Нататкі вясковай моладзі

Общество

1

Сёння ідзе дождж. Людзі сумныя, санлівыя. А праз дзень, мабыць, будзе сапраўднае пекла. Гэта ўсё яно – доўгачаканае лета. Спадзяваліся, што, як толькі настане чэрвень, жыццё зайграе новымі фарбамі, кожны дзень будзе не такім, як ранейшы. На жаль, калі летам знаходзішся ў адным месцы больш за месяц, асабліва пасля шматгалосага Мінску, ахоплівае нуда. Таму я вырашыла пашукаць іншае месца для адпачынку, пазнаёміцца з новымі людзьмі, даведацца пра тое, як праводзіць свой вольны час моладзь удалечыні ад аквапаркаў, кінатэатраў і іншых асабістасцей сучасных мегаполісаў. Да таго ж сяброўка Наталля Быхан, якая сёлета скончыла раённую гімназію, запрасіла да сябе ў Майсееўку, колісь вёску, а зараз аграгарадок. “Якая ўдача, – падумала я. – Яна і будзе маім экскурсаводам у такім незнаёмым для мяне месцы. Пачынаем спасцігаць аграэкатурызм па-майсееўскі”.
Уязджаючы ў аграгарадок, агледзелася. Нічога цікавага і незвычайнага не заўважыла. Вёска як вёска. Наташа потым рассмяялася і сказала, што, сапраўды, з першага погляду цяжка заўважыць асабістасць мястэчка. Такія ж дрэвы, як усюды, дамы, пошта, магазіны, прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, помнік загінуўшым землякам, які ўзвышаецца ў пачатку аграгарадка, як напамін пра жахі вайны. Але ёсць прыгажосць і непаўторнасць, якая цягне спадарожніка ў другі і трэці раз. Мне стала цікава, чым жа можа прывабіць гэты населены пункт чужынца, асабліва юнакоў і дзяўчат, якія прыязджаюць да бабулі ў госці, і тых, хто жыве тут?

З лесу – на дыскатэку!

2На самой справе аказалася, што дзяцей і моладзі тут шмат. Жывуць дружна, ніхто нікога не крыўдзіць. Вольнага часу ў Майсееўцы не так многа: трэба дапамагаць па гаспадарцы бацькам, старэйшым. Няма ніводнага дня, каб дзеці не сядзелі без працы – у вёсцы яе хапае. Калі хочацца дадатковых грошай, можна хадзіць па ягады (блага, чарніц у гэтым годзе дастаткова), грыбы, працаваць на зернетаку. Так, нават за дзесяць дзён можна зарабіць больш за адну тысячу ўжо дэнамінаваных беларускіх рублёў. Зусім нядрэнна.
Наташа распавядае:
– Ёсць у вёсцы і клуб. Там праводзяцца розныя мерапрыемствы, канцэрты, дзеці наведваюць заняткі па інтарэсах, дыскатэкі. Дзіджэя ў нас няма, дзяўчыны і хлопцы самі прыносяць музыку, апаратуру і танчаць да ўпаду. Народу прыходзіць звычайна нямала, бывае, прыязджаюць з іншых вёсак, з Акцябрскага. Мы любім наш клуб, але ён вельмі стары і ўжо не адпавядае тым установам, якія не тое што па тэлевізару, у райцэнтры не ўбачыш. Хацелася, каб новы клуб, які нам абяцалі зрабіць, усё ж такі дабудавалі ў Майсееўцы.

Трэнажорка пад ліпамі

За размовай мы не заўважылі, як завіталі ў госці да хлопчыка Сашы, які сам зрабіў у сваім садзе “трэнажорны зал” з дрэў, жалеза, падручных матэрыялаў, каб кожны, хто хацеў прывесці сябе ў добры фізічны стан, прыходзіў і займаўся на карысць здароўю. Месца юнак аблюбаваў даўно. І вось так па крысе ператварыў бабулін сад і агарод у міні-комплекс. А ў самым лесе, на ўскрайку сяла, старэйшыя хлопцы пабудавалі альтанку, сталы і месцы для сядзення – усё драўлянае, самаробнае. Гэта яшчэ раз падкрэслівае думку пра тое, што ў вёсцы ёсць моладзь, якая клапоціцца пра ўтульнасць свайго кутка. Для яе словы “любіць і шанаваць свой родны край” атаясамліваюцца з дзеясловамі “клапаціцца, упрыгожваць, ганарыцца”. Самой Наталлі вельмі падабаецца тое, што ў Майсееўцы “не модна” прыходзіць на дыскатэку ці хадзіць па вуліцы нападпітку. З такімі асаблівая размова – іх не заўважаюць, бо моладзь не падзяляе такія інтарэсы. Таму, на думку Наталлі, у аграгарадку п’янства – не распаўсюджаная з’ява. Амаль што ўсе хлопчыкі і дзяўчаты любяць займацца спортам. Праводзяць паміж сабой розныя спаборніцтвы па футболе, валейболе. Не раз юнакі станавіліся прызёрамі не толькі сярод вёсак Акцябрскага раёна, але і ў вобласці. Гэта развівае моц духу, стрыманасць, мэтанакіраванасць, умацоўвае здароўе, дае адпачынак арганізму, асабліва пасля цяжкай вучобы.

Няма кавярні – будзе!

3 (2)Тыпічная праблема падобных аграгарадкоў – недастатковасць ці ўвогуле адсутнасць месца, дзе можна было б адпачываць з сябрамі, накшталт невялічкага кафэ. Але і тут моладзь аграгарадка Майсееўка не засталася ў баку. Зараз у іх ёсць 4 імправізаваных “кафэ”, дзе яны часта збіраюцца, гуляюць, спяваюць. Знешне гэта быццам звычайны дом, таму староннія амаль што і не звяртаюць увагі. Тым больш, што юнакі і дзяўчаты нічога благога не робяць. Іх суполкі нагадваюць бабуліны вячоркі, толькі дзяўчаты не робяць вышыванкі, а хлапцы не іграюць на гармоніку. А так, усё, як заўсёды: жарты, гульні, прыемныя зносіны.

Нішто мне душу так не лечыць…

4Наташа працягвае:
– Сумна, што ў нашай любімай школе навучанне зараз толькі да 9 класа. Потым, безумоўна, у дзяцей ёсць выбар, дзе вучыцца далей. Але гэта, на маю думку, таксама накладвае свой адбітак на тое, што моладзь пакідае аграгарадок. Я, напрыклад, перайшла ў Акцябрскую раённую гімназію. Там было добра вучыцца, але пра сваю Майсееўскую школу засталося столькі ўспамінаў! Збіралі калектывы, выступалі, праводзілі конкурсы, мерапрыемствы. Нішто мне душу так не лечыць, як мары пра тое, што мае веды, атрыманыя на радзіме, спатрэбяцца, і я буду жыць карыснымі справамі. Дзяцінства – самыя лепшыя гады майго жыцця. Я люблю сваю Майсееўку.

Пра пераемнасць святаў і дабрыні

5Я даведалася, што самае галоўнае свята вёскі, як кажуць у народзе, прастольнае – Троіца, а Дзень вёскі Майсееўка адбудзецца 13 жніўня. Раней на свяце забаўляліся па-рознаму. Напрыклад, былі бяспройгрышныя латарэі, на якіх можна было выйграць парася альбо сена, што вельмі зручна для гаспадаркі. Зараз такога няма, але таксама сыходзіцца шмат народа, усе добра і дружна адпачываюць, весяляцца. І зноў-такі можна паглядзець народныя абрады, пачаставацца на падвор’ях. Работнікі культуры, са слоў майго экскурсавода, людзі апантаныя, якія з “нічога” робяць многае, а самае галоўнае – заахвочваюць моладзь. Таму, напэўна, традыцыйна моладзь з вёсак асаблівая: добрая, адкрытая, бясхітрасная і працавітая.

А так хочацца да вады…

6Калі абысці аграгарадок, то можна заўважыць, што тут няма рэчкі. Гэта адзін з недахопаў аграгарадка. Асабліва гэта адчуваецца ў поўнай меры спякотным летам, калі вельмі хочацца купацца. Так, можна акунуцца ў невялікі вадаём, які ёсць у Майсееўцы, але адчуванні не тыя. У ім лепш за ўсё лавіць рыбу, кажуць мясцовыя, што і робяць з ахвотай хлопцы і іх бацькі.
Пазнаёміўшыся з дзяўчынамі і хлапчукамі рознага ўзросту, пагутарыўшы з імі, зразумела, што сваю вёску яны любяць, але хочуць, каб былі лепшыя ўмовы для творчасці, арганізаванага адпачынку. Усе яны жыццялюбівыя, працаздольныя, энергічныя, таму хочацца, каб усе іх планы і мары спраўджваліся. Трэба ўсім прыкласці намаганні – і тады аграгарадок Майсееўка будзе цэнтрам моладзевага руху.
… Вось і выйшла з-за хмар сонейка, вуліцы зайгралі яркімі колерамі, настрой значна палепшыўся. Прыемна, што ў нашым раёне існуюць такія надзвычай цікавыя вёскі з добрымі людзьмі.
Падрыхтавала Дар’я ШЛАПАКОВА, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Нататкі вясковай моладзі

  1. А нам приятно читать публикации начинающей, но талантливой журналистки!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *