Рэтраспектыва. Насуперак выпрабаванням у імя жыцця (вёска Юркі, Валосавіцкі сельскі Савет)

Общество

 

Геаграфічна-гістарычная даведка: вёска Юркі ўваходзіць у склад Валосавіцкага сельсавета. Размешчана ў 32 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Акцябрскі амаль на мяжы з Калінкавіцкім раёнам непадалёку ад аўтамабільнай трасы Р-34  Асіповічы – Акцябрскі – Азарычы. Уяўляе сабой адну кароткую, крыху выгнутую вуліцу. Ушчыльную прымыкае да змешанага лесу, з захаду – сетка меліярацыйных каналаў. Па пісьмовых крыніцах, вёска вядома з другой паловы ХІХ стагоддзя, знаходзілася ў складзе маёнтка Ліцвінавічы (уладанне памешчыка Вольбена), у ёй дзейнічала карчма. Перад Вялікай Айчыннай вайной у Юрках мелася 34 двары, усе яны былі спалены ў красавіку 1942 года фашысцкімі карнікамі, а 37 мясцовых жыхароў зверскі забіты, 31 аднавясковец не вярнуўся дадому з фронту. Пасля вайны адрадзілася, і ў 1959 годзе тут жылі ўжо 107 чалавек, у 1996-м – налічвалася 13 гаспадарак і 20 жыхароў, на сённяшні дзень у Юрках пражывае толькі адзін чалавек.

Пра Юркі мала хто ведае

Такое ўражанне можа скласціся, калі запытацца ў многіх, асабліва ў прадстаўнікоў маладзейшага пакалення, дзе знаходзіцца і ці наогул ёсць вёска з падобнай назвай. Большасць пажме плячыма: маўляў, дакладна не ведаю. Гістарычна склалася, што, сапраўды, Юркі за час свайго існавання быццам бы заўсёды неяк “заставаліся ў цяні” і нічым асаблівым аб сабе не заяўлялі. У прынцыпе, так яно і было: вёска ўтварылася напрыканцы ХІХ стагоддзя з разрозненых хутароў, якія месціліся на выспах сярод багністых балот і на лясных палянах, і ўвесь час (ды і зараз таксама) знаходзілася, як кажуць, “на водшыбе”. Да таго ж многім зараз незразумела і паходжанне яе назвы. Па версіі вядомага даследчыка-мовазнаўцы Аляксандра Рогалева, якая прыведзена ў яго кнізе “Назвы Бацькаўшчыны. Тапанімія Беларусі”, сваю назву вёска Юркі атрымала ад хутара, гаспадара якога звалі Юркам, а яго сыны былі вядомы суседзям як Юрачкі, Юркі. Атрымлівалася, што ўсе мужчыны на хутары – Юркі. Адсюль, пэўна, і пайшла назва пасялення.

Жыццё ў гэтым аддаленым вугалку ў савецкі час ішло звычайным для яго шляхам – ліквідацыя ці аб’яднанне хутароў, калектывізацыя, калгаснае будаўніцтва. Найбольш жа ў гісторыі гэта вёска адзначылася тым, што ў яе наваколлях у сакавіку 1944 года нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі лагер смерці – адзін з сеткі сумна вядомых азарыцкіх лагераў з мэтай распаўсюджвання эпідэміі сыпнога тыфу сярод мірнага насельніцтва і наступаючых часцей Чырвонай Арміі ў прыфрантавой паласе. Пад адкрытым небам сярод балота, на пляцоўцы, абнесенай калючым дротам, гітлераўцы трымалі каля 10 тысяч старых, жанчын і дзяцей. Многія загінулі тут, сярод якіх былі, безумоўна, і жыхары Юркоў. Сёння на месцы былога лагера – помнік у выглядзе скульптуры воіна, узведзены ў 1964 годзе, пазней рэканструяваны, які заўсёды дагледжаны.

Пасля вайны жыццё ў Юрках паступова наладжвалася, аднак буйным населеным пунктам, як бачна з гістарычнай даведкі, вёска так і не стала. Школы не было, мясцовыя вучні ў пачатковыя класы хадзілі ў суседнюю вёску Рог, а далей – у Валосавічы. Клуб таксама тут не будавалі, магазін, праўда, працаваў да пачатку 80-х.

Чым займаліся мясцовыя жыхары? У асноўным шчыравалі ў паляводчай брыгадзе калгаса імя Горкага: да эпохі камбайнаў жанчыны сярпамі зжыналі да 20 сотак збажыны за дзень, капалі ўручную бульбу, даглядалі за пасевамі, адным словам, вельмі цяжка гаравалі. На рубяжы 50-60-х гадоў у Юрках была і свая ферма, спачатку на ёй даілі кароў, потым даглядалі коней. Старажылы памятаюць нават валоў, якіх тут утрымлівалі: пры іх дапамозе і праз дзесяцігоддзе пасля вайны яшчэ аралі, перавозілі розныя грузы. Пазней жывёлагадоўля непасрэдна ў Юрках звярнулася, і большасць мясцовых стала хадзіць на работу ў Рог, дзе працавала даволі буйная і паспяховая свінаферма, на добрым рахунку знаходзілася і рагаўская паляводчая брыгада.

Цікава, што вёска Юркі, прызнаная неперспектыўнай яшчэ гадоў 40-50 таму, адмірала далёка не адразу, як гэта нярэдка бывала (напрыклад, на працягу дзесяцігоддзя – з 1996-га па 2006-ы колькасць жыхароў заставалася прыкладна аднолькавай – ля 20 чалавек). І толькі потым, калі старэйшае пакаленне ў аданачассі пачало зыходзіць у нябыт, колькасць насельніцтва Юркоў скарацілася да … аднаго чалавека.

 

Усім смярцям назло

Дом адзінай на сённяшні дзень жыхаркі вёскі Юркі Юліі Міхайлаўны Драпеза знаходзіцца на самым ускрайку ўжо, можна сказаць, аджыўшага сваё населенага пункта. Аднак, дзякуючы менавіта такім патрыёткам, як гэта бабуля, і працягваецца жыццё ў казалася б безнадзейным кутку.

—Сама я не карэнная жыхарка Юркоў, родам з Мядзведава, што кіламетрах у пяці адсюль на тэрыторыі цяперашняга Калінкавіцкага раёна, — рассказвае Юлія Міхайлаўна. – Маёй вёскі даўно няма, як і Дзерці, і іншых навакольных. У Юрках я ў 1955 годзе выйшла замуж, тут расціла дзяцей, працавала. Упраўлялася з коньмі ў брыгадзе, арала, капала бульбу, як і ўсе. Толькі крыху пазней перайшла на “чыстую” работу – вяла ў спецыяльным сшытку ўлік працадзён і сабранага ўраджаю. У мяне ж толькі 4 класы адукацыі, а вось матэматыка мне давалася, нават дзецям-старшакласнікам рашала задачкі. Апошнія гады даглядала парасят і свіней на рагаўской ферме. Усё ішло добра, пакуль не прыйшла бяда…

Першы інсульт здарыўся са шчырай працаўніцай у яе 43-гадовым узросце, прычым, прама на ферме. Неяк знайшла ў сябе сілы дапаўзці да ўвахода, а то ў стойлах свінні яе проста-напраста б растапталі. З таго часу з асноўнай працай прыйшлося развітацца, далі 3-ю групу інваліднасці. Праз 10 гадоў – новы ўдар. На вачах паралізоўвала адзін бок, у думках ужо развітвалася з жыццём, аднак любоў да блізкіх і моцная сіла духу не давалі скарыцца хваробе. Не пажылая яшчэ жанчына палічыла для сябе ганебным так проста здавацца: упарта лячылася, спрабавала шмат методык, уключаючы галаданне, экстрасенсорыку. І ўрэшце перамагла, калі яшчэ дадаць да гэтага два мікраінфаркты і рэўматызм, стала хадзіць і ўпраўляцца па дому. Дзякуй, канечне, урачам – і нашым, акцябрскім, і азарыцкім, і са сталічнай бальніцы. Галоўным у супрацьстаянні з немаччу была, безумоўна, вера ў сябе, свае магчымасці. І тут, як быццам сімвалічна, можна адзначыць, што лёс гэтай мужнай сталай жанчыны (Юліі Міхайлаўне зараз 79) нечым падобны на саму яе вёску, якая, няхай і ў адной жылой сядзібе, усе роўна працягвае жыць.

—Не зусім правільна будзе сказаць, што я апошняя ў Юрках жыхарка, — адзначае Ю. М. Драпеза. – Пастаянная, напэўна, так. У нас яшчэ дзве хаты заняты, так бы мовіць, пад дачы – адзін гаспадар жыве ў Дзербіне, другі – за межамі раёна, але яны часта прыязджаюць у бацькоўскае гняздо. Мы раней жылі нібыта адной сям’ёй. Збіраліся разам, ладзілі святы, спявалі… Ну а мяне і так з боку не забываюць. Тая ж аўтакрама прама да дома пад’язджае па аўторках і чацвяргах, купляй, што хочаш, з прадаўцамі вельмі сябрую. Часта наведваюцца з сельскага Савета, таксама ў просьбах не адмаўляюць. Вось не гарэў ля хаты ліхтар – наладзілі. Адзінае пажаданне – каб хаця б раз у месяц у першую пятніцу аўтобус з райцэнтра, што заходзіць у Рог, рабіў бы круг і да мяне, гэта ж не так далёка. Я інвалід другой групы, патрэбна рэгулярна наведваць бальніцу, выпісваць па ільгоце лекі. Да Рога я ўжо сама не дайду, а так трэба кагосьці прасіць, а не ва ўсіх атрымліваецца дапамагчы…

Як бачна, на адзіноту Юлія Міхайлаўна Драпеза не скардзіцца – усё ж такі прызвычаілася, што і суседзяў не стала, і дома даўно няма з кім словам перакінуцца. Муж Уладзімір Рыгоравіч, былы калгасны будаўнік, памёр 11 гадоў назад. Яшчэ раней не стала і сына Валерыя: ён, як інвалід Савецкай Арміі, вельмі рана пакінуў гэты свет, пахаваны ў Дзяржынску, дзе і жыве яго сям’я. Дочкі Галіна і Валянціна таксама абаснаваліся ў вялікіх гарадах – Мінску і Барысаве, аднак маці наведваюць даволі часта. У Міхайлаўны таксама пяць унукаў і чацвёра праўнукаў, шкадуе, што, як падраслі, радзей сталі выбірацца да бабулі. Яе ж утульны дом з прыгожым кветнікам, невялікім агародчыкам (бабуля яго даглядае сама) і курамі на падворку заўсёды рады самым дарагім гасцям.

Як, паўторымся, сапраўдны патрыёт сваёй вёскі, Юлія Міхайлаўна ахвотна згадзілася паказаць нам адметнасці Юркоў. Гэта перш за ўсё маляўнічыя грыбныя мясціны, якія раскінуліся зусім побач. Як добры год, кажа бабуля, можна гуляючы назбіраць ладны кош крамяных баравічкоў, а то і болей, літаральна ў метрах ста ад хаты. Уразілі  размешчаныя за паўтара кіламетра ад Юркоў сярод лесу на высокай гары побач з акопамі ваенных часін вясковыя могілкі. Яны вельмі дагледжаныя, з новай агароджай, усе магілы прыбраныя, упрыгожаны кветкамі. Такі ў Юрках звычай, як паясніла Юлія Міхайлаўна: ідзеш прыбірацца да Радаўніцы ці Дзядоў, абавязкова навядзі парадак і на тым месцы пахавання, куды ўжо даўно не прыязджаюць родныя. А Радаўніца, безумоўна, збірае вельмі многіх з далёкіх і блізкіх гарадоў і сёл, па якіх за ўсе гэтыя гады раз’ехаліся карэнныя юркоўцы. На жаль, усё менш застаецца родных некалі ім хат – іх, прызначаных бясхознымі, паступова ліквідуюць. Толькі за мінулую вясну такіх былых домаўладанняў было знесена 6, а на іх месцы з’явіліся засеяныя сельгаскультурамі участкі, што стала яшчэ адной прыкметай такіх населеных пунктаў, падобных Юркам, дзе ўсё ж такі, хоць і амаль незаўважна, але жыццё працягваецца…  

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.      

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *