6 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, вядомага беларускага вучонага і мастака, Ганаровага грамадзяніна Акцябрскага раёна Леаніда Ніканоравіча Дробава.
Ён пры жыцці падчас шматлікіх сустрэч з жыхарамі розных рэгіёнаў Беларусі абавязкова падкрэсліваў, што маляваў заўсёды, колькі памятаў сябе. Верагодна, мастацкія здольнасці ў хлопчыка передаліся на генетычнай аснове, у першую чаргу, ад дзеда па маці – іканапісца і святара Марка Васільевіча Шылава.
А нарадзіўся будучы майстар пэндзля і алоўка ў прыгожую пару зыхода лета – 6 жніўня 1926 года ў невялікай вёсцы Растаў тагачаснага Глускага, а зараз Акцябрскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Дарэчы, бацька Леаніда Ніканор Іванавіч у пасляваенны час, працуючы ў пачатковых класах тады адзінай Акцябрскай сярэдняй школы, атрымаў вышэйшую ўзнагароду краіны – ордэн Леніна за значныя заслугі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.
Пасля заканчэння адной з сямігодак горада Бабруйска Леанід Дробаў паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Крупскай. Ды не давялося «вывучыцца на настаўніка», аб чым марылі бацькі, – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Напрыканцы 1941-га Лёня, якому споўнілася толькі 15 гадоў, стаў сувязным, а пазней – і байцом 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Шмат разоў быў, як кажуць, літаральна на валаску ад смерці, і нават у такіх суровых умовах знаходзіў час для малявання. Так здаралася і на фронце, куды былы партызан Дробаў трапіў пасля расфарміравання брыгады народных мсціўцаў у студзені 1944 года. Калі выпадала вольная хвіліна, малады гвардзеец рабіў пры дапамозе алоўка партрэты-замалёўкі баявых сяброў, каб тыя змаглі адправіць іх у пісьмах дадому. Аднойчы давялося сухім пэндзлем зрабіць партрэт самога камандуючага фронтам, маршала Канстанціна Ракасоўскага, чым высокі ваеначальнік быў вельмі задаволены.
Вялікую Перамогу радавы Леанід Дробаў сустрэў на тэрыторыі Германіі і дэмабілізаваўся ў няпоўныя 19 гадоў. Вярнуўшыся ў Мінск, паступіў у мастацкае вучылішча, паралельна засвойваў агульнаадукацыйную праграму старэйшых класаў у вячэрняй школе і працаваў мастаком-афарміцелем. А калі атрымаў профільную адукацыю, пэўны час выкладаў чарчэнне і маляванне ў сталічных школах. Трэба адзначыць, што разам з пастаянным жаданнем маляваць Леанід Ніканоравіч усё жыццё хацеў вучыцца, што і рабіў. Праз пэўны час пасля заканчэння мастацкага вучылішча ён быў студэнтам-завочнікам факультэта журналістыкі БДУ, потым паступіў на дзённы стацыянар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (мастацкі факультэт), таксама скончыў і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР і на працягу звыш 3 з паловай дзесяцігоддзяў узначальваў пры гэтай навуковай установе аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З цягам часу паспяхова абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, з’яўляўся аўтарам шматлікіх артыкулаў у папулярных выданнях і навуковых манаграфій, якія сталі асновай для вывучэння курса мастацтвазнаўства ў вышэйшых навучальных установах краіны. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Леанід Ніканоравіч Дробаў за сваю працяглую даследчую дзейнасць сам падрыхтаваў 13 кандыдатаў і 2 дактароў і яшчэ вельмі многім даў пуцёўку ў вялікі свет навукі.
Сферай навуковых інтарэсаў Л. Н. Дробава ў асноўным з’яўляўся беларускі жывапіс ХІХ-ХХ стагоддзяў, станаўленне стыляў і жанраў у беларускім мастацтве. Як аўтар і член рэдкалегіі, ён непасрэдна ўдзельнічаў у напісанні 9-томнага выдання «Гісторыя мастацтва народаў СССР», за што прэзідыум саюзнай Акадэміі мастацтваў узнагародзіў яго залатым медалём. А за актыўны ўдзел у стварэнні 6-томнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (навуковы кіраўнік аўтарскага калектыва і аўтар большасці артыкулаў) Леаніду Ніканоравічу была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь за 1996 год. Прычым пасведчанне і знак лаўрэата асабіста ўручыў нашаму знакамітаму земляку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Што ж датычыць мастакоўскай творчасці Л. Н. Дробава, то ён, з’яўляючыся членам Беларускага саюза мастакоў з 1964 года, працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, аднак найбольш значнае месца ў яго работах займаў пейзаж. Тэмы для сваіх палотнаў Леанід Ніканоравіч чэрпаў з жыцця, з перажытага ім асабіста ў маленстве і ў ваенны перыяд – на акупацыйнай тэрыторыі, у партызанах і на франтавых рубяжах, падчас шматлікіх камандзіровак і творчых паездак па Беларусі, іншых рэспубліках былога Савецкага Саюза, бываючы ў замежжы і, безумоўна, у родных мясцінах – на Акцябршчыне. Назвы карцін Леаніда Дробава гавораць самі за сябе. Гэта, напрыклад, сюжэтна-тэматычныя работы «Камбед», «Партызанская кухня», «Трагедыя спаленых вёсак», «Успаміны аб юнацтве», шэраг партрэтаў беларускіх пісьменнікаў і іншых знакамітых асоб, пейзажы «Крым. Гурзуф», «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча» і многія іншыя. Творы Леаніда Дробава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-архіўным музеі.
Вядомы нават па-за межамі рэспублікі вучоны і мастак ніколі не парываў сувязяў з роднай Акцябршчынай. Нават будучы ў пажылым узросце, ён стараўся наведаць наш гарпасёлак і некаторыя сельскія населеныя пункты, дзе праходзілі святочныя мерапрыемствы з нагоды памятных дат, займаў пачэснае месца ў прэзідыуме на прэзентацыі кнігі «Памяць. Акцябрскі раён» (1997 год), пастаянна цікавіўся культурным жыццём раёна. Як сапраўдны патрыёт, Леанід Ніканоравіч падараваў Акцябрскай карціннай галерэі сваю самую вялікую калекцыю жывапісу –120 работ, якія складаюць некалькі экспазіцый гэтай установы культуры.
Доктар мастацтвазнаўства, жывапісец і партрэтыст, Ганаровы грамадзянін Акцябрскага раёна Леанід Ніканоравіч Дробаў пайшоў з жыцця 7 ліпеня 2002 года. Згодна з яго запаветам, пахаваны ў старой частцы гарадскіх могілак г. п. Акцябрскі побач з магіламі сваіх бацькоў. У памяць аб гэтым шчырым і добрым чалавеку яго імя звыш двух дзесяцігоддзяў носіць мясцовая карцінная галерэя. А сёлета з нагоды стагадовага юбілею віднага вучонага і мастака, ветэрана Вялікай Айчыннай родам з вёскі Растаў запланавана правядзенне шэрагу тэматычных мерапрыемстваў з удзелам рознаўзроставай аўдыторыі, якую жыва цікавіць мастацтва і гісторыя роднага краю.
Юрый Каспяровіч.
Фота з інтэрнета.
