Падведзены вынікі абласнога літаратурнага конкурсу «МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ”

Культура

 

 

Нямала сюрпрызаў для сваіх матуль падрыхтавалі да 8 Сакавіка вучні агульнаадукацыйных школ, устаноў адукацыі новага тыпу, навучэнцы ПТВ, каледжаў і студэнты ВНУ.

–  Але ж відавочна, калі ў жаночае свята сваім родным яны прачытаюць верш, які напісалі самастойна, а гэты твор напярэдадні быў ацэнены майстрамі мастацкага слова, ды яшчэ прадэманструюць адпаведны дыплом, які засведчыць, што сын альбо дачка сталі лаўрэатамі абласнога літаратурнага конкурсу “МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ”, у кожным доме, перакананы, сапраўды стане болей сонца і радасці, і маці будуць ганарыцца сваімі дзецьмі,  – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч на падвядзенні вынікаў творчага спаборніцтва. – І хто ведае, можа недзе ў палескай глыбінцы альбо ў сэрцы горада над Сожам вырасце ў выніку сапраўдны талент, які сагрэты мацярынскай любоўю і ўвагай да яго першых паэтычных спроб з боку прафесійных літаратараў.

Як паведаміў У.Гаўрыловіч СМІ рэгіёна, у творчым спаборніцтве, якое ладзілася на працягу месяца з 1 лютага па 1 сакавіка 2017 года, лаўрэатамі сталі: Уладзіслаў Сузько, навучэнец Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў – 1 месца; Каваленка Вікторыя, навучэнка 2 курса Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя – 2 месца; Слышнова Ксенія, вучаніца  1 класа ДУА “Гімназія №36 г. Гомеля ім. І.Мележа,  – 2 месца; Віктар Капітан, навучэнец Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў – 3 месца, Ражкова Ганна, вучаніца 4 “Б” класа ДУА “Лельчыцкая раённая гімназія”– 3 месца.

Заахвочвальнымі дыпломамі аргкамітэту адзначаны юныя аўтары: Алена Калейнік (Гомель), Мурадзян Ангеліна (Гомель), Данілейка Уладзімір (Глушкавічы Лельчыцкага раёна), Арцёмава Валерыя (Гомель), Лузан Данііл (Гомель).  Спецыяльны дыплом конкурсу прысуджаны Фёдару Буселу (Гомель).

Літаратурны конкурс «МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ”, які заснавала і праводзіла Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, меў мэтай выяўленне  і падтрымку маладых таленавітых  аўтараў Гомельшчыны, пошук твораў, якія адлюстроўваюць сучасную рэчаіснасць і прысвечаны Маці.   У  ім прымалі  ўдзел вучні агульнаадукацыйных школ, устаноў адукацыі новага тыпу, навучэнцы ПТВ, каледжаў, студэнты ВНУ, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Як адзначыў старшыня Гомельскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Ул. Гаўрыловіч, узнагароды лаўрэатам будуць перарадзены праз упраўленне адукацыі ва ўстановы адукацыі па месцы вучобы.

Да таго ж  асобныя з юных аматараў слова могуць быць запрошаны для ўдзелу ў майстар-класах, што будуць арганізаваны сёлета ў  рамках Першага абласнога Форуму маладых літаратараў Гомельшчыны. Так сёлета пісьменніцкай арганізацыяй вобласці  Форум будзе праведзены ўпершыню для пачынаючых аўтараў  з 15 да 35 гадоў ( вершы, паэтычныя падборкі да 3 тыс. знакаў,  малая проза (апавяданні) – да 10 тыс. знакаў з прабеламі, дзіцячая літаратара (казкі, вершы, апавяданні) – да 10 тыс знакаў)  дасылаюцца на Форум да 30 мая 2017 года самімі аўтарамі, ці, з іх згоды, пісьменнікамі, літкрытыкамі, рэдактарамі літаратурных часопісаў, выдавецтваў, газет, літагентамі, творчымі арганізацыямі, бібліятэкамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, ВНУ з  паметкай  “Для ўдзелу ў Першым Форуме маладых літаратараў Гомельшчыны” па электроннай пошце: konkursgomelspb2018@yandex.ru.

Так што паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве ёсць магчымасць у многіх школьнікаў, студэнтаў і дарослых, а ў выніку магчыма перамагчы і атрымаць сваю першую кнігу з рук прафесійных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Адначасова віншуем лаўрэатаў конкурсу «МАЯ МАТУЛЯ – СОНЦА НА ЗЯМЛІ” з творчай перамогай і іх матуль з цудоўным вясеннім святам!

 

Дзяніс Іваноў,

прэс-служба Гомельскага аддзялення СПБ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *