У вёсцы Слабодка пабывалі журналісты абласной газеты «Гомельская праўда»

Главное Общество

Вёсак з такой назвай вельмі багата на нашай зямлі. Але ж гэтая адметная тым, што знаходзіцца ў гераічным кутку Гомельшчыны, па якім асабліва жорстка прайшлася Вялікая Айчынная вайна. 

Вядома Слабодка з XVI стагоддзя. Па каралеўскай прывілеі Панятоўскага вёску ў 1775 годзе аддалі на паўвека абознаму М. С. Лапату. У 1795-м вёска Бабруйскага староства, былі гэтыя землі ў складзе Расійскай імперыі, а згодна перапісу 1897 года паселішча мела назву Качай-Балотная Слабодка, ім валодалі Вера Аненкава і Мікалай Бухарын. Гэтыя землі ў вёсцы і зараз называюць «купча». У 1870 го­дзе паселішча ў складзе Брожскай воласці Бабруйскага павета і прыпісана да мясцовай праваслаўнай царквы. Першая школа з’явілася тут у 1921 го­дзе, а ў 1929-м арганізавалі калгас. У перадваенным 1940 годзе ў Слабодцы было 80 двароў, жылі 350 чалавек. У Вялікую Айчынную вайну ў гэтым лясным краі актыўна дзейнічалі народныя мсціўцы, яны разбілі гарнізон акупантаў. У красавіку 1942 года карнікі спалілі 6 двароў і забілі 34 жыхароў. 24 вяскоўцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У 1944-м гітлераўцы стварылі ў вёсцы канц­лагер, у якім (па звестках кнігі «Памяць») утрымлівалі 300 чалавек, прымушалі ўзводзіць абарончыя збудаванні. У 1959 годзе вёска ў складзе калгаса імя Леніна, тут 374 жыхары.

 Зараз Слабодка ў Пратасаўскім сельскім Савеце, тут жывуць 20 чалавек. Прыехаць сюды збіраліся з год таму назад, калі ў рэдакцыю завітаў ураджэнец гэтай вёскі Сяргей Баравы са сваім вершам «Вёска Слабодка». Вельмі песімістычны верш напісаў выканаўца ўласных песень, хораша вядомы на Акцябршчыне: 

Родны мой прытулак, 

мой бацькоўскі дом:

Ціхенькі завулак, бэз рос пад акном.

Там спілілі грушу, скарчавалі дуб,

Нібы душу знеслі наш вясковы клуб… 

Спявак-аматар выступіў у нас на «Праўда Радыё», падзяліўся, што Слабодка – адна з любімых мясцін і вядомага спевака, цяпер масквіча Руслана Аляхно: у дзяцінстве часта ўлетку праводзіў канікулы ў сваіх дзядулі і бабулі. «Цяпер толькі яго дзядуля Васіль Пятровіч застаўся, былы вязня Азарычаў, ён не ў лепшым стане здароўя. На зіму дзеці яго забіраюць у гарады, а ўлетку тут пачаргова даглядаюць. Адведвае і Руслан. Гэта вельмі годны род», – сказаў Сяргей. Так што першай на маршруце ў вельмі гарачы чэрвеньскі дзень паехалі шукаць у Слабодцы хату з дзяцінства Руслана Аляхно.

І нам пашанцавала: вароты на вуліцы Садовай адчыніла мама Руслана, бабруйчанка Галіна Іванаўна. У альтанцы мы любаваліся яе кветкамі, што радуюць усіх, хто завітае. Да позняй восені гэтыя яркія клумбы півонь, лілей, петуній, вяргінь, хрызантэм упрыгожваюць сядзібу. Сціплая працаўніца Галіна Іванаўна ра­зам з мужам Фёдарам Васільевічам і яго бацьку даглядаюць улетку, і агарод разам з раднёй апрацоўваюць. 

Дзіця вайны Ефрасіння Баравая: «Дамоў вярталіся мы на машыне са снарадамі» І сапраўды, гледзячы на гэтую сядзібу, міжволі прыйшлі радкі песні: «Чаму ж нам не пець, чаму ж не гудзець, калі ў нашай хатачцы парадак ідзець!» Безумоўна, размаўлялі пра сям’ю, выхаванне дзяцей. Галіна Іванаўна падзялілася: 

– З маленства сыны бачылі, як усе мы разам працавалі, адпачывалі. Выхаванне чалавечага ў чалавеку ідзе ад сям’і, ад традыцый не толькі разам садзіцца за стол, але і дапамагаць адзін другому, шана­ваць… Руслан сам прабіваў дарогу ў артысты. Мы прывыклі, што ён заняты. Ведаю, што ў ліпені выступае на фестывалі ў Александрыі і на «Славянскім базары» ў Віцебску. Пазней будзе «журыць» наш беларускі «Х-Фактар». Як толькі з’явіцца магчымасць, абавязкова заскочыць. Мо месяц таму назад быў, – падзялілася матуля. І паказала ў тэлефоне запіс новай тэлепраграмы пра маскоўскі дзіцячы калектыў «Домісолька», што пройдзе 8 ліпеня на расійскім тэлебачанні: сын выступае разам са сваёй чатырохгадовай дачушкай Варварай.

«Где-то за городом очень недорого папа купил автомобиль!» – упэўнена выводзіць услед за бацькам дзяўчынка, яшчэ не навучыўшыся вымаўляць «р». З якім замілаваннем глядзіць на іх Галіна Іванаўна! А яшчэ яна падзялілася, што два яе родныя браты Васіль і Іван Хамічэнкі – гамяльчане, а стрыечная сястра Святлана Карнавушанка (Сініла) жыве і працуе ў Лоеве. Прывітанне ўсім!

 Прыгожыя працай

Безумоўна, нямала хат і зачыненых у Слабодцы, і копанка зарасла чаротам, як піша Сяргей Баравы, аднак сядзіба Паліны і Пятра Далжэўскіх аспрэчвае гэтыя радкі. Іх дом як лялька, агарод – хоць заўтра на выставу дасягненняў.

Гэты сямейны дуэт можна назваць рэліктавым: у 1981 годзе гараджане пакінулі Бабруйск і прыехалі на радзіму ўздымаць сельскую гаспадарку ў калгасе імя Леніна. Праз паўтара гады ў іх паўвека шлюбу!  – Тут жа ў нас мясціны такія слаўныя! Колісь на балота пойдзем з маці – журавінамі хату заставім! Людзей было багата. Асабліва гаспадарка дабівалася поспехаў пры старшыні Сяргеі Карагедаве. То гаспадар быў! – эмацыянальна падзялілася Паліна Міхайлаўна. – Муж мой Пятро працаваў на цяжкіх трактарах, потым камбайнерам, удзельнічаў ва ўсіх сезонных работах, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», перадавік пяцігодак. Стараста вёскі паказала мне сямейны архіў: важкі стос раёнкі «Чырвоны Кастрычнік», нумары, у якіх паведамлялася пра поспехі Пятра Далжэўскага на ворыве, сяўбе і ўборцы зерневых.

Фота перадавіка жніва разам з пляменнікам Сяргеем Булкам змешчана і ў восьмым нумары часопіса «Сельское хозяйство Белоруссии» за 1988 год.

Эканаміст па адукацыі, Паліна арганізавала ў вёсцы жаночы вакальны калектыў, зберагала з жанчынамі песні і традыцыі сваёй зямлі. Разам з мужам даглядала свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай Міхаіла Клімавіча Ламаку, адзначанага шматлікімі ўзнагародамі за мужнасць і гераізм у баях ва Усходняй Прусіі. Дарэчы, гэта родны брат прадзеда Руслана Аляхно. Моцныя карэнні рода.  Паліна Міхайлаўна ўжо 17 год працуе ў сацыяльнай службе, даглядае састарэлых жыхароў вёскі. Агароды людскія ў Слабодцы дагледжаныя Аповяд маці Хата Марыі Яцкевіч, у дзявоцтве Гошка, на вуліцы Савецкай прыкметная сваім упрыгожаннем: буслы на шалёўцы. Па гэтай падказцы вяскоўцаў і прыйшла да 89-гадовай жанчыны, вязніцы Азарычаў, інваліда першай групы. Міжволі згадаліся дакументальныя занатоўкі сведкаў жудасных распраў карнікаў з кнігі «Я з вог­неннай вёскі…», калі слухала споведзь гаспадыні. Плакала з ёй. «Багата перажыта, столькі, што калі пачынаю расказваць пра тыя Азарыцкія лагеры, сэрца становіцца, – дзялілася жанчына. – Як выжылі я з мамай? Брацік Алёша быў у тыфе. Глухі. Пацягнуўся за клуначкам, які кінула адна з жанчын, то яго паліцаі білі і білі палкамі, а потым адлучылі ад нас.  Брацік Мікола, пяцігадовы, сястрычка Натка, паўтара годзіка ёй было, памерлі ад тыфу ўжо пасля вызвалення з таго лагера. Памятаю, як мама несла Кольку на шыі, Наташку на руках. Я побач. Ішлі цераз балота. След услед за салдацікам, бо ўсё замініравана. Адна цяжарная жанчына ступіла ўбок – і ўсё…  Жаночы вакальны калектыў Слабодкі У Каленкавічах мы сваіх хавалі. Кольку дапамаглі зрабіць гроб. А сястрычку так, проста ў зямельку. То мама лягла ў тую магілку і не адарваць: «І мяне закопвайце». І я галашу. Мне прыйшлося браточка ўласнаручна закопваць. Як гэта раскажу, то не ведаю, дзе дзецца… Неяк маці скамандавала мне, каб я ўперад ішла. Нутром адчула: хоча ўтапіцца з гора. Стала я плакаці і прасіць: «Я ж у цябе засталася». Вуцягла яе, старалася падпітаць хоць як-небудзь. Ямку ад памыяў раскапаеш, каб які хрыбет рыбіны выцягнуць і солі з яго высмажыць на патэльні. Бацька мой, зусім бяззубы ад здзекаў паліцаяў у працоўным лагеры, памёр дома ўжо пасля вызвалення, ад голаду. Нічога ж не было: жыта крыху адкапалі прыхаванага і варылі з яго нішчымны суп…»

Зараз Марыя, ветэран калгаснай працы, зусім дрэнна ходзіць, абапіраецца на кастылі. Таму даглядчыца Паліна Міхайлаўна шыбуе сюды, у другі канец вёскі, каб дапамагчы былой даярцы з 30-гадовым стажам у бытавых справах. Г

ледзячы, як той праблемна зайсці ў залу, каб сфатаграфавацца каля сваіх падушак-вышыванак, згадвае колішнія словы свайго бацькі: «І пенсію даюць, і жывем пад мірным небам. Усё добра. Толькі разбежкі няма…» У свой час Германія разлічвалася маркамі з былымі вязнямі. Атрымала іх і Марыя, маці-гераіня. Уклалі тыя «еўры хеўры» на будоўлю новай хаты. Буслы на ёй – добры знак.

Нездарма ў Марыі Рыгораўны чацвёра дзяцей, восем унукаў, два зяці, дзве нявесткі і 16 праўнукаў. І для ўсіх святое – адведаць маці, бабулю і прабабулю. Вось і пры нас прыехаў сын Іван з пасёлка Чонкі, што пад Гомелем. Так што жыве Слабодка і будзе жыць! Фота з часопіса «Сельское хозяйство Белоруссии»

Источник: http://gp.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *