Насустрач ранішняй зары

Общество

DSC_0134 DSC_0138 DSC_0141Ля ціхай рэчкі Нератоўкі
Вёску Вуглы, як паселішча, па гістарычных мерках старажытнай не назавеш – яна вядома дзесьці з другой паловы ХVІІІ стагоддзя. У ХІХ стагоддзі належала да маёнтка Качай Балота Бабруйскага павета, якім валодалі генеральша Вера Іванаўна Аненкава і калежскі асэсар Мікалай Іванавіч Бухарын. Землі тут былі нядрэнныя, вакол багатая прырода. Па адной з гістарычных версій, памешчыкі давалі зямельныя надзелы адстаўным вайскоўцам, “асаднікам”, як іх тады называлі. Магчыма, адсюль і пайшло прозвішча Асадчы, якое насілі і зараз носяць большасць карэнных жыхароў в. Вуглы.
Акрамя зямлі, тутэйшых сялян карміла і рэчка Нератоўка, на левым беразе якой і месцілася вёска. У даўнія часы гэта водная артэрыя была больш паўнаводнай, вадзілася шмат рыбы. Нават у 60-я гады мінулага стагоддзя, калі Нератоўку спрамілі і пераўтварылі ў канал, на ёй у раёне Вуглоў яшчэ можна было няблага парыбачыць і пакупацца. Наогул, меліярацыя тады аказала значны уплыў на ваколіцы вёскі: багністыя балоты, якія скрозь акружалі Вуглы, пераўтварыліся ва ўрадлівыя палі з вялікай сеткай асушальных каналаў, важкая аддача ад меліярацыі адчуваецца і зараз. На пачатку 70-х тут планавалася нават запусціць штучнае возера з насоснай станцыяй, якое б выконвала і арашальную функцыю (такія аналагі паспяхова выкарыстоўваліся, напрыклад, у Брагінскім раёне). Аднак з-за памылкі ў праекце (не ўлічылася блізкае заляганне грунтовых вод), эксплуатацыя вадасховішча амаль адразу была прыпынена, з цягам часу возера зарасло і аб яго ранейшым існаванні нагадвае зараз толькі абрамлены дрэвамі і кустоўем насып на паўднёвай ускраіне вёскі. Шкада, што вуглоўцы (ды і не толькі) так і не паспелі скарыстацца гэтым месцам для адпачынку і рыбнай лоўлі.

Бывай, сядзіба і калгас…
Вёска Вуглы ніколі не была вялікай. Перад Вялікай Айчыннай вайной тут пражывала ля 300 жыхароў, па перапісу 1959 года налічвалася 223 вяскоўцы – па мерках таго часу нямнога. Працалюбівыя вуглоўцы спрадвеку абраблялі зямлю, атрымліваючы добрыя ўраджаі, пазней – у 60-70-х гадах мінулага стагоддзя многія шчыравалі і ў меліярацыі. Актыўны ўдзел прымалі і ў калгасным будаўніцтве (жыхары Вуглоў у 1930 годзе аднымі з першых у раёне аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку імя Калініна). У пасляваенны час на тутэйшых землях быў утвораны калгас “Зара”, які праіснаваў да 1975 года. Як успамінаюць старажылы вёскі, тады гэта была даволі моцная гаспадарка, з якой лічыліся многія ў раёне, калі “Зара” па асобных паказчыках выходзіла на лідзіруючыя пазіцыі.
–“Зару” я яшчэ застаў у апошні год яе існавання, калі падчас вучобы ў Акцябрскім СПТВ-41 праходзіў тут вытворчую практыку, – расказвае карэнны жыхар Вуглоў, а зараз стараста гэтай вёскі Дзмітрый Васільевіч Асадчы. – Старшынёй тады быў Валянцін Сямёнавіч Касько, строгі, але справядлівы кіраўнік, які вельмі любіў парадак. Цэнтр калгаса знаходзіўся ў Вуглах: тут былі і кантора, і мехдвор з мноствам разнастайнай тэхнікі, і піларама, і зернесушылка, і, безумоўна, малочная ферма. Жывёлагадоўчыя аб’екты, а таксама паляводчыя брыгады дзейнічалі і ў астатніх населеных пунктах гаспадаркі – Істопках, Заазершчыне, Зуб-Будзе. Вуглоўская ж паляводчая брыгада лічылася адной з лепшых у раёне па вырошчванню зерневых, бульбы, караняплодаў, нарыхтоўцы кармоў, яе кіраўніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Якава Васільевіча Статкевіча, добра ведалі нават за межамі Акцябршчыны. Цудоўны быў чалавек, у якога кожны мог многаму навучыцца. Нездарма і мянушка ў Якава Васільевіча была Гаспадар. На жаль, летась ён пайшоў з жыцця – апошнія гады правёў у дзяцей у Бабруйску. Тады ж актыўна вялося жыллёвае будаўніцтва – новыя добраўпарадкаваныя кватэры па вуліцы Маладзёжнай, што з левага боку шашы, калі ехаць на Парычы, атрымалі ў асноўным механізатары, жывёлаводы і паляводы з навакольных невялікіх вёсачак і тыя, як, напрыклад, Істопкі, Заазершчына, практычна апусцелі. Мабыць, таму тагачаснае раённае начальства прызнала немэтазгодным мець асобную гаспадарку ў адной вёсцы, і наша “Зара” была далучана да суседняга калгаса “Усход” з цэнтрам у Майсееўцы. Аднак тэхніку забралі не адразу, мехдвор яшчэ пэўны час дзейнічаў, як, дарэчы, ферма і брыгада, а мае землякі добра заяўлялі аб сабе, працуючы ўжо ў складзе калгаса “Усход”.
І гэта сапраўды так. Многія вуглоўцы шчыравалі на зямлі аддана, не лічачыся з уласнымі інтарэсамі, і дасягалі выдатных поспехаў у працы. На слыху пастаянна былі імёны механізатараў Івана Цярэнцьевіча Папругі, узнагароджанага за доблесную працу ордэнам Леніна, Пятра Васільевіча Васілеўскага, Міхаіла Назаравіча Прахоцкага, Сямёна Іванавіча Вежнаўца і больш маладзейшых, флагманаў сацыялістычнага спаборніцтва, якія зараз ужо на заслужаным адпачынку, – Васіля Лявонцьевіча Філіповіча, Уладзіміра Аляксандравіча Асадчага, Івана Ігнацьевіча Асадчага, высока цанілі ў гаспадарцы і нашага суразмоўцу – перадавога трактарыста Дзмітрыя Васільевіча Асадчага.
Асобна трэба сказаць і аб вуглоўскай малочнатаварнай ферме. Калектыў гэтага жывёлагадоўчага аб’екта доўгія гады ставілі ў прыклад іншым. І было за што: нават у цяжкія часы для сельскагаспадарчай галіны (як, напрыклад, на мяжы 90-х – пачатку 2000-х) вытворчасць малака на вуглоўскай МТФ была на пад’ёме і сюды пастаянна прыязджалі пераймаць перадавы вопыт брыгадзіра фермы, заўчасна пайшоўшага з жыцця Мікалая Іванавіча Баравога, лепшых даярак Марыі Васільеўны Дашкевіч, Любові Уладзіміраўны Таранцовай і іншых. На жаль, гэта перадавая ферма спыніла сваё існаванне 13 гадоў назад. Наогул, акрамя пустуючага будынка былога цялятніка, што ля могілак, сельскагаспадарчых аб’ектаў на тэрыторыі вёскі Вуглы цяпер няма. Не кажучы ўжо аб колішніх канторы і мехдвары, на месцы якіх зіяе пустэча…

“Нам хоць бы магазін зноў адкрылі”
Наданне Вуглам у свой час статуса неперспектыўнай вёскі паступова прывяло да заняпаду гэтага населенага пункта. Услед за знікненнем сельскагаспадарчых аб’ектаў такі лёс напаткаў фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, клуб, а два гады таму назад – і магазін. Яшчэ не старыя, трывалыя і даволі прывабныя знешне будынкі ўстановы культуры і гандлю зараз на замку, дзе расклад іх работы заменены шыльдамі “Прадаецца” і “Здаецца ў арэнду”. Ахвотнікаў, праўда, даць ім другое жыццё пакуль не знайшлося. Да абмежаванняў у сферы абслугоўвання вяскоўцы ўжо прывыклі, на адсутнасць увагі, праўда, і не скардзяцца – у Вуглы па пэўных днях наведваецца медык з Майсееўкі, рэгулярна дастаўляецца пошта. І хоць тройчы на тыдзень – па панядзелках, серадах і суботах сюды заязджае аўталаўка з неабходным асартыментам тавараў, большасць мясцовых жыхароў ніяк не можа звыкнуцца з адсутнасцю ў іх вёсцы стацыянарнай гандлёвай кропкі.
– Усё ж такі дрэнна, што ў нас магазін закрылі, – дзеліцца меркаваннямі Д. В. Асадчы. – Гэта вельмі нязручна чакаць аўтакраму ў прызначаны час, асабліва на холадзе. Раней магазін быў для нас як другі дом: сустрэнешся там з землякамі, пагутарыш, не спяшаючыся, выбераш пакупку, якую табе трэба. Добра было б, каб усё вярнулася, як раней, хаця наўрад такое магчыма. Адміраюць паступова нашы Вуглы…
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што канчаткова “ставіць крыж” на гэтай вёсцы яшчэ ранавата. На сённяшні дзень тут пражывае 40 чалавек пастаяннага насельніцтва, 15 яшчэ ў працаздольным узросце, 8 дзяцей наведваюць майсееўскую школу. Летам людзей у Вуглах становіцца болей – прыязджаюць родныя і блізкія з гарадоў, дабрацца не праблема, бо вёска стаіць на трасе рэспубліканскага значэння, адкуль аўтобусам можаш трапіць у Гомель, Светлагорск, іншыя месцы (такое выгаднае геаграфічнае становішча і паспрыяла ў свой час адтоку моладзі з Вуглоў). Мясцовыя жыхары, як і раней, трымаюць гаспадарку, летам могуць зарабіць капейку ў лесе на зборы грыбоў і ягад, актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем роднай вёскі. Што датычыць апошняга, то на месцы знесеных старых хат і будынкаў зараз дагледжаныя ўчасткі севазвароту сельгаспрадпрыемства, парадак прытрымліваецца на ўсіх трох вуліцах вёскі, пад пастаянным наглядам Пратасаўскага сельвыканкама і мясцовых жыхароў помнік 20-ці аднавяскоўцам, загінуўшым на франтах Вялікай Айчыннай і ў партызанскіх атрадах, праводзяцца іншыя мерапрыемствы па навядзенню парадка на зямлі. Адным словам, жыццё працягваецца…
Юрый Каспяровіч.
На здымках: стараста вёскі Вуглы Д. В. Асадчы – адзін з ужо нямногіх жыхароў аддаленай вуліцы Зялёная; адсюль дарога пачынае напрамак роўна на ўсход (панарама в. Вуглы); зачыненая крама чакае свайго арандатара.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *