Любоў да паэзіі прынесла поспех

Знай наших!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т. С. Крэч са сваімі вучнямі Уладзіславам Філіповічам і Анастасіяй Мартыненка.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т. С. Крэч са сваімі вучнямі Уладзіславам Філіповічам і Анастасіяй Мартыненка.

З горадам Рагачовам, які сёлета прымаў свята беларускага пісьменства, звязаны жыццёвыя і творчыя шляхі многіх выбітных пісьменнікаў і паэтаў. На Рагачоўшчыне нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак, пачынаў працу над сваімі раманамі Уладзімір Караткевіч. У гэтым жа горадзе спазналі першы гучны поспех на сваім, магчыма, «зорным» шляху вучні Акцябрскай раённай гімназіі Анастасія Мартыненка і Уладзіслаў Філіповіч.
У разнастайнай і насычанай праграме свята беларускага пісьменства было шмат мерапрыемстваў, прысвечаных папулярызацыі беларускай літаратуры сярод моладзі і выяўленню здольных дзяцей і падлеткаў. Арганізатары далі кожнаму маладому чалавеку магчымасць праявіць свой талент. Анастасія і Уладзіслаў паспяхова выкарысталі гэты шанец, заявіўшы пра сябе і свае здольнасці на ўсю краіну.
Анастасія Мартыненка ўзяла ўдзел у конкурсе юных чытальнікаў «Паэзія роднай зямлі» з вершам Дануты Бічэль-Загнетавай «Роднае слова». Твор пранікнуты любоўю да роднага слова і зямлі, гэта верш-прызнанне ў каханні Радзіме. Насця ўдала змагла перадаць яго патрыятычны настрой. Дзяўчына адчула лірызм твора, што дазволіла бліскуча выступіць перад аўдыторыяй. Каб трапіць на сцэну рэспубліканскага конкурсу, Анастасія прайшла не адно праслухоўванне. Па выніках творчых іспытаў, гімназістка атрымала права прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім узроўні. Адна з усяго рэгіёну яна бараніла гонар Гомельшчыны на літаратурным спаборніцтве. І Насця апраўдала надзеі. Выступ юнай чытальніцы не пакінуў нікога абыякавым, у тым ліку членаў журы – аўтарытэтных літаратараў Беларусі. Заслужаная адзнака таленту дзяўчыны – Дыплом пераможцы ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Пяты раз у межах Дня беларускага пісьменства ладзіўся рэспубліканскі творчы конкурс «Жывая класіка». На конкурсе 46 выканаўцаў дэкламавалі празаічныя і паэтычныя творы з залатога фонду беларускай літаратуры. Юныя чытальнікі прадставілі лепшыя ўзоры творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых творцаў. У выкананні Уладзіслава Філіповіча прагучаў верш Пятруся Броўкі «Каб толькі не было вайны». Выбар твора глыбока сімвалічны. Гэта даніна памяці тым, хто адстойваў свабоду нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падзеі якой дагэтуль адгукаюцца рэхам на роднай зямлі. Выступ Улада атрымаў станоўчы водгук прысутных на конкурсе пісьменнікаў Уладзіміра Ліпскага, Алеся Карлюкевіча і Генадзя Аўласенкі. За бездакорнае выкананне вершаў 22 чытальнікі атрымалі Дыпломы пераможцаў з рук Міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Сярод узнагароджаных і вучань гімназіі Уладзіслаў Філіповіч.
Вядома, галоўныя складнікі перамогі ў такіх конкурсах – талент, здольнасці і ўпартая праца саміх вучняў, але значная роля ў дасягнутых поспехах настаўніка. Дапамагчы выбраць правільны твор, зразумець яго сэнс і знайсці той самы варыянт выканання, які закране душу кожнага слухача, – задача педагога. З ёй на “выдатна” справіліся настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Сяргееўна Крэч і настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Анатольеўна Філіповіч, да таго ж класны кіраўнік Насці і матуля Улада.
– Вельмі прыемна, што вучні любяць беларускую літаратуру, шчыра цікавяцца ёй. Насця і Улад – сапраўды адораныя вучні, якія захапляюцца роднай мовай і літаратурай, – кажа Таццяна Сяргееўна.
– Лічу, што яны як след прадставілі раён і вобласць на конкурсе. Дзеці паказалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, валодання беларускім словам. І Улад, і Насця «пражылі» вершы і перадалі публіцы тыя эмоцыі, якія закладзены аўтарам у творы.
Анастасія і Уладзіслаў сваімі вынікамі пацвердзілі выраз «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім», бо абодва гімназісты на «ты» не толькі з беларускай мовай і літаратурай, але і з прыродазнаўчымі прадметамі. Сваю будучыню яны плануюць звязаць з медыцынай, але абяцаюць і ў дарослым жыцці не парываць з роднай мовай і літаратурай.
Данііл Шэйка, вучань 10 класа
Акцябрскай раённай гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *