Цікавы факт прыводзіць дырэктар Майсееўскай базавай школы
Галіна Дзенісюк: амаль усе настаўнікі ўстановы – выпускнікі гэтай жа школы.

Больш таго, вялікая частка выпускнікоў у свой час абрала для сябе педагагічную прафесію, і многія цяперашнія вучні таксама жадаюць стаць настаўнікамі ці выхавацелямі.
– Такая традыцыя, можна сказаць, склалася ў нашай школе ўжо даўно, – кажа Галіна Фёдараўна. – Самыя старэйшыя настаўнікі Валянціна Віктараўна Дашкоўская і Любоў Васільеўна Кароль нарадзіліся ў Майсееўцы, скончылі нашу школу, атрымалі адукацыю і вярнуліся працаваць у родную установу. Тое ж самае магу сказаць і пра настаўнікаў сэрядняга ўзросту і пра маладое пакаленне педагогаў. Сёння выхавацелем дашкольнай групы працуе наша выпускніца Кацярына Сабецкая, а яе аднакласніца Ганна Шувыкіна – настаўнікам нямецкай мовы. Настаўнікам фізічнай культуры стаў і трэці іх аднакласнік – Аляксандр Алёхна, ён працуе ў Акцябрскай раённай гімназіі.
Сама Галіна Фёдараўна і яе намеснік Вераніка Сяргееўна Акуліч скончылі Рассветаўскую сярэднюю школу. Аднак школу ў Майсееўцы лічаць роднай і самай лепшай. Дарэчы, дачка і сын Галіны Фёдараўны па прыкладу маці справай жыцця абралі для себе педагагічную прафесію і зараз працуюць настаўнікамі ў школах горада Гомеля.

Выхоўваем асобу
Сёння Майсееўская базавая школа – адна з невялікіх у раёне, аднак яна вельмі ўтульная і прыгожая. Зараз у ёй навучаецца 28 дзяцей, плюс яшчэ10 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць дзіцячы садок. Дзеці, настаўнікі і тэхнічны персанал, быццам адна сям’я. Згаджаецца з гэтым і дырэктар:
– Выхаванцы з дашкольнай групы, калі заходзяць у школу, чакаюць, каб на іх звярнулі асабістую ўвагу, спыталі, як справы, а нехта абавязкова бяжыць абдымацца. І толькі паспрабуй адыйсці ад гэтага ранішняга рытуалу – паўкрыўдзяцца, адвярнуць вочкі. Таму ніколі не адмаўляем дзеткам у такіх праявах дабрыні, ласкавасці, зычлівасці. У маленькай школе кожны чалавек, дарослы ён ці маленькі, як на далоні. Мы ўсе ведаем характары адзін аднаго. І дзеці ж таксама адчуваюць агульны настрой. А ён у нашай школе пазітыўны. Так, нас не шмат, але ж справа не ў колькасці, а ў якасці, – разважае Галіна Фёдараўна.
Зразумела, класы ў школе невялікія, у кожным навучаецца па 3-5 дзяцей. Гэта з’ява ўласцівая для многіх малакамплектных сельскіх устаноў адукацыі. Але ёсць у гэтым і свае плюсы. Па-першае, і вучні, і настаўнікі, і бацькі як адна дружная сям’я. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі – сапраўдныя зоркі, актыўныя, ініцыятыўныя. Па-другое, заняткі праходзяць амаль па індывідуальнай праграме. Дзеці з вялікіх гарадоў не змогуць пахваліцца такой увагай да сябе з боку настаўніка. Па-трэцяе, у Майсееўскай школе важнае значэнне надаецца выхаванню асобы.
– Не ўсе дзеці могуць быць выдатнікамі вучобы, але ў нашых сілах выхаваць добрых людзей, шчырых, добрасумленных, працавітых, а яшчэ – патрыётаў. У школе надаецца вялікая ўвага ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. Гэта розныя патрыятычныя мерапрыемствы, чэленджы, акцыі, тэматычныя тыдні, сустрэчы, размовы, – расказвае дырэктар.
Без сумнення, сельская школа заўсёды ў цэнтры ўвагі. Яе паспяховая дзейнасць у многім залежыць ад таго, хто ёй кіруе. Галіна Дзенісюк у Майсееўскай базавай школе працуе амаль 25 гадоў, з іх 10 – дырэктарам. Для яе школа не проста навучальная ўстанова, а ўтульны дом для дзяцей і дарослых.
– Нашай школе пашанцавала з педагагічным калектывам. Усім нам хочацца несці дзецям штосьці новае, вучыць іх карыснаму, патрэбнаму, важнаму. Калектыў настаўнікаў вельмі моцны, шмат калег маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Разам з такімі людзьмі лёгка працаваць дырэктарам. І, канечне, нельга не выказаць падзяку тэхнічнаму персаналу. Яны – надзейныя людзі, за любую справу бяруцца з энтузіязмам. Дзякуючы іх працавітым рукам, у будынку і на тэрыторыі школы чыста і цёпла, для дзяцей прыгатавана смачная ежа.

Роднай мове – павага
Майсееўская базавая школа – беларускамоўная. Усе прадметы ў ёй выкладаюцца на роднай мове. Для намесніка дырэктара Веранікі Сяргееўны Акуліч беларуская мова – найлепшая ў свеце. Яна лічыць, што яе абавязкова трэба захоўваць.
– Хто мы без сваёй мовы? – разважае педагог. – Беларуская, як і руская, – дзяржаўная мова, а мы беларусы, таму павінны і размаўляць на ёй, і вучыць гэтаму дзяцей.
У Майсееўскую школу Вераніка Сяргееўна была размеркавана пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Выкладала беларускую мову і літаратуру, а таксама мастацтва. Акрамя педагагічнай дзейнасці вялікую ўвагу ў сваёй працы Вераніка Сяргееўна надае творчым конкурсам, у якіх удзельнічае разам з вучнямі і як асобны аўтар.
– У гэтым годзе будзе 19 гадоў, як я працую ў Майсееўскай школе. Добрымі словамі сёння хачу ўспомніць настаўнікаў, з якіх брала прыклад, у якіх вучылася і пераймала вопыт. Гэта Ганна Іванаўна Апанасюк, Валянціна Аляксандраўна Брокар, Валянціна Віктараўна Дашкоўская. Яны дапамагалі рабіць першыя крокі ў прафесію, і я вельмі ім удзячна. Увогуле лічу, што ў Акцябрскім раёне моцныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, людзі, якія жывуць сваёй справай, паважаюць і любяць родную мову, і гэтыя пачуцці перадаюць вучням, – разважае Вераніка Сяргееўна. Зараз яна працуе намеснікам дырэктара і працягвае прывіваць дзецям любоў да роднай мовы. Акрамя гэтага педагог – вялікі патрыёт свайго раёна.
– На размеркаванні пасля заканчэння ўніверсітэта мне прапанавалі застацца ў Мінску, але я захацела вярнуцца дадому. Не ўяўляю свайго жыцця без Акцябршчыны – гераічнага, легендарнага краю. А яшчэ, прызнаюся, за амаль 20 гадоў педагагічнай дзейнасці не пашкадавала, што стала настаўнікам. З асабістым задавальненнем успамінаю той час, калі ў класах было шмат дзяцей. Зараз іх не больш за пяць, але шукаем у гэтым свае плюсы, – дзеліцца думкамі Вераніка Сяргееўна.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся
Майсееўская базавая школа мае два паверхі. Але тут прасторна, светла і па-дамашняму ўтульна. Між тым, установа забяспечана неабходным тэхнічным абсталяваннем, метадычнымі матэрыяламі і стэндамі. На перапынку частка дзяцей паспяшалася ў сталовую. Дзеці дружна прызналіся: у школе кормяць смачна! Вучні малодшых класаў збіраюцца на вуліцу. У іх зараз урок фізічнай культуры, а паколькі на вуліцы ляжыць даўгачаканы снег, то з вялікай радасцю дзеці будуць катацца на лыжах. Вучні 7-9 класаў выйшлі на калідор. Яны ўсе між сабой сябруюць, і на перапынку можна паспець абмеркаваць апошнія навіны.
Заглядваем у памяшканне дашкольнай групы. Весела тут праводзяць час хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны ўсе – рознага ўзросту, самай маленькай крыху болей за два гады. Але выхаванцы сябруюць між сабой, за імі прыглядае выхавацель і яе памочнік. Кацярына Генадзьеўна працуе 4 гады, прыехала дадому пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа. Расказвае, што работа з дзецьмі вельмі падабаецца, а ў родным калектыве працаваць удвая лягчэй.
– Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, – усміхаецца настаўніца малодшых класаў Любоў Васільеўна Кароль. – Я вырасла ў Майсееўцы і працую тут, і мой сын Уладзімір разам са мной, ён – настаўнік фізічнай культуры. А дачка ж таксама настаўніца, яна жыве і працуе ў Бабруйску. Мы не хлусім, калі кажам, што вялікая колькасць выпускнікоў нашай установы становяцца настаўнікамі.
Педагогі кажуць, што ганарацца сваімі выпускнікамі, сочаць за іх поспехамі і заўсёды чакаюць у госці.



Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.
