Міхаіл Лапа — малавядомы герой знакамітай драмы

Культура Общество

195 год таму – 26 (14 па старому стылю) снежня 1825 года адбылася значная гістарычная падзея, якая па сутнасці дала пачатак рэвалюцыйнаму руху на бліжэйшае стагоддзе на тэрыторыі тагачаснайРасійскай імперыі, – паўстанне дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы Санкт-Пецярбурга.

Добра вядомае многім (асабліва прадстаўнікам старэйшых пакаленняў) са школьных падручнікаў гэтае першае ў расійскай гісторыі адкрытае ўзброенае выступленне тайных дваранскіх таварыстваў з удзелам армейскіх падраздзяленняў ставіла перад сабой канкрэтныя мэты, надзвычай прагрэсіўныя і рэвалюцыйныя па духу і зместу для таго часу.

Карацей кажучы, дзекабрысты (названы ў гонар месяца – декабря па-руску, у якім адбылася гэтая знакамітая падзея) хацелі змяніць абсалютную царскую ўладу на іншыя, больш дэмакратычныя, формы праўлення, ліквідаваць прыгоннае права – сапраўднае ярмо для сялян, зменшыць тэрмін вайсковай службы для салдат-рэкрутаў, аб’явіць шэраг свабод – слова, друку, заняткаў, вераспавядання і іншае.

Аднак нягледзячы на спрыяльны для паўстанцаў выпадак – часовае вымушанае безуладдзе (раптоўная смерць у лістападзе 1825-га былога імператара Аляксандра I, прысяга яго пераемніку, малодшаму брату Канстанціну, які нечакана адрокся ад прастолу, і незразумелая для народа перапрысяга наступнаму брату Мікалаю, вельмі не папулярнаму ў вышэйшым асяроддзі, як раз прызначаная на 14 (26) снежня), планам дзекабрыстаў не было наканавана ажыццявіцца. Узброенае выступленне па прычыне нерашучасці яе кіраўнікоў і дапушчаных імі грубых тактычных памылак, а таксама з-за недастатковай падтрымкі народных мас правалілася. Усе арганізатары і непасрэдныя ўдзельнікі той снежанскай падзеі былі схоплены і заключаны пад варту.

Новы імператарМікалай I жорстка расправіўся з паўстанцамі: пяцярых з іх пакаралі смерцю праз павешанне, звыш сотні асуджаных дзекабрыстаў-дваран саслалі ў Сібір на катаржныя работы і пасяленне без тэрміну даўніны альбо салдатамі на перадавую ці ў аддаленыя гарнізоны.

Не кажучы пра жорсткі лёс соцен і нават тысяч  радавых вайскоўцаў, апынуўшыхся па волі лёсу і службоваму абавязку на Сенацкай плошчы, якіх білі, трымалі ў казематах, адпраўлялі на катаргу, у штрафныя часці…

Правадыр сусветнага пралетарыяту і заснавальнік Савецкай дзяржавы Уладзімір Ільіч Ленінёмка і дакладна ацаніў дзейнасць паўстанцаў снежня 1825 года: “Вузкае колагэтых рэвалюцыянераў. Страшна далёкія яны ад народа. Але іх справа не прапала” (гэта даказана дакладнымі падзеямі і фактамі мінулага стагоддзя і зменайгеапалітычнага становішча ў многіх краінах свету).  Як і не застаўся незаўважаным след у гісторыінашага земляка, таксама дзекабрыста Міхаіла Лапы.

Падпаручык родам з Рудабелкі

На працягу больш чым паўтара стагоддзя маёнткі Александрыя (у межах сучаснага г. п. Акцябрскі) і Рудабелка (прыкладна цэнтр гарпаселка) належалі старажытнаму беларускаму роду Лапа. Бацька будучага дзекабрыста Дзям’ян-Дамінік спачатку быў вайскоўцам – служыў у Кінбургскім драгунскім палку, у чыне падпаручыка ў 1789 годзе выйшаў у адстаўку і вярнуўся назад у родны маёнтак. Тут, у Рудабелцы, 1 кастрычніка 1798 года ў сям’і Дзям’яна Лапы з’явіўся першанец Міхаіл, крыху пазней нарадзіўся другі сын Аляксандр. Браты атрымалі добрую пачатковую адукацыю ў Магілёўскім іезуіцкім пансіёне. У чэрвені 1819 года старэйшы з Лапаў Міхаіл Дзям’янавіч паступіў на службу падпрапаршчыкам лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка, які дыслацыраваўся ў прысталічным Пецяргофе. Ужо ў 1822 годзе ён быў узведзены ў чын прапаршчыка, аяшчэ праз два гады стаў падпаручыкам.

Ізмайлаўскі полк быў адным з тых, на каго разлічвалі дзекабрысты ў час паўстання для падтрымкі асноўных сіл. Ну і, безумоўна, стаўка рабілася на палкавых афіцэраў, звязаных у той ці іншай ступені з тайным таварыствам “Саюз благадзенства”, актыўным членам якога з’яўляўся і Міхаіл Лапа.

З дакументаў вядома, што Міхаіл  прысутнічаў на тайным сходзе напярэдадні выступлення на кватэры кіраўніка паўночнай групы дзекабрыстаў Кандрація Рылеева.

На заўтра выйсці на Сенацкую плошчу Ізмайлаўскаму палку не спатрэбілася. Тым не менш, дзекабрысты-ізмайлаўцы вялі агітацыйную работу сярод салдат, прызывалі не прымаць прысягу Мікалаю І. Значыць, рабілі ўсё гэта з яўным намерам звяржэння царскай улады і склікання ўстаноўчага сходу.

Пасля няўдачы на плошчы ля Сената пачаліся арышты дзекабрыстаў, затрымалі і даставілі ў Петрапаўлаўскую крэпасць і падпаручыка Лапу.

Цікава, што Міхаіла арыштавалі толькі таму, што ён сам заявіў палкавому камандзіру аб сваім дачыненні да змоўшчыкаў – магчыма, верны афіцэрскаму гонару, не хацеў падводзіць сваіх таварышаў і раздзяліў з імі іх лёс. А ён быў незайздросны.

Згодна з рашэннем Вярхоўнага крымінальнага суда Міхаіл Лапа быў аднесены да ХІ разраду злачынцаў і быў асуджаны да пазбаўлення чыноў, дваранства і падлягаў высылцы ў Сібір радавым салдатам у закінутыя гарнізоны на тэрмін аж 25 гадоў…

Каўказскі палоннік ці Герой нашага часу

У Сібіры Міхаіл Дзям’янавіч прабыў нядоўга – усяго ля паўгода.  Прашэнне ў вышэй стаячыя інстанцыі перавесці яго служыць у армію, якая вяла баявыя дзеянні, было задаволена, і ўжо ў студзені 1827 года Міхаіл Лапа адбыў на Каўказ, дзе тады працягвалася вайна з Іранам. У першых баях вызначыўся мужнасцю і адвагай, таму ў тым жа годзе загадам камандзіра Асобага каўказскага корпуса быў узведзены ў чын унтэр-афіцэра. Армейскае начальства высока цаніла здольнага і храбрага афіцэра з кляймом дзяржаўнага злачынцы, які не вылазіў з перадавой, і паступова павышала яго ў званні. Пры гэтым Лапу шанцавала: з 37 дзекабрыстаў, адпраўленыху розныя часы на Каўказ, 12 загінулі ў сутыкненнях з горцамі, трое памерлі  ад хвароб, а Міхаіл Дзям’янавіч абыходзіўся ў баях хіба што толькі драпінамі.

Аднак цяжкія ўмовы ваенных дзеянняў і тутэйшы клімат зрабілі сваю чорную справу: на восьмы год знаходжання на Каўказе Міхаіл Лапа цяжка захварэў на сухоты.

У такім стане прымусовую службу можна было лічыць завершанай. Таму ўжо на той час прапаршчык Лапа падаў прашэнне Мікалаю І з дазволам пайсці ў адстаўку. Цар, на дзіва, не адмовіў. Аднак Каўказ Міхаіл Дзям’янавіч пакінуў не адразу – некалькі гадоў лячыўся на водах ў Пяцігорску і Кіславодску. І хто ведае, можа гэта яго, нашага земляка, паказаў МіхаілЛермантаў у вобразе аднаго з худых і бледных вайскоў цаў у неахайных мундзірах ля мінеральных крыніц, якіх разглядае Пячорын —  галоўны герой бессмяротнай аповесці “Геройнашага часу”?

У 1839 годзе зусім хворы Лапа, нарэшце, вярнуўся на радзіму да брата Аляксандра ў маёнтак Рудабелка. Жыць былому ссыльнаму ў сталіцы і ў вялікіх гарадах было нельга, ды і ў месцах свайго дзяцінства і юнацтва ён усё роўна знаходзіўся пад сакрэтным паліцэйскім наглядам. Хутка пасля вяртання, 15 жніўня 1840 года, Міхаіл Лапа памёр, не дажыўшы і да сваіх 42-х. Яго пахавалі ля каталіцкага касцёла ў вёсцы Харомцы нашага раёна сярод продкаў. На жаль, ні магіла дзекабрыста, ні помнік на ёй да сённяшняга дня не захаваліся. Як, дарэчы, ні маляванага партрэта, ні нават славеснага апісання, як выглядаў пры жыцці гэты незвычайны чалавек…

Дзекабрысцкі след у гэтым кутку Беларусі

Як вядома з архіўных дакументаў, малодшы брат Міхаіла Лапы Аляксандр стаў паспяховым памешчыкам, быў паважаным чалавекам у акрузе, прычым, і ў сялян таксама, выбіраўся кіраўніком мясцовага дваранства, лічыўся вельмі адукаваным чалавекам (сябраваў нават з класікам беларускай літаратуры Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам). Бунтарскі дух Міхаіла адрадзіўся і ў брата Аляксандра ў яго пажылым узросце. У час выступлення Кастуся Каліноўскага стары Аляксандр Лапа вельмі спачуваў паўстанцам і нават дапамагаў ім зброяй. Яе пасля разгрому каліноўцаў і знайшлі ўлады у памешчыцкім доме. На маёнтак наклалі арышт. Аднак праз некалькі гадоў, злітаваўшыся над старым панам Лапам, улады дазволілі яму прадаць маёнтак па не вялікай цане добра вядомаму ўжо з навейшай гісторыі барону Ўрангелю.

Трэба адзначыць, што браты Міхаіл і Аляксандр былі апошнімі прадстаўнікамі роду Лапаў, якія валодалі Александрыяй і Рудабелкай. Прамых нашчадкаў у іх не было. А ў сярэдзіне ХХ стагоддзя памерла і апошняя прадстаўніца “далёкай радні” – Таццяна Лапа, першая жонка знакамітага пісьменніка Міхаіла Булгакава.

Кароткае, але яскравае жыццё пражыў адзін з дваранскіх рэвалюцыянераў ХІХ стагоддзя – наш зямляк Міхаіл Дзям’янавіч Лапа, праявіўшы свае лепшыя якасці: грамадзянскасць, патрыятызм, жаданне бачыць сваю Айчыну свабоднай і квітнеючай. Памяць аб гэтым светлым чалавеку ўжо больш за 30 гадоў захоўваецца ў назве вуліцы ў гарадскім пасёлку Акцябрскі і, што сімвалічна, у пасёлку Александрыйскі, які так ці інакш мае непасрэднае дачыненне дагероя-дзекабрыста.

Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”, Юрый Каспяровіч.

Фота з інтэрнет-крыніц. 

   .



1 комментарий по теме “Міхаіл Лапа — малавядомы герой знакамітай драмы

  1. это кто ни будь из редакции читал? Саюзблагадзенства”,и т. д.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *