Народны музей у вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна – цэнтр гістарычнай і інфармацыйнай культуры

Бацькаўшчына Культура Общество

Хутка бяжыць час. Ен надае мудрасці, мяняе каштоўнасці. Але ёсць ісціны, якія павінны ўвайсці ў свядомасць з дзяцінства: фарміраванне паважных адносін да сваёй Айчыны, выхаванне пачуцця гонару і глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, да той маленькай радзімы, дзе кожны з нас нарадзіўся і вырас.

Багаты краязнаўчы матэрыял, гераічнае мінулае Акцябрскага раёна абумовіла стварэнне музея, які быў адкрыты 8 мая 1983 года.

Музей уключае ўсябе дзве залы. У першай зале знаходзіцца пастаянная экспазіцыя, якая складаецца з 12 раздзелаў, дзе можна атрымаць інфармацыю аб родным краі з далёкай мінуўшчыны і да сучаснасці. У другой зале – пакой быту беларускага селяніна.

У музеі 14вітрын, 23 стэнды. Музей налічвае 1213 музейных прадметаў асноўнага фонду: рукапісы, асабістыя рэчы, кнігі, газеты, часопісы, фотаздымкі, успаміны, публікацыі. Навукова-дапаможны фонд налічвае 1120 прадметаў.

Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца крамянёвая шліфаваная сякера, знойдзеная на месцы стаянкі каменнага веку (1 тыс. н. э.) в. Парэчча, пячатка з выявай шляхецкага герба.

Пошукава-даследчая дзейнасць прадаўжаецца і зараз. У папаўненні фонду музея прымаюць удзел нетолькі навучэнцы і педагогі школы, але і аднавяскоўцы, госці музея. Неабходныя матэрыялы былі таксама прадстаўлены пракуратурай Акцябрскага раёна.

Ля вытокаў заснавання музея стаяў калектыў аднадумцаў на чале з былым настаўнікам гісторыі, кіраўніком музея Шкурко Пятром Аляксандравічам. Зараз натхняе на працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны кіраўнік музея Матусевіч Галіна Сяргееўна.

Сельская школа – гэта цэнтр жыцця, энергіі, мудрасці і прыгажосці. На ёй трымаецца ўсё духоўнаеі свецкае жыцце.

Гонарам нашай установы з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей. Членамі аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” быў распрацаваны праект “Пашпарт малой Радзімы”, задачамі якога з’явілася выяўленне, даследаванне, стварэнне фотагазет, планшэтаў, старонак летапісу роднага краю.

З2018 года ва ўстанове дзейнічае рэсурсны цэнтр па патрыятычным і грамадзянскім выхаванні.

Адным з галоўных вынікаў яго работы з’яўляецца практычная дзейнасць навучэнцаў. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што ў першую чаргу дапаможа маладым душам авалодаць сацыяльна-грамадзянскімі кампетэнцыямі.

Праектная і даследчая дзейнасць прадстаўляе даследаванні па тэмах: “Маё Парэчча”,“Падарожжа па малой Радзіме”, “Тапанімічныя назвы Парэцкага сельскага савета”,“Ручнік – прадмет інтэр’ера”, “Школьны радавод”.

Працуючы над гэтымі даследчымі праектамі, пераканаліся ў тым, што сапраўдны грамадзянін любіць і ганарыцца сваёй малой Радзімай, вывучае яе гістарычна-культурную, духоўную спадчыну, верны свайму грамадзянскаму абавязку.

Цікавасць дагісторыі сваёй вёскі, раёна, да ўласнага паходжання не знікае, але асабліва ўзрасла яна апошнім часам. Гэта пацвярджаюць і арганізаваныя былымі жыхарамі вёсак сустрэчы з землякамі. На тэрыторыі нашага сельсавета ладзяцца святы вёскі ў Парэччы, Харомцах. Сюды з’язджаюцца ўнукі і праўнукі тых, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі. Людзі усе часцей сталі цікавіцца гісторыяй роднага краю, як быццам баяцца нешта забыцца, згубіць у мітусні штодзеннасці. Сыходзіць старое пакаленне, і разам з ім сыходзіць памяць пра падзеі, звесткі пра знікаючыя вёскі. Калі сустракаешся з былымі вяскоўцамі, адчуваеш нейкае асаблівае трапятанне.

У кожнага, хто  меў шчасце нарадзіцца на нашай зямлі, абавязкова ёсць свой ласкавы і шчымліва непаўторны край.

Маё Парэчча – гэта гняздоўе аматараў народнай творчасці, цудоўных майстроў і ўмельцаў, якія беражліва працягваюць традыцыі нашых продкаў.

Калі прыйсці ў  гісторыка-краязнаўчы музей Парэцкай сярэдняй школы Акцябрскага раёна ды зазірнуць ў пакой быту беларускага селяніна, то ўбачыш, што там сабраны творы народнага мастацтва – ручнікі, адзенне, дываны, посцілкі, павукі, вырабы з дрэва, гліны, лазы, прылады працы. Усяго каля 400 экспанатаў.

За многія гады існавання жыхары в. Парэчча стварылі сваю багатую самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў збудаваннях, народным жыллі і бытавых рэчах, нацыянальным адзенні, узорных тканінах, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях і абрадах.  Няўмольны час і ваенныя ліхалецці мянялі культурны ландшафт нашай вёскі, не пашкадавалі шматлікіх помнікаў нацыянальнай культуры, шэдэўраў самабытнай народнай творчасці.

У мінулым навучальным годзе мы пачалі праект “Я знаю скарб ляжыць у куфры старадаўнім”. Сэнс праекта: знайсці ў сваей сям’і старадаўнія рэчы: ручнікі, посцілкі, абрусы, фартушкі.

Гэта работа была накіравана на вывучэнне гісторыі сваёй сям’і, продкаў, сваёй малой радзімы.

Колькі сямейных гісторый было паднята разам з ручнікамі і вышыванкамі? Колькі цікавага пачулі дзеці ад сваіх бабуль і дзядуль.

Пад час праектаў музеі была арганізавана выстава “Народныя майстры в. Парэчча”, праведзены майстар-клас па ткацтве і вышыванні, складзены пашпарт в. Парэчча, аформлены каляндар “Гонар в. Парэчча”. Навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі фестывалю “Берагіня”.

Мы лічым, што толькі праз лёсы лепшых людзей вескі можна захаваць традыцыі і гісторыю роднага краю.

Кожнаму краязнаўцу хочацца быць першаадкрывальнікам, знайсці невядомае, маладаследуемае, раскрыць таямніцу. Калі мэта дасягаецца – узнікае прыліў краязнаўчых сіл, хочацца яшчэ больш актыўна вывучаць родны край, далучаць да гэтай справы вучняў.

Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29.06.2022 № 37 гісторыка-краязнаўчаму музею нашай установы быў прысвоены статус “народны”.

Наш музей з’яўляецца інтэрактыўнай пляцоўкай не толькi для навучэнцаў, але і для жыхароў і гасцей аг. Парэчча, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці.

Нам засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая. Той, хто хоча зразумець дух свайго народа, павінен ведаць яго вытокі. Працуючы над краязнаўчымі праектамі, стараемся адрадзіць, вярнуць страчанае, рассеяць цемру людскога непаразумення, змагацца ў імя будучага. “Без мінулага немагчыма ні сучаснае, ні будучае. Мінулае – гэта пачатак. Сучаснае і будучае – працяг. Мінулае – гэта карані, сучаснае – само дрэва, будучае – плод. І як дрэва і плод немагчымы без каранёў, так сучаснае і будучае немагчыма без мінулага, без памяці, без спадчыны”, – так пісаў М. Рэрых.

Запрашаем Вас на гасцінную Парэцкую зямлю ў наш гісторыка-краязнаўчы музей.

Дар’я Іванкоўская , навучэнка 11 класа Парэцкай сярэдняй школы Акцябрскага раёна, член Савета музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *