Толькі ва ўспамінах людскі боль

80 лет - на пути к победе Главное

Вайна даўно скончылася, але яе адгалоскі да гэтага часу не даюць
душэўнага спакою Марыі Мікалаеўне Стукавай з Рассвета. Яна не раз успамінала пра тое, як цудам выжыла, пра сваё галоднае дзяцінства і цяжкую маладосць, бо нарадзілася амаль напрыканцы вайны – 1 студзеня 1945 года. А праз пяць месяцаў наступіў усімі доўгачаканы Дзень Перамогі.

Марыя Мікалаеўна – дзіця вайны. Маша нарадзілася ў канцы вайны і ведае аб тых гадах па матуліных словах. Таму і зараз ад выпадкова пачуўшага слова «вайна» мяняецца ў твары, бо пагружаецца ў цяжкія ўспаміны. Будучы малой дзяўчынкай, яна нават бацьку не памятае. Не ўзгадае, як ён выглядаў ў жыцці. Вайной Мікалай Мікалаевіч Крук пайшоў на фронт і прапаў без вестак. Папаў ранены ў шпіталь, і ў ваенную частку назад не вярнуўся. Значыць, дзесьці загінуў ад варожай кулі, мяркуе Марыя Мікалаеўна. Да гэтага гвардыі радавы Мікалай Крук паспеў атрымаць узнагароды і падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна за выдатныя баявыя дзеянні і вызваленне гарадоў Грудзяндз і Стараград. Гэтыя дакументы і лісты з фронту ад бацькі Марыя Мікалаеўна беражліва захоўвае ўжо 80 год. Нажаль, гэта адзіныя рэчы, якія нагадваюць аб ім. А тады, у вайну, маці Аляксандра Якаўлеўна разам з астатнімі вяскоўцамі і нованароджанай дочкай хаваліся ў лесе. Немцы хутка акупіравалі тэрыторыю Беларусі, бязлітасна спальвалі населеныя пункты, знішчалі людзей і забіралі ў палон мірных жыхароў.

– Не ўяўляю, як цяжка было матулі са мной толькі што народжанай у сярэдзіне зімы. Дапамогі ёй чакаць было не адкуль. Сама мяне нарадзіла ў зямлянцы, – з горыччу сёння ўспамінае бабуля. – Маці казала, што тады былі моцныя маразы. Я заўсёды плакала і ад холаду, і ад голаду, – расхвалявалася Марыя Мікалаеўна.

Без слёз ёй перадаць былое нельга. Адчувалася, як тужліва сціскалася яе сэрца. Але жывая сведка вайны сабралася з сіламі і працягнула:

– Адкуль мне было быць накормленай, калі маці таксама нічога ні ела. Не ведаю, як мы павыжывалі. Умоў ніякіх не было, каб немаўля ў чысціні ды ў цеплыні гадаваць. Але ж не адмовілася ад мяне, выхавала. Як і астатнія, думала, толькі б знайсці якую ежу ды пракарміцца як-небудзь, ды ўратавацца. У штодзённым страху жылі. Нажаль, другога выйсця не было.

Бацька Марыі Мікалаеўны з вайны так і не вярнуўся. Сям’я ў надзеі, што ён усё-такі жывы, чакала яго. Маша з матуляй пасля вайны вернуліся ў сваю хату ў Рассвеце. Матуля працавала ў калгасе «Малады Ленінец» спачатку цялятніцай, потым даяркай была. Тут жа, калі пасталела, працавала і Марыя Мікалаеўна рахункаводам-касірам. На той момант ёй было ўжо 18 гадоў. У сваёй вёсцы сустрэлася маладая дзяўчына са сваім выбраннікам. Уладзімір Дзмітравіч Стукаў родам быў з Рэпіна. А пасля вайны яго сям’я пераехала ў Рассвет. Яго бацька таксама ў гады вайны быў ваенным. Шмат перажылі гэтыя дзве сям’і. Але не згубілі Стукавы лепшыя чалавечыя якасці і заўсёды мелі вялікі запас душэўных сіл. Апошнія гады, перад выхадам на заслужаны адпачынак, Марыя Мікалаеўна працавала начальнікам уліковага стала ў сельскім Савеце. А яе муж Уладзімір Дзмітравіч шмат гадоў адшчыраваў у мясцовай гаспадарцы. Меў дзяржаўныя ўзнагароды – два ордэны Працоўнай славы ІІ і ІІІ ступеняў, ордэн «Знак Пашаны».

Тады маладыя былі, інтарэс мелі да ўсяго, кажа Марыя Мікалаеўна:

– Сваіх траіх дзяцей узгадавалі. Працавалі без меры і дома, і ў мясцовай гаспадарцы. А зараз вось сяджу адна і нікуды не спяшаюся. Гаспадара ўжо восем год, як няма, але дзеці адну не пакідаюць. Альбо самі імчаць да мяне ў вёску, альбо тэлефануюць. Дзякуй Богу, і дзеці і ўнукі добрыя, шчырыя, разумныя, выхаваныя. Дапамагаюць, як могуць.

Нездарма вялікая хата Марыі Мікалаеўны Стукавай такая адметная на вуліцы Пінчука ў Рассвеце, як і сама яе гаспадыня. Усюды чыста, прыбрана, хораша, нават у яе васьмідзесяцігадовым узросце. І, галоўнае, спакойна. Толькі шкадуе баба Марыя, што не давялося так добра пажыць у маладосці, што выпаў на яе долю такі нязручны час і цяжкі лёс. Таму сталая жанчына перажывае за вёску, за будучыню сваіх нашчадкаў. Але і радасці не хавала Марыя Мікалаўна, што і на яе звярнулі ўвагу.

Наталля Ёвенка.
Фото аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *