ДУК “Цэнтрам гісторыі і культуры” для ўдзельнікаў ветэранскай арганізацыі была арганізавана экскурсія на мемарыяльны комплекс “АЛА” ў Светлагорскім раёне.
“Мы жывём, пакуль памятаем. Мы жывём, пакуль нас памятаюць”. Такімі словамі сустракае наведвальнікаў мемарыял. Навуковы супрацоўнік Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея Наталля Гаўрыленка правяла ўнікальную экскурсію, расказала аб тых трагічных падзеях, якія напаткалі вёску 14 студзеня 1944 года . У гэты дзень фашыстамі было тут знішчана ў 12 разоў больш людзей, чым у Хатыні.
Комплекс уражвае.. Замест хат – сімвалічныя парталы, стэлы з сілуэтамі загінуўшых людзей, вуліца ператварылася ў дарогу “памяці і смутку”. Вакол – векавыя дрэвы, якія, здаецца, памятаюць той страшэнны ракавы дзень. Пры выглядзе скульптур і помнікаў надыходзіць адчуванне маштабнай чалавечай жорсткасці. Наведванне мемарыяла пакідае не толькі адчуванне смутку, але і гонару за мужнасць і няскоранасць народа, адчуванне крохкасці свету…
У праграме паездкі – наведванне філіяла Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея аг. Чыркавічы. У прасторных залах тэматычна размешчаны фотаздымкі, дакументы, экспанаты… Калекцыі музея збіраліся жыхарамі в. Чыркавічы і прысвечаны аднавяскоўцам. У экспазіцыйных залах можна было пазнаёміцца з калекцыямі ткацтва, элементамі традыцыйнага касцюма, ваеннай атрыбутыкай, археалагічнымі знаходкамі.
Мы ўдзячны экскурсаводу Наталлі Рыгораўне за даступны і змястоўны аповед аб мемарыяльным комплексе, а таксама цёплыя водгукі пакінуты аб наведванні мясцовага музея. Асобны “дзякуй” дасылаем супрацоўнікам “Цэнтра гісторыі і культуры” за арганізацыю экскурсіі, Валянціне Рыгораўне Грынкевіч і Святлане Васільеўне Літвін, вадзіцелю Копу Адольфу Гюстававічу.
Калектыў ветэранскай арганізацыі раёна