Каштоўнасці мінуўшчыны беражліва захоўваюцца ў Кавалях

Культура Человек и его дело

IMG_3535 IMG_3517 IMG_3505 IMG_3406 IMG_3391 IMG_3386У вёсцы Кавалі ёсць дзіўны куточак, дзе ўтульна, ціха і спакойна. Трапіўшы туды, адпачываеш душой і, здаецца, набіраешся жыццёвай сілы, мацнееш ад дзіўнай энергетыкі гэтага месца, гасціннасці і добразычлівасці яго гаспадароў. Знаёмцеся: прыватны музей этнаграфіі рудабельскага краю «Чароўны скарб», які стварыла Марыя Мікалаеўна Мухіна (на здымках) на сядзібе сваіх бацькоў, там дзе нарадзілася, вырасла і жыве зараз.

…Патрэскваюць дровы ў каміне. Цёпла, утульна. Сядзім поплеч з гаспадыняй на ўслончыку і вядзём няспешную гутарку. Калі і як з’явілася думка стварыць музей? Дзе і за які час можна было сабраць столькі ўнікальных прадметаў? Аглядаюся наўкол. Усё тут дыхае жывой мінуўшчынай. У гэтым чароўным куточку самабытнай культуры, здаецца, кожная рэч, кожны экспанат захавалі цяпло рук майстроў. Ёсць прадметы, створаныя як дзесяцігоддзі назад, так і ў нашыя дні: вышываныя сурвэткі, ручнікі, тканыя пакрывалы, абрусы, карункі, дарожкі, калекцыя фотаапаратаў мінулага стагоддзя, швейная машынка, дзіцячыя цацкі і шмат чаго іншага.
– Бацька мой, Мікалай Кузьміч Сінкевіч, быў майстрам на ўсе рукі: рабіў бочкі, дзежкі, кадушкі, граблі, будаваў хаты, – распавядае Марыя Мікалаеўна. – Аднойчы (было гэта 12 ліпеня 2005 года) ён пашкадаваў, што, калі пойдзе з жыцця, знікнуць і яго цяслярскія і сталярныя прылады, знікнуць калі-небудзь тыя рэчы, якія суправаджалі жыццё нашай сям’і на працягу дзесяцігоддзяў. «Дзядуля, не хвалюйся, мы ўсё захаваем!» – ускрыкнуў мой сын Сяргей і мігам сігануў на гарышча, дзе ляжалі шматлікія рэчы, якімі мы ўжо не карысталіся. Аказалася іх там нямала. Разлажылі, паглядзелі… Вось так і пачаў стварацца наш музей. Прывялі ў парадак спачатку свае рэчы. А потым пачалі збіраць і іншыя экспанаты. Размясцілі іх у хаце, дзе некалі жылі мой дзядзька Андрэй з цёткай Ульянай. Паступова да гэтай справы далучылася ўся сям’я. Муж Уладзімір Пятровіч спачатку скептычна ставіўся да майго захаплення, але зараз дапамагае. Дапамагаюць і нашы дзеці са сваімі сем’ямі: сын Сяргей і яго жонка Вольга, дачка Алена з зяцем Алегам, унукі Аляксандр, Станіслаў, Міраслаў. І зусім нядаўна, 8 верасня, у нас з,явіўся маленькі Дзяніска, якога ў будучым мы таксама далучым да агульнай справы.
– Вельмі шкада, калі людзі адыходзяць, а рэчы, якія маюць гістарычную каштоўнасць, становяцца непатрэбнымі, недзе валяюцца на гарышчы, – працягвае гаспадыня. – Калі збірала прадметы ранейшага ўжытку, то сёй-той з аднавяскоўцаў пасміхваўся з такога захаплення, але аддаваў ужо непатрэбныя ім рэліквіі. Добрыя людзі Рудабельшчыны, землякі, сваякі, проста знаёмыя прыносяць рэчы сваіх бабуль і дзядуль, ведаючы маю зацікаўленасць у гэтым. Некаторыя без асабістай выгады не развітваюцца са сваім скарбам, і тады даводзіцца ў таварна-грашовыя адносіны пускаць асабістыя пенсіённыя капіталы, – усміхаецца Марыя Мікалаеўна.
Ёсць у яе калекцыі рэчы, вырабленыя ў пачатку 19-га стагоддзя, а біяграфію іншых устанавіць, увогуле, немагчыма. У думках гаспадыні музея – стварыць у будучым да кожнага прадмета анатацыю, дзе ўказвалася б яго бытавое прызначэнне. «Здаецца, што мне наканавана лёсам выканаць вельмі важную місію ў сваім жыцці: пакінуць маладому пакаленню памяць пра тое, што хутка знікне, – традыцыйную беларускую вёску, працу гаспадара-селяніна на зямлі. Хочацца, каб мы сваіх унукаў не вазілі некуды далёка паглядзець, як жылі іх продкі, а мелі ў сябе, побач, такое месца», – дзеліцца думкамі Марыя Мікалаеўна.
За дзесяць гадоў назбіралася шмат экспанатаў. Стала цесна ім у адной хаце. У гэтым годзе Мухіны адрамантавалі яшчэ адну, якая знаходзіцца побач і дзе раней жыла маці мужа Таццяна Якаўлеўна Мухіна. Вось так з’явіўся ў «Чароўнага скарба» яшчэ адзін «філіял». А ведаючы зацікаўленасць Марыі Мікалаеўны і ўсёй яе сям,і гэтай справай, думаю, што ён будзе не апошні. Пошук і захаванне старадаўніх рэчаў – не адзінае захапленне гаспадыні прыватнага музея. На ўсім яе немалым падворку адчуваецца духмяны водар кветак. Іх тут незлічоная колькасць! І на ўсё ў дбайнай гаспадыні хапае часу і жадання. Усё дагледжана клапатлівымі і працавітымі рукамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *