Траецкая вандроўка «Рудабельскіх зорачак»

Главное Культура Общество


Яскрава і непаўторна выступіў узорны фальклорны калектыў “Рудабельскія зорачкі” у IX адкрытым рэгіянальным свяце фальклора «Траецкі карагод на Веткаўшчыне”.

Нягледзячы на спякотны дзень, носьбіты фальклорных беларускіх традыцый цудоўна прадставілі сваё мастацтва. Сярод удзельнікаў свята былі калектывы і выканаўцы з Веткаўскага і іншых раёнаў Гомельскай вобласці, музыкі, танцоры і спевакі рознага ўзросту. Акцябрскі прадстаўляў узорны фальклорны калектыў “Рудабельскія зорачкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Дульскай і Дзмітрыя Бяжкова. Вынік ўдзелу ў фальклорным свяце ўразіў усіх удзельнікаў калектыва, і не проста так: ансамбль атрымаў сем Дыпломаў у васьмі намінацыях, якія прапанавалі арганізатары “Траецкага карагода на Веткаўшчыне”.
Так, у намінацыі “Фальклорныя калектывы” (аўтэнтычныя спевы) і намінацыі “Выканаўцы народна-побытавага танца” “Рудабельскія Зорачкі” атрымалі Дыпломы І ступені. У намінацыі “Гарманісты” першымі сталі “Брачынскія музыкі”. У асабістых намінацыях Дыпломы ІІ ступені ў гарманіста Данілы Філіповіча, танцавальнай пары Яны Заброцкай і Аляксея Макеева, Дыпломы ІІІ ступені атрымалі Вікторыя Адзінец за выкананне частушак і Дар’я Ільенка за сольнае выкананне.
Як кажа Вольга Гаўрылаўна Дульская, паездка ў Ветку атрымалася вельмі насычанай, усе ўдзельнікі ансамблю атрымали неверагодныя эмоцыі.

— Хлопцы і дзяўчаты захапляліся легкасцю выканання песень і частушак удзельнікаў сталага ўзросту. З натхненнем прыглядваліся і прыслухоўваліся да гульні старэйшых гарманістаў, удзельнікаў фальклорнага свята. Рабяты яшчэ раз пераканаліся, што яны, нягледзячы на свой юны ўзрост, годна прадэманстравалі фальклорнае багацце роднай Рудабелкі, — дзеліцца сваімі назіраннямі Вольга Дульская. І дапаўняе, што фальклорнае свята “Траецкі карагод на Веткаўшчыне” ярка паказвае, як павінна адбывацца пераемнасць пакаленняў. Кіраўнік ансамблю пазнаёмілася з іншымі ўдзельнікамі свята і запрасіла іх на нашу “Берагіню”.
Сваімі ўражаннямі ад паездкі з нашымі чытачамі падзяліліся і ўдзельнікі ансамблю. Рабяты не толькі ўспаміналі, як насычана правялі гэты дзень, а ўвогуле расказвалі, што дае ім удзел у ансамблі.
Ілона і Насця Яфрэмавы:

Наша прабабуля Аляксандра Іванаўна Яфрэмава ведала многа песень і танцаў, уласцівых менавіта нашаму Акцябрскаму раёну, якія ў свой час передала “Рудабельскім зорачкам”. І зараз так атрымліваецца, што гэтыя песні і танцы спяваем і выконваем мы, яе праўнучкі. Мама і тата вельмі ганарацца, што мы з’яўляемся ўдзельнікамі фальклорнага калектыва, што нематэрыяльныя багацці, якімі валодала прабабуля, не сгінулі, а працягваюць сваё жыццё ў нашым ансамблі. Што тычыцца ўдзелу ў фальклорным свяце, то нам вельмі спадабалася яго арганізацыя. Дзіцячых калектываў было не шмат, але падчас работы журы нам арганізавалі забаўляльную праграму, каб мы не сумавалі. Прыемна было бачыць дзяцей і дарослых у нацыянальных касцюмах, цікава пачуць песні у выкананні жыхароў іншых раёнаў Гомельчшчыны. Аказваецца, адметнасці ёсць вялікія. Вось гэта нас вельмі ўразіла.
Яна Заброцкая:
— Удзельнікі “Траецкага карагода на Веткаўшчыне” у нейкай ступені прэзентавалі свае рэгіёны. Як мы спяваем “На ускраіне Палесся ёсць раён Акцябрскі”, так і кожны калектыў расказваў праз песні гісторыю свайго краю. Мне здаецца, што наш калектыў быў самым маладым сярод удзельнікаў, гэтым мы прыкметна і выдзяліліся, а гледачы не шкадавалі сваіх далоняў для “Рудабельскіх зорачак”.
Я ў ансамблі выступаю з 1 класа, зараз перайшла ў 11, атрымліваецца, што спяваю і танцую ўжо 10 насычаных, цікавых рознымі паездкамі, выступленнямі, гастролямі гадоў. Дзе разам з калектывам мы толькі не былі, на якіх сцэнах не выступалі! А першы мой значны канцэрт адбыўся ў Гомелі на Каляды, на наступны год мы выступілі на рэспубліканскіх “Дажынках”, пабывалі нават на фестывалі ў Германіі, не паралічыць розныя конкурсы, у якіх пашчасціла прымаць удзел, такіх, як “Славянскі базар у Віцебску”, “Берагіня”, “Вытокі”. Гэта лета для нас таксама выдалася вельмі насычаным. Мы выступілі ў Гомелі на ўшанаванні лепшых работніках сродкаў масавай інфармацыі, удала паказалі сябе “Рудабельскія зорачкі” на “Траецкам карагодзе на Веткаўшчыне”, канцэртная дзейнасць працягваецца і ў нашым раёне на розных святах. Мы працягваем рэпетыцыі, каб радаваць сваіх гледачоў цікавымі песнямі, танцамі, найгрышамі.
Даніла Філіповіч:
Асабіста я прымаў удзел у конкурсе гарманістаў. Маімі супернікамі сталі сапраўдныя майстры ў музыцы. Мне ж, каб удала выступіць, прыйшлося прысвяціць рэпетыцыям шмат часу, і я рады, што ў такой складанай канкурэнцыі мне ўдалося атрымаць Дыплом ІІ ступені. “Дзедавы найгрышы” спадабаліся членам журы, а таксама гледачам. І прыемна, што наш ансамбль гарманістаў “Брачынскія музыкі” паказаў сябе на вышыні, разам мы занялі першае места. Канечне, стараліся, хваляваліся, а пасля абвяшчэння вынікаў вельмі ўзрадаваліся. Такія добрыя вынікі натхняюць на яшчэ больш лепшыя выступленні.

Дар’я Ільенка:
Для мяне ў памяці застанецца такі момант: напярэдадні нашай паездкі ў Ветку мы плялі траецкія вяночкі. Хлопцы прынеслі ветачкі клёну і васількі, а дзяўчаты рабілі гэтыя ўпрыгожванні, пелі траецкія песні. Цікава, што вяночкі не высахлі, добра перенеслі дарогу, зато ў іх наша выступленне глядзелася па-асабістаму прыгожа і святочна.
Яна Папроцкая:
Прыемна, што “Рудабельскія зорачкі” прадставілі фальклорную культуру Акцябрскага раёна на рэгіянальным свяце ў горадзе Ветка. Мы любім выступаць на любых сцэнах, але на “Траецкам карагодзе” была асаблівая атмасфера. І гледачы, і члены журы, і прадстаўнікі калектываў былі на адной хвалі. Усе мы захапляемся фальклорам, любім традыцыйную творчасць беларусаў і захапляемся аўтэнтычнымі спевамі і танцамі.
Алег Цяцера:
Хачу выказаць словы падзякі нашым кіраўнікам – Вользе Гаўрылаўне і Дзмітрыю Гаўрылавічу за добрую падтрыхтоўку. Гэта дзякуючы ім, наш калектыў заўсёды прыкметны, ён вядомы не толькі ў нашым Акцябрскім раёне, але і за яго межамі. Я – удзельнік танцавальнай групы, калі прыйшлоў у “Зорачкі”, то не ведаў, ці змагу так задорна танчыць фальклорныя танцы, як іншыя ўдзельнікі ансамблю. Але ж, прайшоў год, а я танцую, удзельнічаю ў конкурсах і адчуваю, што ў мяне ўсё атрымлівацца.
Мікіта Сухі:
Я многае запомніў падчас нашай вандроўкі, але больш звярнуў увагу на незвычайную гармонь аднаго з удзельнікаў свята – яна была ўпрыгожана малюнкамі з мультыплікацыйных фільмаў. Вельмі цікавая гармонь, я раней такіх не бачыў. А ўвогуле, хоць мы і доўга ехалі, і надвор’е было спякотным, паездка ў Ветку вельмі мне спадабалася і захавала добрыя ўражанні.
Кіраўнікі “Рудабельскіх зорачак” дзякуюць аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за арганізацыю паездкі і кажуць, што і далей будуць захоўваць традыцыйную культуру Акцябрскага раёна.
Ірына ЛЯШКОВА.
Фота газеты “Гомельская праўда”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *