Цудоўная навіна прыйшла напрыканцы сакавіка. Вучаніца 10 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова стала пераможцай заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У складаным інтэлектуальным спаборніцтве Дамініка атрымала Дыплом ІІІ ступені.
Эмоцыі не пакідаюць таленавітую гімназістку і яе настаўніцу Таццяну Сяргееўну Крэч. Яны шчыра падзяліліся сваімі ўражаннямі, а таксама тымі надзеямі, з якімі Дамініка ехала ў Магілёў. Менавіта ў гэтым абласным цэнтры праходзіла рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры. Дамініка расказала, з якіх этапаў складаецца спаборніцтва, з якімі цяжкасцямі яна сутыкнулася, які вялікі вопыт атрымала.
– Я ехала на алімпіяду з рашэннем, у першую чаргу, даказаць самой сабе, што магу быць лепшай сярод лепшых. А яшчэ я адчувала вялікую адказнасць перад Таццянай Сяргееўнай. Мне вельмі хацелася, каб яна парадавалася, каб усе нашыя напружаныя заняткі апраўдалі сабе. Я думала пра тое, што не павінна падвесці гімназію, свой раён і вобласць, – прызнаецца Дамініка.
Трэба адзначыць, што дзяўчынка ўвайшла ў каманду Гомельскай вобласці пасля бліскучай перамогі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Каманду моваведаў з 9-11 класаў Гомельшчыны складалі вучні гімназій і ліцэяў з Гомеля, Мазыра, Жлобіна, Рэчыцы і Светлагорска. Дамініка ўжо ведала гэтых хлопцаў і дзяўчат, паколькі разам з імі знаходзілася на зборах па падтрыхтоўцы да алімпіяды. Два разы па два тыдні каманда знаўцаў роднай мовы збіралася ў Гомелі, дзе з імі працавалі лепшыя выкладчыкі і настаўнікі. Можна толькі ўявіць, які цяжар адказнасці ляжаў на гэтых таленавітых хлопцах і дзяўчатах. Кожны з іх на рэспубліцы прадстаўляў сваю школу, свой раён і вобласць. І кожны з іх марыў атрымаць дыплом. Але ж такія ж мары мелі і іх сапернікі з другіх абласцей Беларусі і горада Мінска.
– Мы прыехалі ў Магілеў, і мне здавалася, што я адчуваю сябе спакойна, нават не хвалююся, – працягвае Дамініка. – Нас цудоўна сустрэлі, размясцілі ў інтэрнаце, адбылася прыгожая цырымонія адкрыцця алімпіяды, затым была экскурсія па горадзе. Але потым прыйшло разуменне, што ўжо заўтра адбудзецца першы тур алімпіяды і трэба максімальна добра напісаць водгук на літаратурны твор. Хваляванне было моцным, аднак неабходна было браць сябе ў рукі.
Дамініка расказала, што на напісанне водгуку даецца чатыры гадзіны. Быццам бы, шмат, але гэта толькі на першы погляд, паколькі патрэбна прыдумаць такі ўступ, каб ён зацікавіў членаў журы, абавязкова прывесці цытаты розных аўтараў, знайсці мастацкія сродкі выразнасці, ведаць кампазіцыю і гукапіс твора, параўнаць яго з іншымі творамі, прывесці прыклады падобных па тэматыцы, абавязкова зрабіць вывад і выказаць уласную думку. А яшчэ не забыць пра тэму, ідэю і праблему.
– Я пісала водгук на лірычную замалёўку Івана Мележа “Як памірае дрэва”. Гэта філасофскі твор, думак было шмат, пісаць водгукі я ўмела. Заставалася толькі выбраць такую форму, каб яна зацікавіла журы. Абавязкова работа павінна быть напісана граматна. Адзначу, што ў мяне не было ніводнай граматычнай памылкі, за што вялікі дзякуй Таццяне Сяргееўне. Агульны бал за водгук выйшаў даволі высокі, – дабаўляе Дамініка.
У сераду канкурсанты пісалі комплексную работу, у склад якой уваходзяць пытанні і па мове, і па літаратуры. Абавязкова ёсць творчае заданне, на выкананне якога дзяўчына патраціла цэлую гадзіну. Яно было прысвечана добраўпарадкаванню горада. Дзецям было патрэбна прыдумаць афармленне гарадской інфраструктры, абапіраючыся на твор беларускай літаратуры, скласці анатацыю, прывесці цытаты, патлумачыць, чым горад можа прыцягнуць жыхароў і гасцей, і шмат іншага.
Чацвер быў днём, калі ўдзельнікі маглі ўбачыць свае работы пасля праверкі членамі кампетэнтнага журы і падаць апеляцыю. І ўжо тады Дамініка зразумела, што яна атрымала высокі бал і можа разлічваць на дыплом. Засталося дачакацца пятніцы і цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў.
Трэба толькі ўявіць эмоцыі дзяцей, якія ўздымаліся на сцэну за дыпломамі, што даліся такой вялікай і напружанай працай. Шматчасавыя заняткі ў школе і дома, бяссонныя ночы, паездкі на зборы, хваляванні і вялікі эмацыянальны стрэс. Ці трэба было прайсці ўсё гэта? Дамініка і Таццяна Сяргееўна кажуць адназначна: трэба.
– Як я хвалююся за сваю дачку і за сваіх родных, так хвалявалася і за Дамініку. Мы размаўлялі з ёй кожны дзень па тэлефоне, за яе трымаў кулачкі ўвесь калектыў гімназіі. Я вельмі ўдзячна дырэктару Вікторыі Валер’еўне і яе намесніку Алене Аляксееўне за падтрымку, а таксама настаўнікам, якія разумелі гэтую адказнасць. Вялікі дзякуй родным Дамінікі за іх веру і любоў. Упэўнена, усе гэтыя людзі сваёй энергіяй дапамагалі нашай зорачцы. Але, канечне, яна сама вялікая малайчына. Мэтанакіраваная, працаздольная, таленавітая – на такіх дзяцей трэба раўняцца, – уступае ў размову Таццяна Сяргееўна.
Безумоўна, за любым дасягненнем вучня стаіць педагог, які змог захапіць і накіраваць. У Таццяны Сяргееўны вялікі вопыт падтрыхтоўкі вучняў да алімпіяды. Яна падзялілася методыкай поспеху:
– Трэба здолець разгледзець зорачак, у якіх зіхацяць вочкі, і павесці іх за сабой, дапамагчы расправіць крылы. Калі ўсталявалася еднасць паміж настаўнікам і вучнямі – поспех абавязкова прыйдзе. Яшчэ педагогу неабходна заўсёды трымаць руку на пульсе, аналізаваць папярэднія заданні, развіваць патэнцыял навучэнцаў. Хочацца падкрэсліць: у родным слове заключана душа народа, культурны код, патрыятызм і адзінства беларусаў. Мая Дамініка паказала якасную падрыхтоўку. Яна выдатна валодае мастацкім багаццем мовы і знаходзіць у ёй крыніцу натхнення.
Дома Дамініку сустракалі як сапраўдную зорку – з кветкамі, паветранымі шарамі і прысмакамі. Ганарыцца такой таленавітай дзяўчынай і ўвесь Акцябрскі раён. Жадаем ёй далейшых поспехаў і новых перамог!
Ірына ЛЯШКОВА.
Фота прадастаўлена Дамінікай Казловай.
