Жыве родная мова

Культура

Штогод у першую нядзелю верасня наша рэспубліка адзначае Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята сімвалізуе непарушнае адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі народа, яго цесную сувязь са славянскімі вытокамі і азначае даніну павагі продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.
За час свайго існавання гэты дзень стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Ён дае выдатную магчымасць паказаць багацце культурнай спадчыны народа. Беларусам ёсць чым ганарыцца — наша пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі. Без сумнення, асветнікі беларускага народа — фігуры еўрапейскага маштабу. Гэта і Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў эпохі Адраджэння. Гэта і Кірыла Тураўскі, які пакінуў нам паэтычнае «Слово о премудрости». Не менш вядомыя таксама Еўфрасіння Полацкая — падзвіжніца, якая аддала перавагу мёду нябеснай мудрасці перад золатам княжацкай славы, Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.
Не выпадкова і тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура – тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства. Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню яно праходзіла ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Быхаў, Шчучын, Хойнікі.
У гэтым годзе гасцей прымае горад Рагачоў Гомельскай вобласці. Аднак розныя тэматычныя мерапрыемствы госці фестывалю маглі наведаць ужо з 2 верасня. 12 тысяч гасцей з 12 краін прыедуць у 35-тысячны райцэнтр на вялікае літаратурнае свята.
Дзень беларускага пісьменства Рагачоў сустрэне 16 канцэртнымі пляцоўкамі. Галоўная тэматыка – літаратурная.Найбольш яскравыя моманты маючага адбыцца свята – спектакль «Пясняр» пра Уладзіміра Мулявіна і адкрыццё пастаянна дзеючай выставы «Па-сапраўднаму народны» пра жыццё і творчасць Андрэя Макаёнка. Усяго больш за 70 канцэртных праграм, семінараў, майстар-класаў, літаратурных падворкаў, квэстаў. Акрамя таго, будзе працаваць асобная творчая пляцоўка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Цэнтральнай падзеяй нацыянальнага форуму стане адкрыццё абноўленага Дома кнігі з кнігарняй «Першацвет». Гэта праект Міністэрства інфармацыі. Тут на паліцах з,явяцца новыя кнігі, надрукаваныя да свята.
Дарэчы, упершыню ў мерапрыемстве прымуць удзел дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа. Яшчэ адной навінкай свята стане творчая акцыя «Прывязі кнігу». Гасцям прапанавана прывезці ў падарунак бібліятэкам Рагачова любімае выданне. Арыгінальная ідэя, магчыма, у будучыні стане традыцыяй Дня беларускага пісьменства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *