Гонар вёскі — Цярэнцьеўна

Общество

У Валосавіцкім сельсавеце дзесяць вёсак і восем стараст. У аграгарадку Валосавічы сувязь з насельніцтвам і старшынёй сельвыканкама трымае Валянціна Цярэнцьеўна Кульбіцкая.

У розныя часы населеныя пункты Валосавіцкага сельсавета ўслаўлялі працавітыя, старанныя людзі, якія рупіліся пра сваю будучыню. Славіла працай родны куточак і Валянціна Цярэнцьеўна Кульбіцкая разам з мужам Уладзімірам Рыгоравічам. У цэнтр гаспадаркі сям’я Кульбіцкіх пераехала з Савіч Калінкавіцкага раёна ў 80­х. Бліжэй да малой радзімы Валянціны Цярэнцьеўны. Яна з суседняй ужо зараз маланаселенай вёскі гэтага сельсавета Нястанавічы. Муж і жонка – настаўнікі па адукацыі – пайшлі працаваць зразумела ў сельскую школу. Валянціна Цярэнцьеўна выкладала фізіку, Уладзімір Рыгоравіч таксама вёў гэты прадмет. Была і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Увогуле гэтая добразычлівая, без меры працавітая жанчына ніколі не заставалася абыякавай да сваёй працы і грамадскіх спраў. Умела Цярэнцьеўна сумяшчаць іх з асноўнай работай. Калі вучыла дзяцей, увесь час з’яўлялася старшынёй прафкама ў мясцовай установе адукацыі. Менавіта Валянціна Кульбіцкая стала заснавальнікам дзіцячага фальклорнага калектыву “Некрашынка”, які існуе да гэтага часу. Тады ўзнікла неабходнасць у гэтым, бо трэба было рыхтаваць дзяцей да ўдзелу ў Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Валянціна Цярэнцьеўна кіравала ім сама. Успамінае, што было на той момант тры групы дзяцей. Яна прыводзіць параўнанне, што танчыла амаль уся школа. Вось так непрыкметна для саміх маленькіх удзельнікаў і мясцовых жыхароў Валянціна Кульбіцкая разам з дзецьмі працягвала культурную спадчыну сваіх продкаў, захоўвала яе для сучаснага пакалення. На тыя часы яшчэ былі жывыя носьбіты самабытнай культуры і мясцовых традыцый, таму з пераняццем аўтэнтыкі цяжкасцей не ўзнікала. Ды і сама Валянціна Цярэнцьеўна расла ў вёсцы пад народныя спевы, таму фальклор ёй быў знаёмы з даўніх часоў. Калі пайшла са школы на заслужаны адпачынак, то дома засталася ненадоўга. У вёсцы Валянціна Цярэнцьеўна – чалавек паважаны, аўтарытэтны, адказны за даручаныя справы, наконт чаго б яны не тычыліся. Таму запрасілі яе ўзначаліць Валосавіцкі сельскі дом народнай творчасці. Пайшла. Нават не сумнявалася, што і тут не падвядзе, хаця педагогіку і культуру зможа сумясціць далёка не кожны. Рукі Валянціны Цярэнцьеўны ніякай працы не баяцца, таму вынік адчуўся адразу. Яшчэ лепей, яшчэ мацней і далей загучала назва калектыва “Некрашынка”. Перамогі, узнагароды заслугоўваліся адна за другой.

Акрамя дадатковай дзейнасці ў мясцовым клубе тут бруіла культурнае жыццё ўсяго наваколля. Сельскі дом народнай творчасці і да гэтага часу застаецца любым месцам сустрэчы аднавяскоўцаў. Мерапрыемствы для тутэйшага насельніцтва, канцэрты, конкурсныя праграмы, святы, дыскатэкі для дзяцей і моладзі і нават вяселлі раней ладзіліся ў мясцовым клубе. Ды не проста ладзіліся, а з размахам: па­сяброўскі, з душэўнай цеплынёй, хатнімі прысмакамі, пачастункамі і падарункамі. – Была ў мяне адна мэта, – успамінае Валянціна Цярэнцьеўна прыемныя моманты працы ў клубе, – каб аднавяскоўцы прыходзілі да нас, як дадому. Таму па­за ўвагай ніхто не заставаўся, тут кожнаму была пяшчота і занятак. А калі перайшлі ў новы будынак, увогуле адчулі сябе на вышыні. Умовы палепшылі і для заняткаў, і для адпачынку. Праводзіліся ў будынку Валосавіцкага СДНТ і выбары. На Валянціну Цярэнцьеўну адказнасць ускладалася сур’ёзная, не толькі як на загадчыцу ўстановы, але і як на старшыню участковай выбарчай камісіі. Патрэбна было арганізаваць работу на выбарчым участку так, каб усё прайшло без парушэнняў, каб прагаласавалі ўсе зарэгістраваныя выбаршчыкі, каб не ўзнікла якіх­небудзь непаразуменняў ці непрадбачаных сітуацый. Такіх момантаў, кажа Валянціна Цярэнцьеўна, за ўвесь час узначальвання ёю выбарчай камісіі па Валосавіцкай выбарчай акрузе, ніколі не было. Зараз з мужам не застаюцца ў баку ад народнага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона краіны – Канстытуцыі. Уладзімір Рыгоравіч, як чалавек, нераўнадушны да лёсу сваёй краіны, дасканала азнаёміўся з новаўвядзеннямі і разам з жонкай зацверджваюць, што з цягам часу такія перамены неабходныя ў дзяржаве, тым больш, што яны накіраваныя на дабрабыт людзей і паляпшэнне іх жыццядзейнасці. Дзяржава стварыла ўсе ўмовы, каб кожны грамадзянін мог выказаць сваё меркаванне. Не сумняваюцца Валянціна Цярэнцьеўна з Уладзімірам Рыгоравічам, што дакумент, які аб’яднае ўсіх беларусаў, будзе адпавядаць чаканням і бачанням большасці грамадзян. Такой пазіцыі прытрымліваюцца і сыны Кульбіцкіх. Старэйшы Аляксей – ветэран пажарнай службы. Выкладаў у Мінскім універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Удзельнічаў па пажарна­прыкладному спорту на міжнародных спаборніцтвах і займаў прызавыя месцы. Аляксей – гонар бацькоў, роўна як і малодшы Яўген, які працуе ў сістэме органаў унутраных спраў. У Івацэвіцкім РАУС ён участковы інспектар. Так што ў сям’і Кульбіцкіх адны патрыёты сваёй вялікай краіны і малой радзімы. Так выхавалі іх бацькі, такой застаецца іх змена. Валянціна Цярэнцьеўна – чалавек сапраўды асаблівы і па свайму характару, і па стаўленню да жыцця. З лёгкасцю ўздыме настрой, прывабіць да размовы любога. Ніколі не абдзеліць павагай ні сваіх, ні чужакоў. Суседзі без лішняй сціпласці называюць Цярэнцьеўну сваёй выратавальніцай, бо яна той чалавек, які здольны знайсці кантакт з любым і дапамагчы кожнаму. – Хтосьці з суседзяў занядужаў – перш да мяне прыходзяць за таблеткай, штосьці зламалася – мне скардзяцца, – распавядае жанчына. – Спраўляюся часам сама, а па больш важным пытанням тэлефаную да старшыні сельсавета. Пенсіянеры некаторыя нават больш ва ўвазе маюць патрэбу, чым у дапамозе, – тлумачыць стараста.

Дарэчы, Валянціна Цярэнцьеўна на гэтай пасадзе таксама ўжо не адзін год. Тады заўважылі яе актыўнасць, працаздольнасць, зацікаўленасць людскімі і грамадскімі справамі. Заўсёды навідавоку была. Лідэрам ва ўсіх вясковых справах лічылася. Прапанавалі стаць старастай у Валосавічах. Пагадзілася Цярэнцьеўна. І зараз яна сувязуючае звяно паміж мясцовымі органамі самакіравання і сельскім насельніцтвам. Для ўсіх заўсёды была і застаецца “хуткай дапамогай”. Так і вырашае надзённыя пытанні аднавяскоўцаў, “пралівае” на іх святло, бо ў курсе падзей як у раёне, так і ў краіне. Трэба, напрыклад, арганізаваць сход, Цярэнцьеўна зробіць усё своечасова. Мясцовай гаспадарцы дапамагчы – няма ніякіх перашкод. Пра добраўпарадкаванне мясцін памяці продкаў размаўляць не прыходзіцца. Для Цярэнцьеўны і ўсёй яе сям’і – гэта святы абавязак. На сельскіх могілках у Нястанавічах пахаваны яе бацькі, у Параслішчах – астатнія родзічы. І калі наступае час, каб прыбрацца там, усёй мясцовай грамадой робяць агульную добрую справу: мяняюць і фарбуюць агароджу, змагаюцца з дзікай расліннасцю, садзяць кветкі. А надыходзіць вясна, і разам з ёй суботнікі, дарослыя і дзеці пачынаюць чысціць парк у цэнтры гаспадаркі, наводзяць шык­бляск у месцах агульнага выкарыстання. Зараз, зімой, ноткі радасці ў сялянскі пейзаж уносяць акуратна вымеценыя сцежкі на падворках, пафарбаваны яркім колерам хаты ды агароджа, а цішыню мясцовага наваколля абуджае толькі брэх сабак. Увогуле кожны ў Валосавічах імкнецца, гледзячы адзін на аднаго, добраўпарадкаваць сваё домаўладанне. А колькі работы ў гэтым накірунку праводзіць сам старшыня сельвыканкама Леанід Захараў! Малыя архітэктурныя формы ў аграгарадку – уласныя ідэі і, менавіта, яго рук справа. Зразумела, не без дапамогі зацікаўленых вяскоўцаў. Невыпадкова ў 2017 годзе Валосавіцкі сельскі Савет быў прызнаны лепшым на Гомельшчыне і адзначаны Дыпломам ІІ ступені ў абласным штогадовым конкурсе па вырашэнню пытанняў жыццязабеспячэння мясцовага насельніцтва. Гэта і адсутнасць пажараў, злачынстваў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельсавета. Дарэчы, у належнай арганізацыі работы сацыяльнага накірунку адзначаецца і заслуга старасты Валянціны Кульбіцкай. У асабістым паўсядзённым жыцці клопатаў у Цярэнцьеўны таксама хапае. Калі ехалі да яе, то дамовіліся сустрэцца ў адміністрацыйным будынку Валосавіцкага сельвыканкама. Туды стараста спяшалася, каб абмеркаваць са старшынёй Леанідам Васільевічам, як лепш арганізаваць сустрэчу мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі мясцовай улады па пытаннях надыходзячага рэферэндуму. – Заходзьце, калі ласка, заходзьце. Не саромейцеся, – па­свойску, з добразычлівай і прыветлівай усмешкай на твары сустрэла нас Валянціна Цярэнцьеўна. Тут яна заўсёды жаданы чалавек. Дарэчы, як і яе муж. У свой час Уладзімір Рыгоравіч Кульбіцкі ўзначальваў Валосавіцкі сельвыканкам. Прыйшоў туды са школы, а праз пятнаццаць гадоў зноў вярнуўся да вучняў. Падобны працоўны шлях і ў Валянціны Цярэнцьеўны. Адразу школа, потым клуб, а пасля зноў выпадкова вярнулася ва ўстанову адукацыі. Шмат зрабіла для роднай вёскі гэтая жанчына. Пры дапамозе яе актыўнай жыццёвай пазіцыі і цеснай сувязі з мясцовымі органамі самакіравання ў аграгарадку вырашалі шматлікія пытанні мясцовых жыхароў. Дзесьці не гарыць свет альбо пачысціць дарогу трэба, Валянціна Цярэнцьеўна апавяшчае старшыню сельсавета. Тэлефон у яе хаце не змаўкае. Звоняць аднавяскоўцы і нават з суседніх вёсак ідуць, каб паразмаўляць з вока на вока. Пасыпаліся ад яе мудрыя парады і ў наш бок. Гледзячы на гэтую поўную жыццёвых сіл вяскоўку, не было сумненняў, што для яе галоўнае – гэта сям’я і праца, а таксама павага да людзей, з якімі яна жыве побач, дзеля каго працавала і каму дапамагае зараз. І добра, што над гэтымі каштоўнасцямі час не ўладны. Наталля ЁВЕНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *