У нашай краіне – новы народны паэт

Общество

Такое ганаровае званне згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нядаўна прысвоена шырока вядомаму беларускаму літаратару, журналісту, перакладчыку, аўтару тэкстаў многіх папулярных песень Уладзіміру Карызне.

Такім чынам Уладзімір Іванавіч стаў дзявятым па ліку народным паэтам Беларусі, папоўніўшы іх рады пасля больш чым 30-гадовага перапынку (апошнім да Уладзіміра Карызны такое званне атрымаў Рыгор Барадулін у 1992 годзе). Аднак відавочна, што «тытул» народнага ён заслугоўваў мець значна раней, для чаго маюцца бясспрэчныя пэўныя падставы. Не ў крыўду будзе сказана многім іншым майстрам мастацкага слова з нашай краіны, аднак Уладзімір Карызна застаўся, напэўна, адзіным з сучасных паэтаў Беларусі, чые творы з’яўляюцца хрэстаматыйнымі, а некаторыя вершаваныя радкі сталі ледзь ці не крылатымі выразамі, якія і зараз на слыху, як кажуць, у пажылых і маладых. Памятаю, калі я быў вучнем 4 класа (а гэта было ў далёкім 1976 годзе), мы на ўроках спеваў развучвалі песню «Беларусь мая сінявокая». Хто яе аўтары – мы, малодшыя школьнікі, безумоўна, тады такому факту не надавалі значэння. А вось вершаваныя радкі з гэтай песні запомніліся ці не ўсім адразу. Успомніць іх і цяпер зусім нескладана прадстаўнікам самых розных пакаленняў:

Неба чыстае і глыбокае,
І бярозавы ціхі гай.
Беларусь мая, сінявокая,
Беларусь мая, родны край.

Многія і зараз лічаць (як, дарэчы, думалі і мы, тагачасныя вучні), што гэтую песню стварыў народ. Аднак у яе ёсць канкрэтныя аўтары – паэт-песеннік Уладзімір Карызна і кампазітар Юрый Семяняка. І выйшла яна ў свет 65 гадоў таму – у 1960 годзе, якую ў вельмі хуткім часе заспявала ўся Беларусь. Напрыканцы 60-х гэты аўтарскі дуэт стварыў яшчэ адну песню, што імгненна набыла шырокую вядомасць. Нагадаем:

Жытнёвае поле, лясы і азёры,
Крынічанька ў лузе і ў небе жаўрук –
Услухайся толькі, усё тут гаворыць:
Люблю цябе, Белая, Белая Русь.
Ну як не любіць тыя хаты ля гаю,
Ля сініх азёр і палёў залатых,
Дзе хлебам і соллю сяброў сустракаюць
І з песняй праводзяць, як родных сваіх.

Як адзначалі крытыкі, з гэтага па-сапраўднаму хрэстаматыйнага твора атрымалася свайго роду песенная візітоўка нашай краіны. І словы з яе так кранальна гучаць, што не спяваць іх проста нельга.
Вытокі ж таленту будучага народнага паэта, безумоўна, бралі пачатак з яго маленства. Нарадзіўся Уладзімір Карызна 25 мая 1938 года ў вёсцы Закружка Мінскага раёна, пара дзяцінства выпала на часы Вялікай Айчыннай вайны, таму давялося пазнаць і нястачу, і розныя выпрабаванні ў тыле ворага, ад якога знаходзілі паратунак у бліжэйшых лясах ды на балотах. А творчае натхненне хлопчык пазней пачаў чэрпаць у народнай музыцы, якая пастаянна прысутнічала ў яго сям’і, у прыгажосці навакольнай прыроды. Дарэчы, малая радзіма Уладзіміра Іванавіча знаходзіцца на Пцічы ў яе верхняй плыні. І гэта галоўная рака Акцябрскага раёна, якая натхняла на стварэнне яркіх твораў нашых землякоў – мастакоў Леаніда Дробава і Аляксандра Кісялёва, некаторых мясцовых майстроў паэтычнага радка, аказала пэўны ўплыў і на светапогляд сённяшнага народнага паэта Беларусі. Уладзімір Карызна ў 1961 годзе паспяхова скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, настаўнічаў у Браслаўскім раёне на Віцебшчыне, адначасова рыхтаваў маладых літаратараў пры райгазеце «Браслаўская звязда». Між іншым, пісаць вершы Валодзя Карызна пачаў з 4 класа роднай Крупіцкай школы, першы яго верш быў апублікаваны ў рэспубліканскай газеце «Чырвоная змена» ў 1956 годзе, а першы паэтычны зборнік (усяго іх у творчай біяграфіі Уладзіміра Карызны звыш 10, а таксама шэраг вершаваных кніжак для дзяцей) пад назвай «Край мой сінявокі» выйшаў у свет ужо праз 7 гадоў пасля ўдалага дэбюта ў друкаваных выданнях. Уладзімір Іванавіч пасля 6 гадоў настаўніцтва на Браслаўшчыне пераехаў у Мінск. 3 1967 па 2002 год працаваў на розных пасадах на рэспубліканскім радыё, у выдавецтве «Юнацтва», у літаратурных часопісах «Полымя» і «Крыніца», зараз на заслужаным адпачынку, аднак літаратурную творчасць так і не пакідае.

Уладзімір Карызна па праву лічыцца на сённяшні дзень самым песенным паэтам Беларусі – ён за сваё доўгае творчае жыццё склаў звыш 200 тэкстаў да песень. На яго вершы пісалі музыку вядомыя беларускія кампазітары Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі і іншыя. І меладычныя творы як грамадзянска-патрыятычнага гучання накшталт названых вышэй, так і глыбока лірычныя («Зорачка мая», «Пацалунак», «Салавей спявае» і іншыя) сталі папулярнымі і любімымі для ўжо розных пакаленняў беларусаў. Бясспрэчна адно: песні на словы Карызны такія ж лёгкія, добра запамінальныя, як і спрадвечна народныя. Па цвёрдаму перакананню самога аўтара, народная песня з’яўляецца асновай паэзіі, бо народ, як ніхто іншы, умее выказваць сваю думку ясна, лаканічна і зразумела для ўсіх.

Асобная старонка творчай спадчыны Уладзіміра Карызны – гімн сучаснай незалежнай Беларусі. Прызнаны паэт разам з некаторымі іншымі майстрамі мастацкага слова ў 2002 годзе прыняў удзел у конкурсе на напісанне тэксту галоўнай вакальнай кампазіцыі краіны. І Уладзімір Іванавіч заслужана перамог, хаця няма патрэбы гаварыць, якая велізарная адказнасць стаяла перад будучымі аўтарамі, каб зрабіць тэкст Дзяржаўнага гімна адначасова і ўрачыстым, і пранікнёным. У гэтым кантэксце дастаткова прывесці толькі адзін гістарычны факт. Так, у далёкім 1977 годзе, калі быў зацверджаны новы тэкст Дзяржаўнага гімна СССР (словы Сяргея Міхалкова і Габрыэля Эль-Рэгістана на музыку Аляксандра Аляксандрава), перакладам яго на беларускую мову займалася цэлая рабочая група, у склад якой уваходзілі нават народныя паэты БССР Максім Танк, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў і Пятрусь Броўка. І работа з тэкстам («Союз нерушимый республик свободных»…) стала для масцітых паэтаў справай далёка не аднаго дня. Уладзімір Карызна справіўся ж адзін, прычым на выдатна, абапіраючыся на некаторыя папярэднія радкі Міхася Клімковіча, ёмка і дакладна дабавіўшы сваё, непаўторна аўтарскае на музыку Нестара Сакалоўскага. Пастаўленую задачу Уладзімір Карызна выканаў на выдатна, і цяпер мы ўсе на працягу звыш двух дзесяцігоддзяў кожнай раніцай і апоўначы сустракаем і праводзім чарговы дзень нашай краіны пад словы новага і сапраўды народнага паэта, памятаючы, што «мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі».

Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнэта.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *