Разам з татам на каток!

Общество

Спорт у сям’і Мікалая і Ірыны Трыбуш з Акцябрскага займае важнае месца. З самага ранняга ўзросту бацькі фарміруюць у дзяцей – Мікіты і Варвары – правільныя звычкі, далучаюць да здаровага ладу жыцця.

Мікалай Уладзіміравіч з дзяцінства займаўся футболам. Яшчэ калі ён вучыўся ў першым класе, зацікавіўся гэтым відам спорту і быў верны яму на працягу амаль трыццаці гадоў. Гуляў у складзе зборнай каманды Акцябрскага раёна.

– Люблю спорт, прычым мне падабаюцца розныя яго віды, – гаворыць Мікалай. – Але больш за ўсё прыцягвае футбол. На жаль, пасля таго як атрымаў траўму, ужо некалькі гадоў не гуляю. Аднак свае веды і вопыт я перадаю дзецям. Асабліва дачка цікавіцца. І не толькі футболам. Яна зараз знаходзіцца ў тым узросце, калі ёй хочацца паспрабаваць сябе шмат у чым. Гэта, лічу, вельмі добра: у жыцці ўсё спатрэбіцца.

Варвары адзінаццаць гадоў, дзяўчынка вучыцца ў 5 класе Акцябрскай раённай гімназіі. Актыўная, пазітыўная, творчая. Наведвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе навучаецца вакалу, а таксама грае на фартэпіяна. У вольны час Варвара разам з татам ходзіць на лыжах і катаецца на каньках, прычым яны ездзяць на каток не толькі ў Акцябрскім, але і ў іншыя гарады. Акрамя таго, дзяўчынку цікавяць аўтамабілі і рыбалка.

– Мы часта наведваем басейн, – расказвае Мікалай Ула- дзіміравіч. – Калі Варвара была маленькай, яна баялася вады. Але паступова дачка пераадолела свой страх і навучылася плаваць. Я дапамагаў ёй і падстрахоўваў, калі было неабходна. Што тычыцца канькоў, Варвара навучылася на іх стаяць вельмі хутка, бо ў яе да гэтага былі навыкі катання на роліках. А наогул мы імкнемся, каб нашы дзеці развіваліся рознабакова, і прыкладваем для гэтага ўсё магчымае і немагчымае. Сын Мікіта ўжо дарослы, яму дваццаць гадоў. Зараз ён праходзіць тэрміновую ваенную службу ва ўнутраных войсках, вайсковая часць знаходзіцца ў Гомелі. Скончыў Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж. Раней яго таксама цікавіў спорт, але з часам інтарэсы змяніліся.

Мікалай і Ірына Трыбуш лічаць, што самае лепшае ўкладанне ў дзяцей – гэта любоў. І стараюцца даць своёй дачцы і сыну як мага болей, нягледзячы на тое, спорт гэта, музыка ці нешта іншае.

Аксана Борсук. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *