У ААТ “Акцябрскі- Агра” пачалі з сенажу. Па новай тэхналогіі

Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Акцябрскі-Агра” сёлетняя касавіца ўзяла старт з травяных угоддзяў за былым саўгасным садам каля вёскі Лескі.

Тут на ўчастку шматгадовых траў, якія, дарэчы, даволі нядрэнна ўрадзілі насуперак працягламу сухому надвор’ю ўжо адыходзячага мая, зараз і працуе корманарыхтоўчая тэхніка гаспадаркі. Гэтыя сельгасугоддзі пасля іх даследвання і ацэнкі вырашана скарыстаць пад будучы сянаж. Але не шляхам традыцыйнай закладкі здрабнёнай травяной масы ў траншэі, як звычайна робяць, а метадам спакоўвання папярэдне скошанай і падвяленай да неабходнай вільготнасці “зялёнкі” ў паліэтыленавыя рулоны вагой кожнага 650-700 кілаграмаў у залежнасці ад якасці і стану траў. Такая тэхналогія, якая паспяхова прыжылася ў шэрагу гаспадарак нашага раёна на працягу некалькіх апошніх гадоў, у пэўнай меры паказала сваю эфектыўнасць і перавагу. І хоць вытворчасць сенажу ў стрэйч-плёнцы абыходзіцца нетанна, аднак у далейшым гэта сябе цалкам апраўдвае. Практыка паказала, што ў такой герметычнай упакоўцы незалежна ад умоў надвор’я і месца складзіравання (прама на полі пад адкрытым небам альбо ў памяшканні) у такім кансерваваным корме надоўга і надзейна захоўваюцца карысныя рэчывы і мікраэлементы, неабходныя для здаровага харчавання жывёлы. Галоўнае – не пашкодзіць паліэтыленавую абалонку, і фураж, які застаецца свежым, можна выкарыстоўваць працяглы час нават да наступнай касавіцы.

На касьбе траў для іх далейшага выкарыстання
на сянаж задзейнічаны Антон Званковіч

Да вытворчасці сенажу ў рулонах у ААТ “Акцябрскі-Агра” прыступяць літаральна на днях: плёнка для першай партыі ўжо закуплена ў неабходнай колькасці, работы будзе выконваць спецыяльны прэс- падборшчык ПРП-160 1К, які прадаставіць адкрытае акцыянернае таварыства “Парэчча-Арэса”. Пакуль жа, пачынаючы з аўторка, у прыгараднай гаспадарцы, як мы казалі вышэй, вядзецца касьба траў для іх далейшага выкарыстання на сянажную масу. Адкрыць касавіцу бягучага года было даручана Антону Званковічу, які на кормаўборачным комплексе УЭС-2-250 “Палессе” апрыходвае ўчастак за вёскай Лескі і запісаў на свой рахунак 35 гектараў скошаных траў. Антон – малады спецыяліст інжынернай службы, па сваёй асноўнай працы заведвае рамонтна-механічнымі майстэрнямі ААТ “Акцябрскі-Агра”. Аднак па прычыне таго, што механізатары зараз занятыя на іншых неадкладных палявых работах (у гаспадарцы дасяваюцца кукуруза і аднагадовыя культуры, пад іх рыхтуецца глеба, вядзецца догляд за пасевамі і іншае), на кормаўборачнай машыне пакуль не было каму працаваць. Вось Антон Званковіч, які і раней меў справу з такой і іншай тэхнікай, вырашыў дапамагчы калегам. І робіць гэта вельмі добрасумленна і якасна, накіроўваючы УЭС “Палессе” штодзень на ўчасткі сенакосу і вяртаючыся на мехдвор бліжэй да закату сонца. Па меры разгортвання першага ўкосу траў да гэтага працэсу, безумоўна, далучыцца значна большая частка тэхнікі і замацаваных за ёй работнікаў гаспадаркі.

Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *