Вітаем цябе, «Берагіня»!

Общество

Светлов1

Шаноўныя сябры! Сардэчна вітаю вас з нагоды правядзення чарговага Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Гэта адзін з адметнейшых і цікавейшых фестываляў, які яскрава сведчыць аб багацці і разнастайнасці беларускай народнай музычнай, спеўнай, танцавальнай спадчыны і які збірае навукоўцаў, спецыялістаў, знаўцаў і аматараў фальклору  з многіх краін свету.  Поспех фестывалю забяспечваюць прафесіяналізм арганізатараў і экспертаў, зацікаўленасць удзельнікаў, святочная атмасфера, створаная ў легендарнай Рудабельшчыне, добра захаваныя народныя традыцыі рэгіёна, гасціннасць і шчырасць гаспадароў.

“Берагіня” аб’ядноўвае асноўныя і найбольш грунтоўныя накірункі нацыянальнага фальклору, традыцый і рамёстваў, дэманструе ўнікальнасць і ўсеахопнасць народнай  творчасці, мастацкі густ і яскравы тэмперамент выканаўцаў, беражлівыя адносіны да аўтэнтычнага матэрыялу і спадчыны  свайго народу.

Сёлета фестываль праходзіць пад эгідай ЮНЕСКА ў рамках Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што сведчыць аб даверы і прызнанні  гэтай уплывовай  міжнароднай арганізацыяй аўтарытэту фестывалю “Берагіня”, яго значнасці ў  справе адраджэння, захавання і папулярызацыі традыцыйнага мастацтва.

Выказваю падзяку кожнаму з удзельнікаў фестывалю за шчодры талент, адданасць і вернасць народнай культуры і жадаю нязгаснага энтузіязму, радасці, міру, шчасця, здароўя і дабрабыту.

 Барыс Святлоў,

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь.  

 
    Довгало Ирина Викторовна-4325   

Паважаныя сябры!

Акцябршчына зноў гасцінна сустракае чарговы фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”.   Фальклор быў і застаецца невычарпальнай  крыніцай гэтага краю.

На фестываль сабраліся ўдзельнікі з усіх абласцей  Беларусі, якія прыехалі паказаць адметнасць культурнай спадчыны свайго рэгіёну. Мы вітаем гасцей з Польшчы, Літвы, Расіі, Чэхіі, Сербіі. Зберагчы народныя традыцыі, паказаць іх унікальнасць не толькі для беларускай, але і сусветнай культуры — прызначэнне і місія  «Берагіні». У прыемным духу спаборніцтва нараджаюцца сяброўства, пераемнасць, апантанасць.

Адметнасць фестывалю “Берагіня” ў яго  навукова-абгрунтаванай канцэпцыі, якая  найлепшым чынам адпавядае самой назве “Берагіня”. Ён будуецца на прынцыпе этнапедагогікі і з’яўляецца эталонам падыходаў да захавання і паказу розных відаў і праяў культурнай спадчыны. Агульначалавечыя каштоўнасці,  закладзеныя  ў народных прынцыпах  выхавання і культуры, складаюць аснову дзяржаўнай ідэалогіі краіны.

Сёлетні  фестываль праходзіць у Год культуры. Няхай жа ён спрыяе выхаванню духоўных ідэалаў маладога  пакалення, садзейнічае  фарміраванню патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, асноў маральнасці, этыкі.

Жадаю ўсім прыемнага святочнага настрою, сяброўства, добрых і прыемных уражанняў ад фестывалю.

Ірына Даўгала,

начальнік Галоўнага

ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры

і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.

Глушко

Шаноўныя сябры,

госці, удзельнікі фестывалю, жыхары г.п. Акцябрскі!

Шчыра вітаю вас на нашай шчодрай і багатай на таленты зямлі!

У дзявяты раз Акцябрскі раён становіцца творчай пляцоўкай для правядзення Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня“. Гасцінная акцябрская зямля была і застаецца краем самабытнай народнай культуры, невычарпальнай крыніцай народнага мастацтва. За сваю шматвяковую гісторыю наш народ стварыў багацейшыя вусна-паэтычныя скарбы, выпрацаваў цікавыя культурныя традыцыі, пакінуў нашчадкам каштоўную духоўную спадчыну.

На сучасным этапе не толькі эканамічнае стаўленне павінна быць галоўным у пабудове моцнай дзяржавы,  але і духоўны складнік, які стане падмуркам далейшым поспехам і перамогам.  Невыпадкова Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка абвясціў гэты год Годам культуры, галоўныя мэты якога – падтрымка творчых ініцыятыў у захаванні гісторыка-культурнай спадчыны,  выхаванні ў падрастаючага пакалення любові і павагі да сваёй Радзімы. Менавіта “Берагіня” гэтаму і садзейнічае.

Нам удвая прыемна сёлета прымаць у нашым раёне прадстаўнікоў традыцыйнай культуры не толькі Беларусі, але і замежных гасцей  з Расіі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Сербіі.

Арганізатары фестывалю стварылі ўсе ўмовы, каб ён прайшоў на высокім арганізацыйна-творчым узроўні, каб і госці, і ўдзельнікі адчувалі сябе на нашай зямлі камфортна і ўтульна, каб яшчэ не раз ім хацелася прыехаць у наш край.

Няхай жа на працягу гэтых фестывальных дзён ярка свеціць Сонца, лунае Дабро, Шчырасць, Творчасць і Сяброўства!

У добры шлях, “Берагіня”!

Руслан Глушко,

старшыня Акцябрскага райвыканкама.

111Гілеп

Шаноўныя сябры!

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды правядзення традыцыйнага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Фестываль «Берагіня» павінен быў нарадзіцца менавіта ў гэты гістарычны час – на памежжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. І моладзевая прызначанасць яго, скіраванасць на новае пакаленне беларусаў – таксама невыпадковасць, дакладней, гістарычная накіраванасць на новае, яшчэ неакрэсленае будучае тысячагоддзе.

Я хачу, каб усе паверылі, што фестываль «Берагіня» – гэта не забаўкі для дзяцей, не шараговае відовішча для турыстаў. Я асабіста бачу, як у віхуры народнага танца, той жа «Лявоніхі», у выкананні дзіцячых калектываў заварваецца народная еднасць, моцны характар, вернасць бацькоўскім традыцыям і, як вынік, любоў да Радзімы. Каб усё гэта не было знішчана, і нарадзілася «Берагіня», нарадзілася тады, калі ўзнікла сур’ёзная занепакоенасць неабыякавых людзей лёсам Бацькаўшчыны і яе культуры.

Яе нараджэнне – гэта не проста вынаходніцтва аднаго чалавека, нават такога душою адданага народнай культуры, як Мікалай Аляксеевіч Козенка.

Яна, «Берагіня», нарадзілася для таго, каб не знікла повязь пакаленняў, вякоў і тысячагоддзяў беларускай народнай культуры, каб яе дасягненні не зніклі ў чадзе і брудзе новага тысячагоддзя, яго «культурнага феномена».

Назіранне за фестывалем, яго конкурснымі праграмамі на працягу 17 гадоў існавання дае падставу лічыць яго з’яваю, якую ўжо пара асэнсаваць шырокім колам навукоўцаў, ды і не толькі тымі, хто працуе ў галіне народнай творчасці. Павінны таксама да гэтай з’явы пранікнуцца значна большай увагай кіраўнікі ўстаноў, арганізацый культуры, адукацыі, навукі, верхнія эшалоны ўлады.

Няхай жа дойдзе нашая шчырая ўдзячнасць да арганізатараў фестывалю, кіраўнікоў шматлікіх калектываў-удзельнікаў, да кожнага юнага танцора, спевака, народнага ўмельца – да ўсіх, хто верыць у неўміручасць беларускай народнай культуры.

Любіце, шануйце «Берагіню» – гэтае дасягненне ХХІ стагоддзя, падтрымлівайце, аберагайце «Берагіню» так, як яна аберагае нас і нашу сапраўдную культуру.

Уладзімір Гілеп,

старшыня грамадскага

аб’яднання «Беларускі фонд культуры».

111Рашчынскі

 

Вялікім патрыётам Беларусі

Шчыра вітаю ўдзельнікаў фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня!” Маё шанаванне журы, ад працы якога залежыць далейшы творчы лёс дзяцей і моладзі – сапраўдных носьбітаў нацыянальнай беларускай культуры.

Гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Як вядома, культуры пазанацыянальнай не бывае, яна бывае толькі нацыянальнай, і таму яна ў розных народаў – розная. Безнацыянальным бывае толькі бескультур’е, і таму яно ва ўсіх народаў – аднолькавае. Слова “культура” перакладаецца як “земляробства”, “апрацоўка”. Не эканоміка з’яўляецца рухавіком культуры, а, менавіта, культура з’яўляецца рухавіком эканомікі. Таму авалоданне народам багаццем нацыянальнай культуры, духоўнай спадчынай з’яўляецца залогам эканамічнай бяспекі краіны.

З той пары, калі першабытны чалавек намаляваў у пячоры першыя малюнкі дагістарычных жывёлін, і пачалася “апрацоўка”, “шліфоўка” душы чалавецтва. Сёння нават нельга і ўявіць сабе, што б адбылося з чалавецтвам, калі б людзі не пачалі тварыць культуру, адначасова творачы, ствараючы сваю душу. У выніку развіцця культур розных народаў, кожная з якіх фарміравалася на роднай мове, мы сёння, на нашай планеце, маем цэлае суквецце розных культур і моў – ад тэмпераментных культур паўднёвых народаў да стрыманых, разважлівых культур паўночных. І гэта вельмі цікава! У гэтым суквецці сусветных культур беларуская нацыянальная культура займае сваё ганаровае, пачэснае месца. Сёння мы маем багацейшы фальклор, у якім адлюстраваўся рознабаковы характар беларусаў.

Мне пашчасціла некалькі разоў працаваць у складзе журы гэтага фестывалю, і я скажу, што з кожным разам гэтае свята станавілася больш і больш цікавым, набывала большыя маштабы, здзіўляла свежымі формамі правядзення яго і асабліва – высокім якасным узроўнем саміх удзельнікаў у розных намінацыях.

Дарагія ўдзельнікі фестывалю! У цяперашні нялёгкі, выпрабавальны для Беларусі час, у век суцэльнага нацыянальнага нігілізму і знявер’я, вы не спакусіліся на лёгкую нажыўку безнацыянальнай пошасці, а абралі нялёгкі, а таму і вельмі патрэбны для нашай краіны шлях засваення роднай культуры. Вы сваімі творчымі дасягненнямі, у нейкім сэнсе, паўтараеце культурніцкі подзвіг нашых продкаў, якія ў нялёгкія для нашай гісторыі часы надавалі належную ўвагу не толькі матэрыяльным каштоўнасцям, але і духоўным. Ужо цяпер, несумненна, бачны рэальны вынік таго, што вы робіце. Сваімі творчымі пошукамі і дасягненнямі, сваімі выступамі на сцэне вы несяце беларускім слухачам і гледачам праўду аб вялікай нацыянальнай культурнай спадчыне беларускага народа, і таму я вас ніколі не назаву “маленькімі выканаўцамі фальклору”, я ўжо цяпер называю вас вялікімі патрыётамі нашай Айчыны!

Песню можна пачуць вушамі, танец убачыць вачыма. Дух вашых выступаў успрымаецца душой кожнага беларуса, і душы беларусаў, пры гэтым, прыўздымаюцца, мацуюцца, радуюцца, святкуюць, становяцца больш беларускімі, аб’ядноўваюцца ў адну душу, адно цэлае, імя якому – народ, нацыя. Вы несяце нашаму народу сапраўдную радасць, свята і шчасце!

Віншую ўсіх беларусаў з чарговым усенародным святам “Берагіня”! Жадаю ўсім удзельнікам фестывалю пільна прытрымлівацца рэгламенту, ад выканання якога залежыць ваш поспех. І не бойцеся імправізацыі, яна – аснова фальклору. Імправізацыя – гэта свабода, а без свабоды няма сапраўднай творчасці.

Няхай жа Божа беражэ вас і ўсю краіну!

 Паклоннік вашага таленту

 Алесь Рашчынскі, кампазітар.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *