Вучаніцы Акцябрскай раённай гімназіі Дамініка Казлова і Анастасія Майсейчук паспяхова выступілі на абласным конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Абедзве дзяўчынкі атрымалі Дыпломы І ступені. Да складанага інтэлектуальнага конкурсу гімназістак рыхтавала вопытны настаўнік Таццяна Сяргееўна Крэч. Дарэчы, яна таксама прымала ўдзел у конкурсе ў якасці старшыні журы, разам з іншымі настаўнікамі і выкладчыкамі ацэньвала выступленне адзінаццацікласнікаў. Пасля падвядзення вынікаў рытарычнага спаборніцтва дзяўчаты і педагог падзяліліся сваімі ўражаннямі і эмоцыямі. Яны, вядома, толькі станоўчыя. Зразумела ж, не абыйшлося без хваляванняў і перажыванняў. Гэта больш тычыцца Насці, бо яна ўпершыню ўдзельнічала ў конкурсе рытарычнага майстэрства. Акрамя таго, дзяўчынка вучыцца ў 8 класе, а яе сапернікамі былі дзевяцікласнікі – пераможцы другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры з усіх раёнаў Гомельшчыны і абласнога цэнтра. Зразумела, што Насця не толькі справілася з хваляваннем, але і выступіла настолькі бездакорна, што члены кампетэнтнага журы аддалі ёй першае месца.
– Конкурс сапраўды вельмі складаны. Калі ў вучняў не будзе базы, моўнага інтэлекта, добрага слоўнікавага запасу, дастойна выступіць і заваяваць дыплом не атрымаецца. Як член журы, магу ўпэўнена сказаць, што далёка не ўсе дзеці могуць гаварыць па-беларуску. Шмат вучняў пераходзілі на рускую мову, некаторыя ўвогуле не маглі раскрыць думку, развіць тэму свайго выступлення, прывесці цытаты. Але, адзначу, што былі і даволі моцныя выступленні, што не можа не радаваць. Прыемна, што сучасныя дзеці любяць і паважаюць родную мову, валодаюць ёю і імкнуцца на ёй размаўляць, – расказвае пра конкурс Таццяна Сяргееўна.
Спаборніцтва рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” праходзіла ў два этапы. Першы тур – “Выкажы сваю думку” – заключаўся ў падрыхтоўцы тэксту вуснага выказвання на адну з прапанаваных тэм, адзначаных у картках (на падрыхтоўку прамовы адводзілася 5 хвілін). Другі тур – “Разважанне аб…” – заключаўся ў падрыхтоўцы ўласнага разважання на прапанаваны афарызм, цытату мудраца ці ўрывак з мастацкага твора.
Вынікі конкурсу прадэманстравалі найперш добрае валоданне вучнямі нормамі беларускай літаратурнай мовы, шырокае выкарыстанне радкоў вершаваных твораў беларускіх мастакоў слова ў якасці цытат для падмацавання думкі, уменне ствараць тэкст выступлення на зададзеную тэму.
Дамініка ўжо не першы раз удзельнічае ў абласным конкурсе “Гавары са мной па-беларуску”, яна ведала, як праходзіць спаборніцтва, разумела, якія акцэнты трэба рабіць пры выступленні. У першым туры дзяўчына раскрывала тэму “У самых мудрых самы горкі лёс”, а ў другім – “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Не самыя легкія тэмы, але тым цікавей было выступаць, кажа Дамініка:
– Паразважала на прапанаваныя выказванні, успомніла шмат цытат не толькі беларускіх пісьменнікаў, але і замежных, прывяла прыклады герояў з твораў беларускай літаратуры. Увогуле зрабіла вынік, што мне лягчэй разважаць на філасофскія тэмы. Лічу, што наша сумесная падрыхтоўка не магла не прынесці добрых вынікаў. Як кажа Таццяна Сяргееўна, калі ёсць база – ёсць і вынік.
Насця у першым туры разважала на тэму “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”. За пяць хвілін дзяўчынка скалала план і асноўныя тэзісы свайго выступлення.
– Тэму пра родную мову разам з Таццянай Сяргееўнай і Дамінікай мы рыхтавалі, таму скласці структуру свайго выступлення было не цяжка. Я зрабіла ўсё, як мы вучылі. Складаней было справіцца з хваляваннем. Яно прайшло, калі пачула сваіх сапернікаў. Тады і прыйшла ўпэўненасць і разуменне, што маё выступленне не горш за астатнія. Ужо ў другім туры хвалявання не было. Таксама за пяць хвілін я тэзісна падтрыхтавала сваё выказванне пра раздіму і выступіла ўжо больш спакойна, – далучаецца да размовы Насця.
Дзяўчынкі зараз працягваюць напружаную работу, яны рыхтуюцца да трэццяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Насця паспрабуе свае сілы ў “дарослай алімпіядзе” і скадзе канкурэнцыю дзевяцікласнікам з усіх рэгіёнаў вобласці. Дамініка будзе спаборнічаць з дзесяцікласнікамі. Лідзіруючыя пазіцыі таленавітыя гімназісткі губляць не збіраюцца. Таму разам з Таццяная Сяргееўнай не губляюць ні воднай свабоднай хвіліны. Дзяўчаты шмат чытацюць, яны шчыра захапляюцца роднай мовай, любяць і паважаюць яе. Дамініка і Насця дзякуюць сваёй настаўніцы за моцныя веды і падтрымку. Са свайго боку Таццяна Сяргееўна не шкадуе добрых слоў у адрас сваіх вучаніц за іх працаздольнасць, мэтанакіраванасць і любоў да беларскай мовы.
Ірына Ляшкова.
Фота аўтара.
