Рэгіянальны фестываль аўтэнтычнай песні «Бабулі», што адбыўся восьмы раз у г. Любань Мінскай вобласці, запрасіў на свята сапраўдных майстроў – прыхільнікаў народнай творчасці ва ўсіх яе праявах. Прыемна, што на свяце, у якім удзельнічалі 16 творчых калектываў, наш Акцябрскі раён з годнасцю прадставіў аўтэнтычны фальклорны калектыў «Шчадрухі» з вёскі Забалацце (кіраўнік калектыву – загадчык Забалацкага СК Галіна Іванаўна Тукач).
Добра вядомы ўсім у раёне цудоўны калектыў адзначыў больш за 30 гадоў творчай дзейнасці! Яго рэпертуар багаты і разнастайны: абрадавыя, пазаабрадавыя песні і танцы, мясцовыя легенды, паданні. Касцюмы ўдзельніц вышытыя ўручную. Апошнім часам «Шчадрухі» на пастаяннай аснове наведваюць 8 рознаўзроставых удзельніц – ад 46 да 79 гадоў.
Песенная праграма, прадстаўленая на фестывалі калектывам «Шчадрухі», а таксама вышываныя жаночыя фартухі, падрыхтаваныя спецыяльна да выставы этнаграфічных фартушкоў фестывалю, былі даспадобы ўсім прысутным яе ўдзельнікам і гледачам. І як вынік – Дыплом аргкамітэта за адданасць традыцыйнай народнай культуры роднага краю, мастацкі густ і майстэрства выканання.
Трэба адзначыць, што фестываль прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, паказаўшы непаўторнае майстэрства ўсіх яе удзельнікаў, прычым рознаўзроставых: прысутнічалі не толькі бабулі, якім за 90 гадоў, але і іх дзеці і ўнукі! Прычым было відавочна, што моладзь з задавальненнем і цікавасцю пераймае старадаўнія традыцыі.
Завяршыўся фестываль на вельмі радаснай ноце: шчырай падзякай гасцям за цудоўны запамінальны ўдзел, уручэннем арыгінальных сувеніраў і клапатлівага пакунка ў выглядзе «хлеб з сабой у дарогу», таксама дэгустацыяй апетытных страў сапраўднай беларускай кухні, прычым некаторыя з іх былі ўнікальнымі, бо гатуюцца не ў кожнай мясцовасці. А зухаватыя непаўторныя аўтэнтычныя танцы ў агульным коле, дзе знайшлося месца жадаючым, з’ядналі ўсіх у адзінства, а галоўнае – падарылі на развітанне ўсмешкі, жаданні новых сустрэч і цікавых культурных мерапрыемстваў з добрай энергетыкай, якім быў фестываль «Бабулі» ў горадзе Любань Мінскай вобласці.
Алена Ліхашапка,
метадыст
ДУК «Цэнтр культурна-
дасугавай дзейнасці
Акцябрскага раёна».
