21 лютага адзначаецца дзень роднай мовы. Ён спрыяе прыцягненню ўвагі да кожнай нацыянальнай мовы, каб захаваць культурную разнастайнасць на планеце. Мы спыталі ў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры аб тым, што значыць для іх родная мова. Атрымалі даволі чулыя і сардэчныя адказы.
Ларыса Міхайлаўна Прахоцкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2:

– Беларуская мова – гэта маё ўсё! Больш за 40 гадоў я працую настаўнікам, з іх 26 – выкладаю беларускую мову. Што для мяне родная мова? Перш за ўсё, я на ёй думаю і адчуваю. Часта заўважаю, што мне прасцей сфармуляваць думкі і выказаць нешта менавіта на беларускай мове. Для мяне наша мова – гэта мова паэзіі, мова песень, мова, на якой гучаць самыя сакрэтныя рэчы. Гэта спосаб дакрануцца да сэрцаў вучняў, выклікаць у іх эмпатыю, навучыць іх адчуваць прыгожае.
У сучасных гістарычных і культурных умовах (улічваючы складаную гісторыю беларускай мовы) настаўнік роднай мовы – гэта захоўнік спадчыны. Ён не проста выкладае, а выконвае ролю захавальніка і перадавальніка нацыянальнага кода, культуры і ідэнтычнасці новаму пакаленню. Гэта ўскладае велізарную адказнасць.
Прыемна, што ў апошнія гады на беларускую мову пачалі звяртаць увагу, вучні выбіраюць яе для здачы цэнтралізаванага экзамена. А я, як настаўнік, ім дапамагаю. Хацелася б, каб для вывучэння роднай мовы выдзялялася больш гадзін, чым зараз. Для мяне мой прадмет – гэта дом, абавязак і песня. Гэта тая аснова, на якой будуецца прафесійнае жыццё і асабістая ідэнтычнасць.
Вераніка Сяргееўна Акуліч, намеснік дырэктара Майсееўскай базавай школы:

– Што для мяне значыць беларуская мова? Беларуская мова і я – гэта адно цэлае, я не ўяўляю сябе без мовы! Я параднілася з ёю з самага нараджэння, бо чула беларускія калыханкі, казкі, апавяданні, проста гаворку ад сваіх бацькоў і родных… Шмат чытала, мне чыталі.
І зараз у маёй сям’і заўжды жыла і жыве гэтая мілагучная, самая родная, самая сапраўдная мова! Дзякуючы беларускай мове я ёсць. Я – БЕЛАРУСКА, я – дачка, я – матуля, я – жонка, я – настаўнік.
Беларуская мова жыве ўва мне і са мной. Яна крочыць разам са мной па жыцці. Мы разам пераадольваем цяжкасці, непаразуменні. Мы разам ганарымся поспехамі, перамогамі па-свойму, па-беларуску.
Я і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры вырашыла стаць, каб гучала наша родная мова, каб мае вучні маглі з гонарам вымаўляць: «Я – беларус. Я люблю сваю мову, сваю краіну. Я – патрыёт!» І пажадана, каб казалі яны гэта на беларускай мове.
Мне хочацца прывесці словы Пятра Бітэля: «Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця». Любіце сваё, роднае, размаўляйце на беларускай мове часцей!
Наталля Іванаўна ЧАрнікевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Акцябрскай раённай гімназіі:

– Рэчка нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, а чалавечая годнасць i вартасць пачынаюцца з пашаны да роднага слова, да роднай зямлi, да ведання яе гiсторыi. Немагчыма не любіць родную мову. Для мяне гэта не пустыя словы. Ужо колькі гадоў вучу дзяцей мове і літаратуры і кажу ім, што мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Вельмі хачу, каб дзеці ведалі і шанавалі традыцыі і культуру нашага народа. Мару, каб мова наша гучала не толькі на ўроках у школе, але і ў доме кожнага беларуса, каб нашы ўнукі і праўнукі таксама змаглі пазнаць духоўныя скарбы, назапашаныя на беларускай зямлі вякамі. Мая дачка, дарэчы, стала настаўніцай і таксама, як і я, выкладае вучням беларускую мову і літаратуру. Таму ў нашай сям’і родная мова гучыць пастаянна.
Шчыра, ад усяго сэрца люблю беларускую мову, захапляюся творамі беларускіх класікаў і вельмі рада, калі сярод вучняў знаходзяцца дзеці, якім «даецца» мова, якія лёгка на ёй размаўляюць і вывучаюць яе з задавальненнем.
З вялікай радасцю ўспрыняла ініцыятыву «Кожная пятніца – роднае, сваё». Праект закліканы аб,яднаць арганізацыі і грамадзян у справе папулярызацыі айчынных тавараў, іх якасці, разнастайнасці беларускіх страў, прыгажосці роднай мовы. Гляджу, што людзі пачалі часцей здымаць відэаролікі на роднай мове, і іх вельмі добра ўспрымаюць гледачы. Такімі крокамі мы не забудзем родную мову, і яна будзе жыць і далей, чаго я вельмі жадаю.
