У гэтым годзе 10 мая муж і жонка Іван Іванавіч з Валянцінай Пятроўнай Арцёменка з Мікуль-Гарадка адзначаць 61 год, як разам. Абодва захавалі любоў і вернасць, і гэта тое самае сямейнае шчасце. Прайшлі цэлыя дзесяцігоддзі, напоўненыя для сям’і рознымі падзеямі. А муж і жонка ўсё тыя ж, сціплыя, але шчаслівыя.

Іх сям’я з’явілася ў 1964 годзе мінулага стагоддзя. Тады Валянціне было амаль дзевятнаццаць. А яе выбраннік на шэсць гадоў старэйшы за яе. Згулялі вяселле ў сваёй вёсцы. І пачалося сялянскае паўсядзённае жыццё. Муж з жонкай удакладняюць, што абодва яны з Мікуль-Гарадка. Валянціна з вуліцы Маскоўскай, а Іван – з Зялёнай. Тут нарадзіліся, тут і жывуць. Пасля вяселля Ваня забраў маладую жонку ў сваю хату, якую, дарэчы, пабудаваў сам да таго, як ажаніўся. Хваткі быў хлопец да ўсяго. Так у гэтым вялікім доме і пражылі ўсё сваё сумленнае жыццё. Іван Іванавіч працаваў у мясцовай гаспадарцы імя «Бумажкова». Трынаццаць гадоў адшчыраваў трактарыстам, тады ў шафёры падаўся, якім быў дваццаць чатыры гады. Адсюль, з гэтай гаспадаркі, і на пенсію пайшоў. Валянціна Пятроўна працавала ў брыгадзе. Усю работу сельскагаспадарчую выконвала. А дома чакалі свая вялікая гаспадарка і чацвёра дзяцей. У шматдзетнай сям’і ўсе да працы далучаліся. Дзеці дапамагалі бацькам, як маглі. І зараз ад старых не адыходзяць. Па чарзе наведваюцца з гарадоў. Ужо пяць гадоў, як Валянціна Пятроўна прызнана інвалідам. Засталася без нагі. Да і Іван Іванавіч у сталым узросце. Таму сям’я на сацыяльным абслугоўванні. На дапамогу ім прыйшла сацыяльны работнік Марыя Нікалайчык. Ездзіць да старых у Мікуль-Гарадок з суседняга аграгарадка Любань. Іван Іванавіч з Валянцінай Пятроўнай не нарадуюцца тым, наколькі добрая ў іх памочніца. Гаспадар кажа:
– Вось пашанцавала нам з Марыяй. Па першаму покліку яна ў нашай хаце. Усе справы вельмі добра і хутка выконвае. І купіць, што трэба, і прыбярэцца ў хаце, і прадукты з лекамі даставіць. А спатрэбіцца, дык і ежы нам смачнай нагатуе. Заўсёды настрой падыме і свята падорыць. Мы яе разумеем, ведаем, што не адны ў яе, таму не надакучаем. Дзякуем, што яна нам дачку замяніла. Адчуваем такі клопат, і на душы становіцца лягчэй.
Не скардзяцца Арцёменкі на жыццё, хаця было яно, як і ва ўсіх людзей таго пакалення, несалодкае. Наадварот, заўсёды на пазітыве, з гумарам і ўсмешкамі на твары. Іван Іванавіч жартуе, што цяпер толькі жыць, але жыццё пражыта. Ну нічога, кажа ён:
– У сваёй невялічкай вёсцы амаль што адны мы засталіся. Насупраць сусед жыве. А так толькі летам на Маскоўскую вуліцу дачнікі едуць. Апусцеў Мікуль-Гарадок. Дзікім жывёлам свабода. Ідуць з лесу і козы, і лісы, і зайцы. Летам сядзіш у альтанцы і назіраеш за імі, як тыя ежу на полі шукаюць. І мы, як тыя дзеці малыя. Усе выгоды дзеля нас. Пенсію з газетамі паштовая машына дастаўляе. Аўталаўка пад самую хату рэгулярна прыязджае. Выбар прадуктаў на любы густ. Бяры, што хочаш, як у вялікім магазіне. Медыкі па графіку нас наведваюць. Зіма гэтая лагодная, так нам вельмі добра. Раней, калі снегу насыпле, дык вуліцу снегаачышчальная тэхніка ўбірала. А зараз мы самі спраўляемся.
Жывуць Іван Іванавіч з Валянцінай Пятроўнай у ладзе ды згодзе. Паважаюць адзін аднаго і радуюцца, што зараз мір і спакой на зямлі. Шануюць гэта болей за ўсё. Іван Іванавіч – малалетні вязень. Быў з матуляй і родзічамі ў Азарыцкім лагеры смерці. Але выжылі. Так што чатырохгадовы Ваня тады цудам выратаваўся са сваёй сям’ёй. Сёння яму ўжо восемдзесят шэсць. Ён – даўгажыхар, самы старэйшы ў вёсцы. Валянціна Пятроўна таксама ў паважаным узросце. Ёй – 80. Яны шчаслівыя разам, калі не звяртацца ў мінулае, прызнаюцца муж з жонкай. Дачакаліся сем унукаў і дзевяць праўнукаў.
Гэтыя вяскоўцы з гумарам ставяцца да ўсіх цяжкасцяў, не губляюць станоўчага настрою, стараюцца не звяртаць увагі на дробязі. Усё ж такі! Для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў яны з’яўляюцца эталонам дабрыні, павагі і клопату. Гэта цяпер, пасля шасці дзесяцігоддзяў, Арцёменкі ведаюць, што жыццё ў пары – гэта сумесная праца, а абарона сям’і – гэта святы абавязак абодвух.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.
