзякі, якія да сённяшняга часу беражліва захоўваюцца ў гаспадара.

І Ціхан Аляксандравіч, і Соф’я Васільеўна не вельмі вядомыя шырокаму колу акцябрычан. Пераехалі яны ў наш раён, а дакладней, у вёску Лаўстыкі ў 1994 годзе разам з іншымі перасяленцамі з пацярпелых ад радыяцыі мясцін і ўжо ў немаладым узросце. Паступова абжываліся на новым месцы, сталі ладзіць гаспадарку, толькі каровы не трымалі. З буронкамі ж мелі справу непасрэдна па рабоце: Соф’я Васільеўна ля 7 гадоў адпрацавала даяркай на лаўстыцкай ферме, часова рабіла і на свінарніку (вопыт свінаркі ў яе быў яшчэ з навасёлкаўскага калгаса), выконвала свае нялёгкія абавязкі шчыра, з душою. Ціхан Аляксандравіч таксама быў побач – працаваў дзённым вартаўніком на гэтай жа МТФ, даводзілася калі-нікалі і жывёлу карміць, і расцёлы прымаць – гэта ўжо часцей у адсутнасць іншых жывёлаводаў. Запатрабаваны былі  муж і жонка Сацуры як дбайныя гаспадары і вопытныя паляводы і пасля свайго выхаду на пенсію. У складзе паляводчай брыгады яны праявілі сябе, асабліва Соф’я Васільеўна (глава сям’і тады часта хварэў), на закладцы і пераборцы буртоў з бульбай. Перасяленцы ўпарта вучылі мясцовых (тыя спачатку супраціўляліся, рабілі па-свойму, а потым “здаліся”), як правільна закладваць клубні, фарміраваць бурт, абсталёўваць ў ім “душнікі”, каб бульба дыхала і не псавалася. Па тэхналогіі Сацураў, калі яе вытрымлівалі, ураджай да вясны захоўваўся выдатна. Таму тагачаснае кіраўніцтва саўгаса “Акцябрскі” высока цаніла такіх старанных і адказных работнікаў, як перасяленцы з Хойнікшчыны.

Ціхан Аляксандравіч і Соф’я Васільеўна зараз звычайныя вясковыя пенсіянеры. Па меры магчымасцяў завіхаюцца на прысядзібным участку, а так больш у хаце ля тэлевізара. Цяжкая праца на зямлі з маладых гадоў усё ж такі дае аб сабе знаць – здароўе абодвух парою падводзіць. Аднак бадзёрасці духу не губляюць. Вельмі ганарацца сваім сямейным багаццем – у старэйшых Сацураў тры дачкі (Кацярына жыве ў Светлагорску, Валянціна – на Брэстчыне, у Івацэвіцкім раёне, Наталля – гамяльчанка), шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Усе яны – самыя жаданыя госці ў іх дагледжанай вясковай хаце.

Вяртаючыся да юбілеяў, аб чым нагадваецца спачатку, трэба зазначыць, што да іх маюць непасрэднае дачыненне абодва нашых паважаных людзей. Так, на мінулым тыдні, а дакладней, 17 студзеня 80-годдзе справіў Ціхан Аляксандравіч, Соф’і Васільеўне ў ліпені будзе 75. Да таго ж летась споўнілася чвэрць стагоддзя, як сям’я Сацураў улілася ў лік пастаянных жыхароў Акцябршчыны, якая за гэта час стала для іх другой малай радзімай. Хочацца пажадаць шчырым ветэранам працы і надалей здароўя, даўгалецця, бадзёрасці і аптымізму, шчасця і дабрабыту ім і іх родным.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.          



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *