Фураж не бясконцы. І спажываць яго трэба рацыянальна

Сельское хозяйство

 

Амаль усе сельгасарганізацыі раёна на сённяшні дзень маюць большы кармавы запас, чым летась, толькі не паўсюдна ім распараджаюцца па-гаспадарску.

Трывалая ў параўнанні нават з некалькімі запар апошнімі гадамі кармавая база, створаная перад пачаткам бягучага стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы, дазваляе на сярэдзіну зімы, у прынцыпе, усім гаспадаркам Акцябршчыны станоўча пераадольваць складанасці гэтага вельмі адказнага для грамадскай жывёлагадоўлі часу. Так, па стану на 1 студзеня 2020 года наяўнасць кармоў амаль па ўсіх відах (на сёння яна, зразумела, некалькі паменшылася) была вышэй мінулагодняга ўзроўню. У прыватнасці, запас сена складаў 121,2%, сіласу – 110,4%, саломы на кармавыя мэты – 165,2%, у сувязі з лепшым ураджаем каласавых і кукурузы на зерне значна вырасла колькасць закладзенага на захаванне зернесенажу і зернефуражу – адпаведна ў 21 і 14,7 раза, і толькі травянога сенажу заставалася 90,3%. Калі ўсё пералічанае перакласці ў кармавыя адзінкі, то на першае чысло новага года агульная наяўнасць кармоў захоўвалася ў межах 31933 тон кармавых адзінак (120,6% да 1 студзеня 2019 года), пры гэтым колькасць канцэнтрыраваных кармоў узрасла ў 7,4 раза.

Прагрэс адчувальны і па такому важнаму разліковаму паказчыку, як наяўнасць кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. На пачатак бягучага месяца (і года таксама) іх па раёну ў цэлым налічвалася па 18 з паловай цэнтнера кармавых адзінак супраць 14,1 цэнтнера, што мы мелі на старце 2019 года з захаваннем тэмпа росту 131,2%. Найбольшым запасам фуражу забяспечаны адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Краснаслабодскае” (30,2 цэнтнера кармавых адзінак) і “Некрашынскі” (28,6 цэнтнера), якія могуць смела разлічваць з уласнымі кармамі нават на паўтары зімоўкі. А вось у ААТ “Парэчча-Арэса”, “Маісееўка”, “Бумажкова-агра” кармавая база зараз больш сціплая, чым у вышэйназваных гаспадарках – на захаванні знаходзіцца па 14,3, 13,0 і 12,0 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, што ўжо не дацягвае да мінулагодняга ўзроўню. Падобнае становішча і ў ААТ “Ламавічы”: там хоць наяўнасць фуражу на ўмоўную галаву і вышэй на цэнтнер, чым летась (109,3%), аднак па такому паказчыку (11,7 цэнтнера к. а.) гэта гаспадарка замыкае раённую зводку. Прыведзеныя невысокія лічбы так ці інакш паказваюць на тое, што з кармамі ў названых сельгасарганізацыях ужо зараз, у разгар зімоўкі жывёлы, не густа. Хутчэй за ўсё, давядзецца эканоміць, каб па вясне зусім не застацца без фуражу і не паўтарыць негатыўны прыклад мінулага года, калі кармы амаль усе гаспадаркі раёна вымушаны былі купляць за межамі раёна ў абмен на жывёлу, пагоршыўшы і без таго сваё і так незайздроснае фінансава-эканамічнае становішча.

І каб падобнага не здарылася і сёлета, трэба ўжо зараз прадпрымаць пэўныя меры па рацыянальнаму выкарыстанню наяўных кармоў. Толькі ці робіцца яно так? На жаль, не заўсёды і не паўсюдна, як паказалі праведзеныя на бягучым тыдні рэйдавыя праверкі па лініі райсельгасхарчу. Вось толькі некаторыя прыклады. На МТФ “Любань” ААТ “Бумажкова-агра” частка сіласу не самай лепшай якасці, узятага з дна траншэі, калі дзе-нідзе трапляецца пясок, не аздабляецца саломай – адсюль такі корм спажываецца жывёлай не поўнасцю. Адразу некалькі тыповых заўваг датычыць месц захоўвання кансерваванага корму на тэрыторыі адкрытага акцыянернага таварыства “Маісееўка”. Там дзе-нідзе быццам узялі за правіла пакідаць распачатыя сянажныя і сіласныя траншэі адкрытымі на працяглы час. Хаця па тэхналогіі ёмістасць з такім кормам неабходна зноў прыкрываць той жа паліэтыленавай плёнкай пасля таго, як будзе адгружана сутачная норма фуражу. У ААТ “Маісееўка” (сіласныя траншэі на рассветаўскай малочнатаварнай ферме, за вёскай Вуглы, ля старой МТФ “Сапейкаў” і ў некаторых іншых месцах) пра гэта, відаць, забываюць. І як вынік – атрыманы ў свой час з вялікімі затратамі каштоўны корм цяпер знаходзіцца на адкрытым паветры, часта пад дажджом і снегам, адпаведна, псуецца, губляе спажыўныя якасці. А калі яшчэ самога корму, як бачна, у некаторых зараз не вельмі, то яго зноў давядзецца дзесьці купляць ці пазычаць. Мабыць, даведзецца наступаць на адны і тыя ж граблі? Не хацелася б…

Юрый Каспяровіч.         



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *