Кожны чалавек – гэта цэлы свет

Образование

Паспяхова выступіла на абласным конкурсе рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» вучаніца 8 класа Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова. Дзяўчынка атрымала Дыплом ІІ ступені. Гэты конкурс вельмі складаны па ўмовах і напружанасці. У ім удзельнічалі пераможцы другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры з усёй вобласці. Да таго ж, сапернікамі Дамінікі былі вучні старэйшыя за яе – дзевяцікласнікі. Паспрабаваць сілы ў рытарычным майстэрстве прапанавала дзяўчынцы яе настаўніца Таццяна Сяргееўна Крэч.

– Рыхтаваліся да конкурсу не вельмі доўга па часе, але ж адказна, – кажа Дамініка. – Таццяна Сяргееўна мне давала тэмы, я рыхтавалася некалькі хвілін, а потым адказвала. Такім чынам вучылася выказваць сваю думку. Публічна выступаць перад кампетэнтнымі членамі журы і сапернікамі мне раней не даводзілася. Канечне, прысутнічала хваляванне, але і інтарэс да гэтай справы таксама быў.

– Дамініка – вялікая малайчына. Яна справілася з хваляваннем. І лічу, што выступіла вельмі добра. Яна, васьмікласніца, склала канкурэнцыю дзевяцікласнікам, прычым з абласнога цэнтра і вялікіх гарадоў. З 28 удзельнікаў ў яе Дыплом ІІ ступені. Гэта, сапраўды, вельмі высокі вынік.

Абласны конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» праводзіўся ў два туры. У першым пад назвай «Выкажы сваю думку» вучні рыхтуюць вуснае выказванне. Потым выступаюць і адказваюць на пытанні журы. Дамініка вырашыла паразважаць на тэму, з кім з цікавых людзей нашага часу яна б хацела пагаварыць. Дзяўчынка вырашыла падысці да задання творча. І ў якасці цікавай асобы выбрала не знакамітага чалавека ці дарослага, а саму сябе.
– У якасці прыкладу я прывяла выказванне Кузьмы Чорнага аб тым, «што кожны чалавек – гэта цэлы свет». А гэта значыць, што ў любым з нас ёсць нешта цікавае. Паспрабавала развіць такую думку, не забывала пра структуру выступлення, якой мяне навучыла Таццяна Сяргееўна. Дарэчы, члены журы нават не сталі задаваць пытанні, – расказвае аб сваім выступленні Дамініка.

У другім туры ўдзельнікі конкурсу вусна разважалі па прапанаваных урыўках мастацкіх твораў, выказваннях, афарызмах, цытатах. На падрыхтоўку, як і ў першым туры, даецца толькі пяць хвілін. Вучні павінны лагічна пабудаваць свае выступленні, абгрунтаваць пазіцыю аўтара і асабістую думку. І да гэтага не забываць пра культуру маўлення. Крытэрыі вельмі складаныя. Аднак Дамініка справілася і з гэтым турам. Яна разважала над тым, ці змогуць нашчадкі героя працягнуць яго справу і таксама стаць героямі. Да раскрыцця гэтай тэмы Дамініка падышла зноў нестандартна. Пачала з рытарычнага пытання, а хто такі герой? Так паступова раскрыла свае думкі, за што атрымала высокую адзнаку.

Трэба дадаць, што зараз, калі падведзены вынікі конкурсу рытарычнага майстэрства, Дамініка разам з настаўніцай працягваюць працаваць. Штодзённа яны рыхтуюцца да трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. І зноў жа гімназістка ідзе на крок наперадзе. Як вучаніца 8 класа, яна мела права паспрабаваць свае сілы сярод дзевяцікласнікаў на раённым этапе алімпіяды. У яе гэта атрымалася. Дамініка Казлова ўпэўнена абыйшла сваіх сапернікаў з раёна, заняўшы першае месца. У студзені разам з іншымі старшакласнікамі яна адправіцца ў Гомель прадстаўляць Акцябршчыну на абласной алімпіядзе.

– Мэтанакіраваная, здольная, творчая дзяўчынка, – не шкадуе добрых слоў у адрас вучаніцы Таццяна Сяргееўна. – Я вельмі рада, што для паглыбленага вывучэння яна выбрала беларускую мову і літаратуру. І дзякуй першай настаўніцы Дамінікі Антаніне Міхайлаўне Гуткоўскай. Яна заўважыла здольнасці дзяўчынкі, прапанавала паўдзельнічаць у алімпіядзе па гэтым прадмеце. І вось да гэтага часу Дамініка працягвае вывучаць родную мову, атрымліваць дыпломы, якія становяцца вынікам напружанай працы.

– Я таксама хачу сказаць дзякуй абедзвюм сваім настаўніцам за дапамогу і падтрымку, – дадае Дамініка. – Без іх я наўрад ці змагла б паказаць такія добрыя вынікі. Мне падабаецца вывучаць родную мову, чытаць беларускую літаратуру. Гэта наша спадчына, і ее трэба шанаваць і захоўваць. Якраз падчас заняткаў, удзелу ў конкурсах і алімпіядах разумею, што мне падабаецца гэта справа. Разам з Таццянай Сяргееўнай мы шмат часу прысвячаем заняткам. Добрая атмасфера падчас падтрыхтоўкі, падтрымка, вера ў мяне і мае здольнасці прыдаюць сілы ісці далей і далей. Так, бывае цяжка, але калі ёсць мэта, паплечнікі з ліку настаўнікаў і бацькоў, то бачыш сэнс і не звяртаеш увагу на складанасці.

Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *