У Акцябрскім раёне праводзіцца прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару»

МЧС информирует

У Акцябрскім раёне на працягу тыдня праводзіцца прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару», якое накіравана на павышэнне ўзроўню пажарнай бяспекі сярод насельніцтва.

Праходзіць яно на тэрыторыі Краснаслабодскага сельскага Савета і аб’ядноўвае намаганні прадстаўнікоў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, мясцовых органаў улады і ўстаноў адукацыі, а таксама работнікаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас правядзення мерапрыемства было наведвана каля 180 домаўладанняў і праінструктавана больш за 250 чалавек па правілах бяспекі.
У ходзе візітаў прадстаўнікі РАНС знаёмяць грамадзян з бягучай аператыўнай абстаноўкай, расказваюць аб прычынах узнікнення пажараў і нагадваюць аб неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі ў побыце. Асаблівая ўвага надаецца недапушчэнню пакідання дзяцей без нагляду, курэнню ў памяшканнях, прызначаных для сну, а таксама перагрузцы электрычных сетак.

Пры наяўнасці пячнога ацяплення ў домаўладаннях акцэнтуецца ўвага на стане комінаў. Жыхарам нагадваюць сачыць за спраўнасцю абагравальнікаў.

Работнікі МНС правяраюць наяўнасць і працаздольнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Жыхароў інфармуюць аб неабходнасці перыядычнай замены батарэек і прыводзяць прыклады таго, як гэты маленькі прыбор можа выратаваць жыццё.

Прыкладам для пераймання стала сям’я Струк, якая выхоўвае васьмярых дзяцей. У доме па вуліцы Садовай у Краснай Слабадзе ўсё ў парадку: печ і апавяшчальнікі спраўныя. Дарослыя не кураць, што служыць станоўчым прыкладам не толькі для дзяцей, але і для суседзяў. Прадстаўнікі пажарнага ведамства нагадалі бацькам аб недапушчальнасці пакідання дзяцей без нагляду і расказалі аб наступствах дзіцячага свавольства з агнём.

Але, на жаль, не ўсе грамадзяне клапоцяцца аб сваёй бяспецы. Сустракаюцца і такія домаўладанні, дзе на кожным кроку можа ўзнікнуць узгаранне, адсутнічаюць апавяшчальнікі, печ не атынкавана і мае расколіны. Акрамя таго, некаторыя жыхары складуюць гаручыя матэрыялы непасрэдна ля яе.

Прафілактычныя мерапрыемствы працягнуцца, і іх ўдзельнікі спадзяюцца на актыўнае супрацоўніцтва з насельніцтвам для павышэння ўзроўню бяспекі і прадухілення трагедый. Памятайце: бяспека вашага дома – у вашых руках!

Аксана Борсук.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *