Квітней, мая вёска Гаць!

Общество

У мінулую суботу  вёска Гаць адзначыла сваё свята, якое стала яшчэ адной магчымасцю сабрацца разам усім яе жыхарам, каб успомніць мінулае, каб парадавацца поспехам адзін аднаго і каб пераканацца, што самы цудоўны куточак на зямлі – месца, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. 

Звычайна Гаць адзначае сваё свята на Купалле. Абставіны крышку змянілі планы. Але купальскія песні і хараводы, пляценне вянкоў не адмяніліся. Павіншавалі са святам усіх прысутных і паказалі вяскоўцам свае вырабы прадстаўнікі малодшага пакалення – школьнікі, удзельнікі творчага аб’яднання «Майстравыя рукі» раённага дома рамёстваў, якое дзейнічае ў Гаці.

Кім слынна вёска? Хто піша гісторыю сваёй маленькай радзімы? Вядома ж, гэта людзі, яе жыхары. Чым вымяраецца жыццё чалавека? Пражытымі гадамі, мудрасцю, сталасцю, шчырасцю. На свяце віталі самую старэйшую жыхарку вёскі Гаць Кавалевіч Таццяну Ларывонаўну, якая ўжо адзначыла 96-ы дзень свайго нараджэння. А таксама самую маленькую – Алесю Агейчык, якая з’явілася на свет у маі гэтага года.

Святочная праграма дала магчымасць ушанаваць жыхароў вёскі ў розных намінацыях. Віншаванні і падарункі прымалі сямейныя пары, якія ў каханні і згодзе пражылі больш, як пяць або нават шэсць дзесяцігоддзяў – Яўгенія Якаўлеўна і Мікалай Яфімавіч Жулегі, Валянціна Аўрамаўна і Аляксандр Яўстратавіч Валодзькі, Ганна Яфімаўна і Леанід Іванавіч Афанасенкі, Ніна Іванаўна і Міхаіл Ігнацьевіч Шэйкі. А таксама Ніна Аляксандраўна і Аляксандр Рыгоравіч Агейчыкі, якія ў гэтым годдзе адсвяткавалі 55 год сумеснага жыцця.

Звычайна на такіх святах абавязкова адзначаюць лепшых гаспадароў, якія руплівай і стараннай працай, узорным утрыманнем сваіх сядзіб падаюць прыклад іншым аднавяскоўцам. Падарункі атрымалі Брэкман Сяргей Мікалаевіч, Перагуд Святлана Уладзіміраўна, Быліцкі Анатоль Рыгоравіч.

Віншаванні адрасаваліся ветэранам працы мясцовага сельгаспрадрыемства Луцковічу Анатолю Уладзіміравічу, Валодзька Ніне Ануфрыеўне, Валодзька Аляксандру Яўстратавічу, Мельнік Зінаідзе Пятроўне, Грыдзько Тамары Сямёнаўне.  Падзяка за добрасумленную працу была выказана і шэрагу работнікаў, якія працуюць у ААТ «Ламавічы».  Падарункі атрымалі і выхаванцы прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, які знаходзіцца ў Гаці. І напрыканцы яшчэ павіншавалі імянінніцу Ганну Яфімаўну Афанасенка, якая ў дзень свята вёскі адзначыла свой чарговы дзень нараджэння.

Без падарункаў на свяце ніхто не застаўся. Неабходныя ў гаспадарцы рэчы, якія атрымалі ў якасці падарункаў узнагароджаныя, былі прадастаўлены ААТ «Ламавічы», а музычныя віншаванні жыхарам вёскі і гасцям свята адрасавалі артысты з аграгарадка Рассвет і мясцовы фальклорны калектыў «Перазвоны».

Алена СТАРЫНОВІЧ. Фота аўтара.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *