Фальклорныя калектывы з Акцябрскага раёна прынялі ўдзел «Багач» у Азярцах

Культура

У беларускім народным календары ёсць асаблівае сакральнае свята – Багач. Ідзе яно з часоў язычніцтва. Свята звязана з сіламі Зямлі і Прыроды-Маці. Таму ў другой палове восені, калі сады і палі пусцеюць, можна адпачыць і падзякаваць прыродзе за атрыманы ўраджай. У народзе казалі: «Багач заткнуў у страху рагач»: завяршаем гаспадарчую працу і назіраем за надвор’ем.

У праваслаўным календары ў гэты дзень адзначаецца Нараджэнне Прысвятой Багародзіцы. І гэта не супадзенне. Бо свята ўраджаю – гэта і ўшанаванне сталай жанчыны-маці, берагіні і захоўніцы сямейнага цяпла.

21 верасня, у дзень восеньскага раўнадзенства, Багач адсвяткавалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцах.

Урачысты абрад ссыпання зерня ў вёсцы Парэчча паказалі фальклорныя калектывы з Акцябрскага раёна.

У гэты дзень каля царквы звычайна збіраліся жыхары вёскі. Малады хлопец трымаў у руках «Багач» – кораб, упрыгожаны вышываным ручніком, насыпаны зернем новага ўраджаю і ўстаўлены ў зерне свечкай. Гарманіст іграў, а жанчыны спявалі дажыначныя песні. Да іх падыходзіў святар, чытаў малітву і асвячаў «Багач». Потым удзельнікі абраду абыходзілі ўсе двары вёскі, дзе кожны гаспадар насыпаў у кораб жменю жыта са свайго ўраджаю, а гаспадыні частавалі святочнай ежай. Так даходзілі да апошняй хаты, у якой ставілі «Багач» на кут пад абразы, запальвалі свечку і пачыналі гулянне.
Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

У рэстаўрацыі абрадавага свята ўдзельнічалі вакальны калектыў «Вербніца» (філіял «Парэцкі сельскі дом народнай творчасці», аўтэнтычныя калектывы: «Шчадрухі» (філіял «Забалацкі сельскі клуб»), «Купалінка» (філіял «Пратасаўскі сельскі дом народнай творчасці»); Уладзіслаў Маладзянаў (кіраўнік філіяла «Краснаслабодскі сельскі дом народнай творчасці»), узорны фальклорны ансамбль «Рудабельскія зорачкі» (ДУК «Акцябрскі цэнтр вольнага часу»).

У святочнай праграме на імправізаванай сцэне пад гармонік і бубен гучалі народныя песні ўдзельнікаў фальклорных калектываў з Акцябршчыны. Захапляльны майстар-клас па народных танцах рудабельскага краю прадэманстравалі ўдзельнікі «Рудабельскіх зорачак».

Прысутныя і госці на працягу ўсяго святочнага мерапрыемства шчыра віталі самадзейных артыстаў і апладысментамі дзякавалі за выступленні.

Акрамя танцаў і спеваў, на свяце разгарнуўся традыцыйны кірмаш, дзе можна было не толькі набыць прыемныя сувеніры, але і павучыцца іх рабіць. Майстры з ДУК «Акцябрскі раённы дом рамёстваў» Анастасія Бубовіч, Ірына Дабранская, Вольга Кротава, Тамара Станіслаўчык расказвалі і паказвалі майстар-клас па ганчарству, ткацтву паясоў, саломапляценні, вырабу лялек-абярэгаў.
Праграмма свята завяршылася ўзнагароджваннем. Кіраўнікі калектываў Вольга Дульская (узорны фальклорны ансамбль «Рудабельскія зорачкі»), Галіна Тукач (аўтэнтычны калектыў «Шчадрухі»), Святлана Катлярова (аўтэнтычны калектыў «Купалінка»), Анжэла Міхалкіна (вакальны калектыў «Вербніца»), майстры ДУК «Акцябрскі раённы дом рамёстваў» атрымалі Падзяку ад начальніка аддзела народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» Вольгі Хачковай за развіццё і падтрымку народных абрадаў, песенных і танцавальных традыцый, актыўны ўдзел у правядзенні свята «Багач».

Людміла Вырвіч, метадыст
ДУК «Цэнтр культурна-
дасугавай дзейнасці
Акцябрскага раёна».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *