Заканчэнне навучальнага года адзначылася перамогай гімназістаў у абласным этапе прадметнай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Два вучні настаўніка раённай гімназіі Таццяны Сяргееўны Крэч, якая ўжо шмат гадоў выкладае ў гэтай установе адукацыі родную мову і літаратуру, сталі пераможцамі ў Гомельскай вобласці.
У сямікласніцы Анастасіі Майсейчук і шасцікласніка Аляксандра Куляўца – Дыпломы ІІ ступені. Амаль з пачатку навучальнага года рыхтавала брата і сястру Таццяна Сяргееўна. Яна адзначае, што вынікі яе вучняў добрыя. Каб стаць пераможцай, неабходна шмат працаваць. Разам яны займаліся пасля ўрокаў, па суботніх днях і на канікулах таксама, калі ўсе адпачывалі. Таму вынік не заставіў сябе доўга чакаць. Таццяна Сяргееўна зазначае, што Насця з Сашам мэтанакіраваныя, працавітыя вучні. І яна сама, як настаўнік, арганізавала работу так, каб дзеці знайшлі для сябе матывацыю вывучаць родную мову і літаратуру. Гэта Таццяна Сяргееўна лічыць сваім абавязкам:
– Па-першае, необходна школьніка зацікавіць прадметам, – кажа яна. – Трэба зрабіць так, каб вучань паверыў педагогу, захацеў працаваць з ім. А добрым вынікам спрыяюць нетрадыцыйныя метады навучання. У нас выпрацаваная сістэма па назапашванню ведаў і самастойнай працы. Дзякуючы гэтаму ў вучняў развіваюцца адказнасць, працавітасць, жаданне быць лепшым. Як, напрыклад, у Анастасіі з Аляксандрам.
Сваім меркаваннем падзяліліся і гэтыя вучні. Насця паведаміла, што беларускай мовай і літаратурай яна ўсур’ёз займаецца трэці год запар. Пачынаючы з пятага класа, прымае ўдзел у алімпіядах па беларускай мове. І заўсёды займала прызавыя месцы. Першы раз дзяўчынка атрымала Дыплом ІІІ ступені, у другі раз – Дыплом ІІ ступені, і ў гэтым годзе ў Насці такая ж узнагарода – Дыплом ІІ ступені. Дзяўчынка запэўнівае, што ўсё – дзякуючы Таццяне Сяргееўне, якая дае выдатныя веды і цікава выкладае свой прадмет. А яшчэ, дзякуючы бацькам, якія таксама дапамагаюць развіваць патэнцыял сваіх дзяцей. Моцны саюз вучня, бацькоў і настаўніка – абавязковая ўмова ў плённым навучанні. І гэта нельга выключаць з вучэбнага працэсу.
Саша таксама згодны з меркаваннем старэйшай сястры і расказвае пра свае поспехі. У яго гэта першы ўзлёт. Хлопчык кажа, што вельмі задаволены вынікам, улічваючы высокую канкурэнцыю, і будзе далей паглыбляцца ў вывучэнне роднай мовы. Тым больш, сястра заўсёды падкажа, калі трэба. Ну, а Таццяна Сяргееўна, як вопытны настаўнік, дапаможа сістэматызаваць і абагульніць веды, каб потым іх удала прымяніць на практыцы.
Таццяна Сяргееўна Крэч ўпэўнена, што ў Анастасіі Майсейчук і Аляксандра Куляўца наперадзе яшчэ не адзін поспех. Дзеці самі ў гэтым зацікаўлены. А яшчэ ў гімназіі для плённых заняткаў ёсць усё неабходнае:
– Створаны ўмовы для падрыхтоўкі вучняў як да заняткаў, так і ў прадметных алімпіядах, – акцэнтуе ўвагу настаўніца. – Дзякуючы адміністрацыі, у нас наладжана сістэма для матывацыі як вучняў, так і педагогаў. На працягу апошніх гадоў стала добрай традыцыяй на ўрачыстай лінейцы, прымеркаванай да апошняга званка, віншаваць пераможцаў алімпіяднага руху не толькі Лістамі падзякі, але і грашовымі сродкамі. Іх атрымаюць і Анастасія з Аляксандрам. Так што застаецца пажадаць гэтым вучням далейшых поспехаў і абавязкова перамог. А я, як настаўніца, буду гэтаму ўсяляк садзейнічаць.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.
