Са святам, родная школа!

Общество

img_3441Лічу, што мне ў жыцці пашанцавала: я нарадзілася і жыву ў цудоўным краі – сінявокай Беларусі. А яшчэ на зямлі ёсць чароўны, непаўторны ў сваёй прыгажосці куточак – маё Парэчча. Я люблю спакойна прайсціся па яго вуліцах, спыніцца каля помніка змагарам за свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Крыху далей – наш прыгажун, Цэнтр адпачынку. За ім серабрыцца рака Пціч – “царства рыбаловаў”.

Але больш за ўсё мяне прываблівае трохпавярховы будынак – мая родная школа, мой другі дом. Напярэдадні Новага года мы будзем адзначаць 155 год з дня яе ўтварэння. Хочацца нагадаць крышачку гісторыі.

Школа была адкрыта ў 1861 годзе пры Багародзіцкай царкве. Яна прызначалася для дзяцей сялян, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці. Будынак быў маленькі, таму частка дзяцей вучылася ў хатніх настаўнікаў, а ў Парэччы такім настаўнікам быў Дзяніс Сцяпанавіч Пась.

З восені 1921 года пачала працаваць чатырохкласная пачатковая школа. Першым яе настаўнікам быў Аркадзь Якаўлевіч Адзінец.

У 1933 годзе школа ў Парэччы стала сямігадовай. Юныя парачане мелі магчымасць атрымаць на месцы няпоўную сярэднюю адукацыю.

У 1962 годзе школа набыла статус сярэдняй. І ў 1965 годзе адбыўся першы выпуск Парэцкай сярэдняй школы.

Няўмольна хутка бяжыць час. Са сцен нашай школы выйшла больш за тысячу выпускнікоў. Па-рознаму склаліся іх лёсы. У розных кутках блізкага і нават далёкага замежжа яны жывуць і працуюць. Многія з іх сталі інжынерамі, урачамі, тэхнолагамі, настаўнікамі. Шмат з іх засталося жыць і працаваць у роднай вёсцы.

Адрасы працы ўсіх нашых выпускнікоў пералічыць проста немагчыма. Але самае галоўнае, што ўсе былыя вучні памятаюць і любяць сваю родную школу, бо вяртацца дахаты з далёкіх краёў – найвялікшае шчасце.

Цяпер я вучуся ў 10 класе і мару стаць настаўніцай. На мой выбар паўплывала ўсведамленне таго, што я змагу вучыць дзяцей не толькі роднай мове, але і буду выхоўваць у іх любоў да роднага краю, да звычаяў беларусаў. Лічу, што прафесія настаўніка – самая патрэбная, самая адказная. Гэта яму даверана самае святое – выхаванне маладога пакалення. Ведаю, што гэта прафесія патрабуе цярпення, творчасці, што яна складаная, нялёгкая, але ўдзячная. Я не ўяўляю сабе жыцця без чулых, добрых, справядлівых настаўнікаў нашай школы. Многія з іх ўжо на заслужаным адпачынку.

Асобна хочацца сказаць пра былога дырэктара Парэцкай школы Лідзію Мартынаўну Адзінец. Мне не давялося ў яе вучыцца, але са слоў былых выпускнікоў, гэта чулы, справядлівы, патрабавальны да сябе і сваіх калег педагог.

Дваццаць шэсць гадоў узначальвала нашу школу Куляшэўская Людміла Фёдараўна, якая пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага прыехала ў Парэчча і засталася тут назаўсёды. Спачатку працавала настаўніцай, затым завучам, а з 1982 года – дырэктарам школы.

З 2008 па 2014 год педагагічны калектыў вяла за сабой Святлана Васільеўна Рагачэвіч – малады, энергічны кіраўнік, які аддаваў многа сіл усебаковаму развіццю сваіх выхаванцаў.

Зараз нашу школу ўзначальвае Вікторыя Васільеўна Вежнавец. Мы, а гэта настаўнікі, вучні і нашы бацькі, лічым, што нам пашчасціла на дырэктара. Настойлівасці Вікторыі Васільеўны па-добраму можа пазайздросціць кожны. Кіраўнік – натхніцель. З усведамленнем сённяшняга, з поглядам у заўтра і заўсёды – на вастрыі педагагічных навін.

…Дзяцінства. Цудоўная пара. Колькі хочацца ведаць, убачыць і адчуць! Менавіта ў гэты час дзецям неабходны чулы і душэўны настаўнік, які смела павёў бы па дарогах жыцця, адкрыў ім шлях у свет дабра і праўды, навучыў клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых. І вучаць усяму гэтаму ў нас настаўнікі пачатковых класаў. Самая вопытная, самая старэйшая сярод іх – мая першая настаўніца Святлана Ільінічна Варанцова.

За свае доўгія гады розныя падзеі адбываліся ў жыцці нашай школы. Шмат захавалася ў памяці назаўжды, стала жывой гісторыяй. Гартаючы старонкі летапісу, разглядаючы фотаздымкі і дакументы, бачыш маладыя твары настаўнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё выхаванню падрастаючага пакалення. Мы ганарымся сваімі ветэранамі працы: Адзінец Лідзіяй Мартынаўнай, Пігуль Зінаідай Максімаўнай, Пугач Марыяй Рыгораўнай, Раманоўскай Рэнай Мікалаеўнай,Куляшэўскай Людмілай Фёдараўнай, Шкурко Нілай Міхайлаўнай, Шкурко Пятром Аляксандравічам, Максімовіч Надзеяй Іванаўнай, Пась Зінаідай Васільеўнай, Івановай Сцепанідай Паўлаўнай, Мішур Тамарай Філіпаўнай, Адзінец Палінай Матвееўнай, Макрушыц Валянцінай Апанасаўнай, Адзінец Таісіяй Гаўрылаўнай, Максімовіч Аляксандрам Юр’евічам. Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту!

Я не проста люблю сваю школу, я вельмі ганаруся ёю. Калектыў нашай установы адукацыі – гэта  адзіная сям’я, якая аб’ядноўвае настаўнікаў, вучняў і бацькоў, гэта школа радасці, дзе ёсць магчымасць добра вучыцца, цікава адпачываць, займацца любімай справай. Дык хіба ж не гонар вучыцца ў такой школе?!

Пігуль Аляксандра, вучаніца 10 класа

ДУА “Парэцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *