Мой родны кут (сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік”)

Общество

 

Вандроўка першая. Парэчча (працяг)

У памяці нашчадкаў

Лёсы асобных жыхароў гэтай легендарнай вёскі па-сапраўднаму ўражваюць. Тых, хто ствараў навейшую гісторыю Парэчча сваім асабістым жыццёвым прыкладам на працягу адразу некалькіх перыядаў Савецкай улады, усё ж такі нямнога, і яны заслугоўваюць, каб аб іх абавязкова памяталі, на іх раўняліся і ставілі ў прыклад малодшаму пакаленню. Такая сувязь мінулага і сучаснасці яскрава прагледжваецца да сённяшняга дня ў парэцкім родзе Есмановічаў.

Яго глава Андрэй Аляксандравіч, 1893 года нараджэння, не быў карэнным парачанінам. Ураджэнец Беларусі і беларус па нацыянальнасці, ён трапіў у гэту вёску над Пціччу, як пачэсна гучала ў той час, па клічу партыі. Камуніст Андрэй Есмановіч, які ў 20-я гады мінулага стагоддзя працаваў на маскоўскім заводзе “Галоўбудавіяпрыбор”, у ліку так званых дваццаціпяцітысячнікаў па рашэнню ЦК ВКП (б) у канцы 1929-га быў накіраваны ў сельскую глыбінку для аказання практычнай дапамогі ў стварэнні калгасаў. Разам з ім выконваць такую місію прыбылі ў Парэчча рабочыя са шклозавода “Камінтэрн” (пасёлак Глуша Бабруйскага раёна) Прымуленка і Немцаў і старшыня Свярдлоўскага абласнога суда Гольм.

Як ужо адзначалася вышэй, арганізацыя калектыўных гаспадарак на Рудабельшчыне, у тым ліку  ў Парэччы і навакольных вёсках, ішла з вялікімі цяжкасцямі. Больш заможныя сяляне, безумоўна, не хацелі (і іх з сучаснага пункту погляду можна шчыра разумець), каб іх нажытае цяжкай самаадданай працай дабро пераходзіла ў калектыўную ўласнасць канкрэтна невядома каму. Пры гэтым нярэдка прымяняліся і сілавыя метады прымусу да тых, хто ішоў супраць рашэнняў Савецкай удады. З іншага боку, чаму ж тым кулакам  прыстала менавіта забіваць арганізатараў калгаснага будаўніцтва? Па сутнасці, гэта быў прамы бандытызм, ад якога пацярпелі людзі, якія сумленна выконвалі заданні Савецкай дзяржавы. Вернасць сваёй справе, звязанай у першую чаргу з агітацыяй за калгасы, ледзь не каштавала жыцця і Андрэю Есмановічу, што з’яўляецца гістарычным фактам. Вось як пра гэта распавядаецца ў гісторыка-дакументальнай аповесці нашага земляка, беларускага пісьменніка Уладзіміра Правасуда “Народжаны рэвалюцыяй”:

“Увечары з 12 на 13 сакавіка 1930 года ў Бубнаўцы адбываўся сход беднякоў і сярэднякоў, на якім вырашалася пытанне аб стварэнні калгаса. Калі сход падыходзіў ужо да заканчэння, у прэзідыум паступіла запіска. “Вам трэба неадкладна пакінуць сход і непрыкметна знікнуць з вёскі, бо багацеі ўзбунтаваліся і вось-вось з’явяцца сюды. Не марнуйце часу!” – папярэджвала запіска.

Андрэй Аляксандравіч Есмановіч прачытаў яе, перадаў змест сваім маладым сябрам, устаў і спакойна прагаварыў:

—Таварышы, прашу захоўваць спакой. Падняліся кулакі, і нам давядзецца перапыніць сход. Неадкладна разыходзьцеся па сваіх хатах. Зноў збяромся заўтра ці паслязаўтра.

Людзі адразу зразумелі, якая небяспека навісла над тымі, хто так натхнёна і пераканаўча клікаў іх да новага жыцця. Таму з розных бакоў пачуліся пытанні:

—А вы як?

—За нас не хвалюйцеся, — супакоіў іх Есмановіч. – Мы як-небудзь паспрабуем выкруціцца ад бандытаў.”

Далей, як гаворыцца ў кнізе, на зваротнай дарозе ў Парэчча кулакі разгадалі манеўр групы, акружылі яе, схапілі актывістаў, звязалі іх і ўчынілі над імі расправу – білі без памяці і пакінулі сваіх ахвяр у заснежаным лесе, палічыўшы, што тыя забітыя. Але бандыты пралічыліся: Есмановіча і яго сяброў, ледзь жывых, падабралі сяляне, пераправілі ў бальніцу, а ваяўніча настроеных кулакоў у хуткім часе абяззброілі і арыштавалі праваахоўнікі. Больш года давялося правесці Андрэю Аляксандравічу на бальнічным ложку, пакуль урачы вярнулі яму здароўе. Праўда, пасля гэтага ён на ўсё жыццё застаўся інвалідам. Але кадравы рабочы не спасаваў перад калецтвам, вярнуўся ў строй, паспяхова праводзіў калектывізацыю і быў першым старшынёй калгаса імя Варашылава ў вёсцы Ражаноў. А ў час Вялікай Айчыннай вайны зноў узяў у рукі зброю, каб разам з іншымі партызанамі абараняць Савецкую ўладу.

Перыяд фашысцкай акупацыі не прайшоў бясследна для ўсіх парачан, калі ў кожнай сям’і хтосьці тым ці іншым чынам загінуў. А для Есмановічаў гэты час  абярнуўся страшнай асабістай трагедыяй, якую глава іх роду глыбока перажываў да свайго апошняга дня. У пачатку красавіка 1942 года ў выніку сумна вядомай карнай аперацыі “Бамберг” смерць прынялі ўсе пяцёра дзяцей Андрэя Аляксандравіча. Асабліва страшныя пакуты перанесла яго старэйшая дачка Шура. Яна была сувязной партызанскага атрада імя Суворава (у склад яго ўваходзіў і бацька), які дзейнічаў паблізу Парэчча. У час блакады зарэчнай зоны, дзе знаходзіліся народныя мсціўцы, дваццацігадовая падпольшчыца выпадкова трапіла ў лапы фашыстаў. Дзяўчыну ворагі доўга катавалі,  білі,  аблівалі вадой, зноў білі,  але так і не даведаліся ад яе месца знаходжання партызан. Потым знявечанае цела мужнай камсамолкі  кінулі ў калгасную кузню і спалілі разам з яе малодшымі сёстрамі Нілай, Тамарай, братамі Міхаілам і Генам, іншымі аднавяскоўцамі (усяго тут загінула 66 чалавек). У памяць аб ахвярах фашысцкага генацыду на гэтым месцы, непадалёку ад грамадзянскіх могілак аграгарадка Парэчча, яшчэ ў 1960 годзе быў усталяваны помнік, некалькі гадоў назад яго заменялі  на больш сучасны. А вось больш чым сціплая памятная таблічка на новым абеліску “Здесь в 1942 году были сожжены мирные жители”  не зусім адпавядае зместу: мінулы надпіс быў разгорнуты з указаннем імя загінуўшай камсамолкі Шуры Есмановіч, упамінаннем партызанскіх сем’яў. Родныя тых, хто згарэў у калгаснай кузні, дарэчы, выступілі з прапановай, каб замяніць таблічку, дапоўніўшы яе канкрэтнымі імёнамі бязвінна забітых мірных жыхароў і дакладнай датай гэтага злачынства. Над вырашэннем гэтага пытання патрэбна падумаць мясцовай уладзе, у прыватнасці, Парэцкаму сельвыканкаму.

Гэтае гора была не адзіным ў доўгім жыцці Андрэя Аляксандравіча Есмановіча. Яшчэ да вайны памерла пры родах першая жонка, хлопчык застаўся жывы, трапіў у дом дзіцяці, і далейшы яго лёс застаўся невядомы. З другой жонкай Надзеяй Іванаўнай на свет з’явілася яшчэ сямёра дзяцей (усяго ж Андрэй Аляксандравіч быў бацькам для 13-ці сыноў і дачок), двое з якіх памерлі зусім у юным узросце. Глава сям’і ў пасляваенны час узначальваў Парэцкі сельсавет, працаваў ў аддзяленні Дзяржбанка ў Акцябрскім, атрымліваў персанальную пенсію. Пайшоў з жыцця ў 1983 годзе ва ўзросце 90 гадоў. Надзея Іванаўна, якая была на 14 гадоў маладзейшая за мужа, дажыла да 2000 года (ёй было 94).

На жаль, з прамых нашчадкаў Есмановічаў-старэйшых, якія, як бачна, былі доўгажыхарамі, на сённяшні дзень засталася толькі адна дачка Валянціна Малахаева (такое яе прозвішча пасля замужжа). Нарадзілася ў вайну, ва ўмовах партызанскага атрада 17 снежня 1941 года, скончыла Парэцкую сямігодку, а каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі, чатыры гады хадзіла больш за 5 кіламетраў у Каткаўскую школу Глускага раёна. Пачынала працоўны шлях тут, у родным саўгасе “Парэчча”, некаторы час апрацоўвала драўніну ў тарным цаху камбіната “Фандок” у Бабруйску, а ўжо больш за паўстагоддзя яе родным горадам з’яўляецца запалярны Мурманск. Вывучылася на медыка, доўгі час і лячыла, і выхоўвала немаўлятак у гарадскім доме дзіцяці. І хоць жыла далёка ад Парэчча, ніколі не забывала родную хату – і пры бацьках, і калі іх не стала. Кожнае лета без выключэння, нягледзячы на ніякія абставіны, Валянціна Андрэеўна наведваецца ў свой родны стары дом па вуліцы Гагарына (Засценак па-ранейшаму) аграгарадка Парэчча. Сядзіба па-свойму ўнікальная: драўлянаму будынку пры вуліцы ўжо больш за 105(!) гадоў і ён па-ранейшаму прывячае і сагравае гаспадыню і шматлікіх гасцей. Некалькі гадоў таму побач з’явіўся новы дом, пакуль яшчэ не прыкметны і не добраўпарадкаваны звонку, але ўнутры маюцца ўсе выгоды, самая сучасная мэбля і бытавая тэхніка. Карацей кажучы, усё па-гарадскому. А ў астатнім госці з поўначы не могуць не нарадавацца размеркаваным сельскім жыццём, добразычлівымі суседзямі, адметнасцямі парэцкай прыроды, зусім блізкай адсюль ракой Пціч.

А гасцююць сёлета ў бацькоўскай сядзібе, акрамя Валянціны Андрэеўны, яшчэ 9 чалавек. У Парэчча таксама прыехалі яе сын Раман з нявесткай Людмілай і тры іх дочкі – Вікторыя, Валерыя і Віталія (арыгінальныя імёны, ці не так?), З боку нявесткі да гасцей Беларусі і Парэчча далучылася яе старэйшая сястра Надзея з мужам Алегам і іх дачкой Марыяй (дарэчы, дваюрадныя сястрычкі Маша і Лера адпаведна майстар і кандыдат у майстры спорту па мастацкай гімнастыцы) і свацця Валянціны Андрэеўны Галіна Паўлаўна. Той дружалюбнай прыязнай атмасферы, якая пануе ў іх вялікай і шчырай сям’і, можна толькі па-добраму пазайздросціць. Нас жа пасля знаёмства прыемна здзівіла некалькі іншае: наколькі, здаецца б, людзі здалёк так свята ўмеюць шанаваць і паважаць свой радавод, заснавальнікам якога быў Андрэй Аляксандравіч Есмановіч – чалавек-легенда з Парэчча. Сведчаннем таму – пастаянна жывыя кветкі на яго магіле і пахаванай побач жонкі Надзеі Іванаўны, не прамінаюць мурманчане зайсці і да помніка-абеліска на месцы гібелі іх сваячцы Шуры Есмановіч і яе аднавяскоўцаў, аддаць даніну памяці загінуўшым у імя светлага будучага. Таксама як і вернасць роднаму дому, роднаму гнязду, якое заўсёды імкнуцца наведаць нашчадкі Есмановічаў: іншае месца, другія краявіды іх не прыцягваюць так, як любае Парэчча!

Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”, Юрый Каспяровіч.

Фота Юрыя Каспяровіча і з архіваў музея ДУА “Парэцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.           



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *