У раённай гімназіі віншавалі Аміну Назараву і Паліну Арчугову — пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды

Главное Знай наших! Образование Общество

2021 год увойдзе ў гісторыю адукацыі Акцябрскага раёна, бо такога напэўна яшчэ не было. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры адразу дзве вучаніцы раённай гімназіі атрымалі дыпломы пераможцаў. Адзінаццацікласніца Аміна Назарава заняла першае месца, адзевяцікласніца Паліна Арчугова – другое. Імёны гэтых таленавітых дзяўчат добра вядомы нашым чытачам, як і іх настаўніцы Таццяны Сяргееўны Крэч.

У аўторак педагагічны калектыў раённай гімназіі разам з вучнямі віншавалі пераможнае трыа.

 – Сёння мы хочам павіншаваць Аміну, Паліну і Таццяну Сяргееўну з такім вынікам. Перамога на рэспубліцы даецца не кожнаму, паколькі гэта важная карпатлівая праца. Трэба з дня ў дзень займацца беларускай мовай, старанна і  мэтанакіравана, не шкадуючы сіл, — пачала сваё віншаванне дырэктар гімназіі Лілія Булгакава. – Віншуем і дзякуем дзяўчатам, бясконца ганарымся імі і Таццянай Сяргееўнай. Я веру, што такі выдатны прыклад кагосьці з вас, дарагія рабяты,  натхніць таксама старанна займацца і вывучаць выбраны прадмет.

Лілія Анатольеўна адзначыла, што на працу бацькоў дзяўчат былі накіраваны пахвальныя лісты з падзякай за выхаванне дзяцей.

— Вы прынеслі перамогу не толькі нашай гімназіі, але таксама і Акцябрскаму раёну, і Гомельскай вобласці, — падкрэсліла Лілія Булгакава.

Апладысментамі настаўнікі і вучні павіншавалі дзяўчат і іх настаўніцу, а таксама падарылі кветкі і падарункі. Таццяна Сяргеўна была адзначана Ганаровай граматай гімназіі.

— Многія вучні пытаюцца, што дае дзяўчатам перемога на рэспубліцы. Па-першае, і Аміна, і Паліна аўтаматычна ўжо атрымалі 10 балаў за экзамены па беларускай мове. Па-другое, Аміна атрымае сертыфікат на 100 балаў і не будзе здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па гэтаму прадмету. Па-трэцяе, яна можа без экзаменаў паступаць на факультэты філалагічнага профілю любой педагагічнай вышэйшай навучальнай ўстановы рэспублікі, а таксама факультэты філасофскага накірунку галоўнай ВНУ краіны – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. І па-чацвёртае, і Аміна, і Паліна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыянальнай  падтрымцы адораных вучняў.

Дзяўчат Таццяна Сяргееўна называе “сваімі школьнымі дочачкамі”, і адзначае ў іх такія якасці як талент, працаздольнасць, мэтанакіраванасць і сціпласць.

– Менавіта гэтыя рысы  і дапамаглі прыйсці да такога значнага выніку.Аміна і Паліна – творчыя, адукаваныя, эрудзіраваныя і мабільныя дзяўчынкі. Яны ведаюць шмат літаратуры, могуць граматна размаўляць, меркаваць, грунтоўна выказваць сваю думку. Дзякую лёсу, што звязаў меня з гэтымі дзецьмі з пятага класа. Жадаю Аміне паступіць туды, куды яна марыць,  а з Палінай мы будзем працаваць і далей, — падвяла рысу пад сваім выступам настаўніца.

На мерапрыемстве прысутнічаў інспектар групы прапаганды і навучання Акцябрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Цагельнік, які ўручыў Паліне Арчуговой Дыплом I ступені і падарунак за паремогу ў абласным этапе конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Дарэчы, у перыяд напружанай падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды дзяўчаты паспелі прыняць удзел не ў адным інтэлектуальным конкурсе. І не толькі прыняць, але і перамагчы. 

22 лютага адбылася абласная інтэрнэт-віктарына па жыцці ітворчасці Івана Шамякіна для навучэнцаў ІХ-ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняйадукацыі. Яна была прымеркавана да 100-гадовага юбілею народнага пісьменнікаБССР Івана Пятровіча Шамякіна. Юным знаўцам жыцця і творчасці нашага славутага земляка неабходна былоадказаць на 35 пытанняў, падрыхтаваных супрацоўнікамі Мазырскага дзяржаўнагапедагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Па выніках конкурсу Аміна і Паліна ўвайшлі ў лік пераможцаў, атрымаўшы дыпломы III ступені.

20 сакавіка ў Гомелі праходзіў адзін з самых складаных інтэлектуальных конкурсаў “Ведай родную мову”. Ён праводзіўся сярод пераможцаў абласнойалімпіяды па беларускай мове і літаратуры. І зноў нашы дзяўчаты паказалі свае выдатныя веды. Па выніках конкурсных выпрабаванняў Аміна была ўзнагароджана Дыпломам I ступені, Паліна — Дыпломам III ступені. Гэты конкурс праводзіўся падчас збораў да патрыхтоўкі на рэспубліку, таму можна толькі прадставіць, колькі сіл аддавалі дзяўчаты вучобе. Лёгка ім дакладна не прыходзілася.

Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускаймове і літаратуры праходзіў з 29 сакавіка па 2 красавіка ў горадзе Ліда. Аміна Назарава і Паліна Арчугова з камандай моваведаў ад Гомельскай вобласці былі дастаўлены туды цэнтралізавана аўтобусам. Як расказваюць дзяўчаты, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі маштабных мерапрыемстваў, святочных адкрыцця і закрыцця алімпіяды не праводзілася. І ўвогуле ўсе прафілактычныя меры строга выконваліся.

— Папасці ў рэспубліканскую каманду – гэта ўжо прэстыжна,- кажа Таццяна Сяргееўна. – Калі прааналізаваць, з якіх гарадоў былі астатнія дзеці, то гэта – Гомель, Мазыр, Жлобін, Светлагорск. Яны ў асноўным прадстаўлялі такія вучэбныя ўстановы, як гімназіі і ліцэі. Узровень падрыхтоўкі гэтых вучняў вельмі высокі, яны займаюцца не толькі з настаўнікам-практыкам, а і з рэпетытарамі і выкладчыкамі ВНУ. З 20 чалавек 11 атрымалі дыпломы пераможцаў, Аміна ў камандзе Гомельскай вобласці мела самы лепшы вынік,  а Паліна другі, яе апярэдзіла дзяўчынка з Мазыра, — расказвае Таццяна Сяргееўна.

Конкурсныя заданні алімпіяды складаліся з двух этапаў. Адзін з іх – напісанне водгуку на літаратурны твор. Аміна і Паліна справіліся з гэтым заданнем выдатна, для аналізу ім былі прапанаваны вершы Міколы Арочкі.

 – Як пісаць водгукна твор мы добра ведалі, вучыліся гэта рабіць на індывідуальных занятках з Таццянай Сяргееўнай. А на зборах яшчэ больш замацавалі тэорыю, — уключаецца ў размову Аміна. Мне папаўся верш філасофскай лірыкі, а Паліне – на экалагічную тэму. Я рада, што ў гэтым годзе з водгукам асабіста ў мяне ўсё атрымалася.

– Каб справіцца з водгукам, то патрэбна добра ведаць структуру, па якой ён пішацца, — каментуе Паліна. – Спачатку прыдумаць цудоўны ўступ, потым прывесці цытаты аўтараў, знайсці мастацкія сродкі выразнасці, ведаць кампазіцыю і гукапіс твора, параўнаць верш з іншымі творамі,  абавязкова зрабіць шыкоўны вывад. А яшчэ незабыць пра тэму, ідэю і праблему… Чатыры гадзіны даецца на напісанне водгуку. Здаецца, што гэта вельмі шмат, але я нават не паспела праверыць чыставую работу.Паставіла кропку і час скончыўся, мне б яшчэ некалькі хвілін – і было б добра,- усміхаецца дзяўчынка.

Комплексная работа – другі этап алімпіяды – уключае заданні і па мове, і па літаратуры. У гэтым годзе многія з іх мелі творчую накіраванасць, а некаторыя наадварот – навуковую. Удзельнікам алімпіяды трэба было ведаць розныя факты з біяграфіі пісьменнікаў, нават самыя нязначныя. Калі паслухаць, як абмяркоўваюць паміж сабой Паліна і Аміна заданні алімпіяды, то можна падумаць, што гэта не вучаніцы раённай гімназіі размаўляюць, а як мінімум студэнты ці нават аспіранты ВНУ.

Прайшоў тыдзень пасля алімпіяды, але эмоцыі яшчэ не пакідаюць каманду Таццяны Сяргееўны. Яны разбіраюць заданні, успамінаюць, як пражылі гэтыя дні і як чакалі вынікаў.

— Я хачу сказаць, што мы адчулі вялікую падтрымку як з боку  гімназіі, так і з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, — адзначае Таццяна Сяргееўна. – Таму вялікі дзякуй ад мяне і Аміны з Палінай Ліліі Анатольеўне Булгакавай, АндрэюВасільевічу Кадолу і асабіста Марыне Самуілаўне Балынскай. І, канечне, выказваю шчырую падзяку бацькам, якія дапамагаюць вырошчваць нашых зорак, асобных слоў удзячнасці заслугоўваюць бабулі і дзядулі дзяўчат. Яны аказвалі моцную маральную падтрымку ўсім нам.

Трэба адзначыць, што звычайна ад Акцябрскага раёна для ўдзелу ў абласной алімпіядзе можа ехаць толькі адзін вучань старэйшых класаў па адным прадмеце. Але паколькі Аміна ішла па-за конкурсу, то адправіцца на вобласць змагла і Паліна. У наступным годзе сітуацыя будзе такой жа: акрамя Паліны свае сілы на ўзроўні вобласці зможа праверыць яшчэ адзін вучань з 9 -11 класаў.  Гэта значыць, што ў другіх вучняў інастаўнікаў ёсць  магчымасць паказацьсвае  веды на вобласці па беларускай мове.

Складаны перыяд у жыцці дзяўчат скончыўся. Яны кажуць, што моцна хваляваліся, не хацелі падвесці сваю настаўніцу, стаміліся так старанна вучыцца, літаральна паглынаць вялікі аб’ём ведаў. Але яны ўпэўнены, што ўсё нездарма. Перамога на рэспубліцы прынесла ім задавальненне і веру, што ўсё магчыма, калі толькі захацець.

Паліна і Аміна гавораць вялікі дзякуй Таццяне  Сяргееўне за тое, што яна  аддала ім часцінку свайго сэрца, раскрыла іх здольнасці.

– Дарагая наша настаўніца, Ваш вопыт, веды і дабрыня застануцца з намі наўсё жыццё. Няхай ажыццяўляюцца ўсе Вашы мары і планы, заўсёды будуць з Вамі любоў вучняў і іх павага, а работа прыносіць задавальненне і веру ў свае сілы, — пдагулінілі Аміна і Паліна. 

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *