Рудыя Белкі — Рудабелка

Бацькаўшчына Важное Год исторической памяти

Сёння ў нашай газеце стартуе праект “Бацькаўшчына”, у якім мы дадзім магчымасць вам, шаноўныя чытачы, зазірнуць ў мінулае і вярнуцца затым у дзень сённяшні. Гэта асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці. На працягу года на старонках газеты і сайта вы ўбачыце, як змяняліся населеныя пукнты нашага раёна, пазнаёміцеся са знакавымі архітэктурнымі аб’ектамі і гістарычнымі помнікамі Акцябршчыны, пачытаеце ўспаміны нашых старэйшых землякоў. І калі ў вас ёсць старыя здымкі з малюнкамі будынкаў, нават ужо неіснуючых, вуліц, дамоў, людзей, то, калі ласка, прыносьце іх у рэдакцыю.

Першыя пісьмовыя звесткі Рудабелку датуюцца 1507 годам

Першы выпуск “Бацькаўшчыны” мы вырашылі прысвяціць сялу Рудабелка і маёнтку з гэтай жа назвай. Дарэчы, сёлета мы будзем адзначаць 515 год з першага пісьмовага ўспаміну аб Рудабелцы.

У пачатку XVI стагоддзя сяло Рудыя Белкі было дадзена пану І. Гойцічу (Гойцавічу), верагодна, ва ўмоўнае часовае валоданне. На той час сяло ўваходзіла ў Бчыцкую (Пціцкую) воласць Мазырскага павета і пастаянна здавалася ў арэнду буйным магнатам.

У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт І Стары падараваў прыбытак з маёнтка Рудабелка Мікалаю Радзівілу ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў ваяводы трокскага, а ў 1526 годзе аддаў яму маёнтак ва ўласнасць. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Рудабелка адышла да яго сына Яна. Пасля яго смерці ў 1545 годзе маёнтак зноў становіцца дзяржаўнай уласнасцю. Згодна інвентару 1552 года, у Рудабелцы налічвалася 99 дамоў. На той час праз сяло праходзіў гандлёвы шлях са Слуцка ў Мазыр.

3 1583 ці 1588 года маёнтак арандаваў Ю. М. Зяновіч, затым яго зяць — князь А. М. Вішнявецкі. З 1661 года — Рудабелка знаходзіцца ў арэндзе (ці ўладанні) князя А. Г. Палубінскага. У 1683 годзе ў сяле пабудавана царква, меліся карчма, лесапільня, млын, рудня. На 1683 год Рудабелка — цэнтр воласці ў Мазырскім павеце. З 1685 года, пасля смерці Канстанцыя, сына А. Г. Палубінскага, зноў у валоданні Радзівілаў (праз сястру Канстанцыя, жонку Дамініка Мікалая Радзівіла). У маёнтку Радзівілаў мелася бібліятэка. У 1742 годзе сын Дамініка Мікалая Радзівіла, Мікалай Фаўстын, аддаў вёску мясцовай уніяцкай царкве. На 1748 год Рудабелка — цэнтр войтаўства Парэцкага двара. У сярэдзіне XVIII стагоддзя маёнтак пераходзіць да роду Лапаў. Прыкладна ў 1770-я гады ў сяле была пабудавана праваслаўная Пакроўская царква.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Рудабелка ўваходзіць у склад Расійскай імперыі і становіцца цэнтрам Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. Дзям’ян (Дамінік) Лапа ў першай палове XIX стагоддзя першым з мясцовых памешчыкаў праводзіць меліярацыйныя работы па асушэнню найбольш багністых месц. Пазней, калі маёнтак перайшоў да яго сыноў — Міхала і Аляксандра-Дыянізія, тут з’яўляюцца вінакурныя заводы, пяць малацільных машын, вадзяныя млыны, круперня, сукнавальня, адкрываецца народнае вучылішча (1863 год) і іншыя ўстановы. Згодна інвентару 1844 года, у маёнтак Рудабелка ўваходзілі 8 вёсак і 1 засценак, пражывала 803 асобы мужчынскага полу і 802 — жаночага.За захаванне зброі Лапамі падчас паўстання 1863-1864 гадоў маёнтак быў арыштаваны (ці часова канфіскаваны), і ў 1867 годзе Аляксандр Дыянізій быў вымушаны прадаць яго барону А. Я. Урангелю, які, у сваю чаргу, у 1874 годзе прадаў Рудабелку генерал-маёру О. Ф. Ліліенфельду.

З 80-х гадоў сяло належала памешчыкам Яхантавым, з 1907 года — Іваненкам.У склад Рудабельскай воласці на 1885 год уваходзілі 35 сяленняў з 570 дварамі. Замест састарэлай у 1887 годзе збудавана новая драўляная царква. З 1885 года ў маёнтку дзейнічаў спіртзавод, а з 1898 года — лесапільнае прадпрыемства; з 1916 года дзейнічаў тэлеграф. Напачатку XX стагоддзя з Азарыч праз Рудабелку праходзіла ваенна-камунікацыйная дарога. У 1916 годзе жыхары вёсак маёнтка самавольна захапілі і засеялі частку памешчыцкіх земляў. Для іх утаймавання былі выкліканыя жандары.

22 лістапада 1917 года ў Рудабелцы быў створаны валасны рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў Савецкую ўладу. У час акупацыі германскімі (1918 год) і польскімі войскамі (1919—1920 гады) у Рудабельскай і суседніх валасцях Бабруйскага павета захоўвалася Савецкая ўлада — існавала гэтак званая Рудабельская рэспубліка. Летам 1918 года ў Рудабелцы быў арганізаваны адзін з першых на Беларусі партызанскі атрад, які змагаўся супраць акупантаў. У канцы 1918 года, пасля таго, як партызаны прымусілі немцаў пакінуць воласць, у маёнтку арганізавана камуна, працаваў вадзяны млын. 16 студзеня 1920 года ў час карнай аперацыі палякі спалілі Рудабелку. У былым маёнтку барона Урангеля быў створаны саўгас «Рудабелка».

У красавіку 1942 года карнікі амаль цалкам спалілі вёску разам з жыхарамі, у тым ліку з суседніх вёсак (загінула больш за 700 чалавек).


Так выглядзеў маёнтак Рудабелка
А зараз на яго месцы размешчаны гарадскі сквер са сцэнай

Нажаль, здымкаў ці малюнкаў старадаўніх часоў не захавалася. Аднак у раённым цэнтры гісторыі і культуры ёсць экспазіцыя, прысвечаная Рудабелцы. Адзін з эспанатаў – макет маёнтка. Ён быў зроблены паводле ўспамін людзей. Гэта прыгожы дом з ганкам, відавочна, што ў ім некалькі пакояў, вялікая зала, а паводле гістарычных звестак – і бібліятэка. Як сведчылі нашы продкі, сам маёнтак стаяў у самым цэнтры сучаснага Акцябрскага, дзе зараз размешчаны гарадскі сквер, а калі дакладней, то як раз на месцы сённяшняй сцэны.

Вывучаючы біяграфію ўладальнікаў Рудабелкі ў розныя часы, можна зрабіць выснову, што амаль усе яны былі адукаванымі людзьмі, добра ставіліся да сялян, рабілі ўсё, каб мястэчка развівалася. Сказаць, што гэта быў глухі куток зямлі, ніяк нельга. Заводы, мельніцы, бібліятэкі, царква, вучылішча – на Рудабелцы жыццё бурліла. Як і ў мінулых стагоддзях, так і ў гады бліжэыйшыя да нас па часу.

Ірына Ляшкова.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *