На патоку – сена. Пачаўся першы ўкос траў у ААТ “Дзербін”

Сельское хозяйство

Менавіта з нарыхтоўкі грубых кармоў пачаўся першы ўкос траў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Дзербін”.

На бягучым тыдні актывізаваліся работы на сенажаці ля вёскі Радкоў. Тут былі зроблены першыя пракосы на нізменным участку шматгадовых траў, які ўшчыльную прылягае да ракі Трэмля. Гэты фактар сёлета адыграў станоўчую ролю, бо на сельгасугоддзях, размешчаных вышэй, травы з-за недахопу вільгаці і высокіх дзённых тэмператур паветра ўжо сталі падгараць і, адпаведна, не прынясуць той аддачы, на якую першапачаткова разлічвалі ў гаспадарцы. Таму стаўка была зроблена на радкоўскі тарфянік, дзе ў панядзелак скасілі травы, а праз 3 дні, калі пракосы падсохлі, туды накіравалі механічныя граблі і прэс-падборшчык. Такім чынам у мінулы чацвер пачаўся адлік першаму сену з траў бягучага ўкосу ў ААТ “Дзербін” – грубага корму па стану на раніцу 26 мая было нарыхтавана 10 тон.
Усе вышэйпералічаныя работы на пачатковым этапе корманарыхтоўкі ў данай сельгасарганізацыі паспяхова выконваюць трое мясцовых механізатараў. Гэта ў першую чаргу Сяргей Сінкевіч, які на кормаўборачным комплексе УЭС-2-280 “Палессе”, асношчаным касілкай КПР-9, займаўся касьбой траў, а таксама Уладзімір Сізянкоў, працуючы на трактары МТЗ-82 з граблямі ГВБ-6,2, і гаспадар прэс-падборшчыка Сяргей Цярэнцьеў – ён і пачаў адлік нарыхтаванаму сену сезона “зялёнага жніва” 2023 года.

У сувязі з тым, што ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Дзербін” у апошнія гады адчуваецца недахоп сенажацяў на ўласнай тэрыторыі, участкі, прызначаныя для нарыхтоўкі кармоў з траў, размешчаны ў асноўным далёка за межамі гаспадаркі на арэндаваных плошчах альбо землях іншых сельгасарганізацый, пераданых “дзербінцам” у пастаяннае карыстанне. Некаторыя з іх сёлета прызначаны і для вытворчасці сена, і работы там ужо распачаты. У прыватнасці, на бягучым тыдні ва ўрочышчы Вовінская грэбля, што на тэрыторыі ААТ “Парэчча-Арэса”, таксама стартавала касавіца – травы ў пракосы паклаў усё той жа майстар корманарыхтоўкі з ААТ Дзербін” Сяргей Сінкевіч, які з пачатку першага ўкосу траў выканаў гэту работу ў цэлым на плошчы 60 гектараў.

Юрый Каспяровіч.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *