Для Тамары Савельевай галоўнае – сям’я і праца, а таксама павага да людзей

Общество

У Пратасаўскім сельскім Савеце дванаццаць вёсак і сем стараст. У аграгарадку Рассвет сувязь з насельніцтвам і старшынёй сельвыканкама ўжо доўгі час трымае Тамара Пятроўна Савельева.

У розныя часы населеныя пункты Пратасаўскага сельсавета ўслаўлялі працавітыя, старанныя людзі, якія рупіліся пра сваю будучыню. Славіла працай родны куточак і Тамара Пятроўна Савельева разам з мужам Анатолем Мікалаевічам. На жаль яго ўжо няма, а раней абодва працавалі на карысць сваёй малой радзімы.

Тамару Пятроўну аднавяскоўцы, ды і не толькі, ведаюць, як добрага работніка сельскай бібліятэкі. Прафесіянал сваёй справы, яна яшчэ пяць гадоў, як выйшла на заслужаны адпачынак, працягвала ўзначальваць мясцовае «сховішча» ведаў. Яе муж працаваў вадзіцелем у сельскай гаспадарцы. Пражылі ўсё жыццё ў Рассвеце і нікуды да вялікай цывілізацыі ў маладосці не падаліся. Задавальняла іх сельскае жыццё. Тут іх спрадвечныя карані. Бацькі Тамары Пятроўны былі паважанымі людзьмі ва ўсёй акрузе. Пётр Паўлавіч Высоцкі ўзначальваў Рассветаўскую школу, выкладаў матэматыку, а маці Марыя Дзмітрыеўна – беларускую мову і латаратуру. Яны і сваім дзецям, і сялянскім, былі высокім прыкладам ва ўсім: і ў навуцы, і ў працы, і ў грамадскіх справах. Асабліва да працы ставіліся з поўнай адказнасцю. Патрабавалі гэтага і ад іншых. Так што ў сям’і Тамары Пятроўны адны патрыёты сваёй вялікай краіны і малой радзімы. Так выхавалі яе бацькі, такой застаецца яе змена: двое дзяцей і двое ўнукаў, якія жывуць у сталіцы.

Без меры працавітая, добразычлівая Тамара Савельева ніколі не заставалася абыякавай да сваёй працы і грамадскіх спраў. Умела Пятроўна сумяшчаць іх з асноўнай дзейнасцю. Калі працавала ў бібліятэцы, усіх вяскоўцаў, ад мала да вяліка, да чытання прызвычаіла. За шматгадовую, добрасумленную працу шмат узнагарод мае, а яе фотаздымак не раз займаў заслужанае месца на раённай Дошцы гонару.

– Настаўніцай хоць і не стала, але на генетычным узроўні працягнула справу бацькоў, – разважае жанчына. – Праводзіла актыўную адукацыйную і культурна-масавую работу сярод мясцовых жыхароў. Тут, у Рассвеце, бруіла культурнае жыццё ўсяго наваколля. Мерапрыемствы для вяскоўцаў, канцэрты, конкурсныя праграмы, святы не раз ладзіліся ў бібліятэцы. Ды не проста ладзіліся, а з размахам: па-сяброўскі, з душэўнай цеплынёй, хатнімі прысмакамі, пачастункамі і падарункамі.

– Была ў мяне адна мэта, – працягвае ўспаміны Тамара Пятроўна, – каб аднавяскоўцы прыходзілі да мяне, як дадому. Таму па-за ўвагай ніхто не заставаўся, тут кожнаму была пяшчота і занятак.
Вось так непрыкметна Тамара Савельева працягвала ў Рассвеце культурную спадчыну сваіх продкаў, захоўвала яе для сучаснага пакалення. Калі пайшла на заслужаны адпачынак, то дома засталася ненадоўга. У вёсцы Тамара Пятроўна – чалавек паважаны, аўтарытэтны, адказны за даручаныя справы, наконт чаго б яны ні тычыліся. Таму запрашаюць яе ўсюды і ўсе. Напрыклад, у Пратасаўскім сельскім Савеце Тамара Пятроўна Савельева заўсёды жаданы чалавек, незаменны памочнік, падцверджвае старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Аксана Галчынская. Якія б пытанні ні абмяркоўваліся, Тамара Пятроўна прымае ў іх вырашэнні непасрэдны ўдзел. На яе ўскладалася сур’ёзная адказнасць, не толькі як на прафесійнага работніка культуры, актывістку, але і як на старшыню участковай выбарчай камісіі. Тамара Савельева выконвала гэтую місію на працягу шматлікіх гадоў. Патрэбна было арганізаваць работу на выбарчым участку так, каб усё прайшло без парушэнняў, каб прагаласавалі ўсе зарэгістраваныя выбаршчыкі, каб не ўзнікла якіх-небудзь непаразуменняў ці непрадбачных сітуацый. Такіх момантаў, кажа Тамара Пятроўна, за ўвесь час узначальвання ёю выбарчай камісіі па Пратасаўскай выбарчай акрузе, ніколі не было.
Тамара Савельева – жанчына, сапраўды, асаблівая і па свайму характару, і па стаўленню да жыцця. З лёгкасцю ўздыме настрой, прывабіць да размовы любога. Ніколі не абдзеліць павагай ні сваіх, ні чужакоў. Суседзі без лішняй сціпласці называюць Пятроўну сваёй выратавальніцай, бо яна той чалавек, які здольны знайсці кантакт з любым і дапамагчы кожнаму.

– Хтосьці занядужаў – да мяне прыходзяць, тэлефануюць, штосьці зламалася – мне скардзяцца, у раённы цэнтр падвезці ці што-небудзь адрамантаваць з адзення – звяртаюцца, як да майстрыхі, – распавядае жанчына. – З асабістымі просьбамі сама спраўляюся, а па больш важным пытанням тэлефаную альбо іду ў сельсавет да яго старшыні. Пенсіянеры некаторыя нават больш ва ўвазе маюць патрэбу, чым у дапамозе, – тлумачыць стараста.

Дарэчы, Тамара Пятроўна Савельева на гэтай грамадскай пасадзе таксама не адзін год. З маладосці заўважылі яе актыўнасць, працаздольнасць, адказнасць, зацікаўленасць людскімі і грамадскімі справамі. Заўсёды навідавоку была. Лідэрам ва ўсіх вясковых справах лічылася. І зараз яна связуючае звяно паміж мясцовымі органамі самакіравання і сельскім насельніцтвам. Для ўсіх заўсёды была і застаецца «хуткай дапамогай». Так і вырашае надзённыя пытанні аднавяскоўцам, «пралівае» на іх святло, бо ў курсе падзей як у раёне, так і ў краіне. Вельмі задаволена, што надыйшоўшы год Прэзідэнт нашай краіны абвясціў Годам беларускай жанчыны.

Не застаецца Тамара Пятроўна ў баку ад грамадскіх ініцыятыў. Яна, як чалавек, нераўнадушны да лёсу сваёй краіны, заўсёды сочыць за падзеямі ў ёй. Дзяржава стварыла ўсе ўмовы, каб кожны грамадзянін мог выказаць сваё меркаванне, кажа Тамара Пятроўна, і мы ў ёй – гаспадары. Ніякай працы не цураемся. Трэба, напрыклад, арганізаваць сход ці сродкі самаабкладання сабраць, Пятроўна зробіць усё своечасова. Мясцовай гаспадарцы дапамагчы – няма ніякіх перашкод. Пра добраўпарадкаванне мясцін памяці продкаў, размаўляць не прыходзіцца. Для Тамары Пятроўны і ўсіх аднавяскоўцаў – гэта святы абавязак. І калі наступае час, каб прыбрацца там, усёй мясцовай грамадой робяць агульную добрую справу: мяняюць і фарбуюць агароджу, змагаюцца з дзікай расліннасцю, садзяць кветкі. А надыходзіць вясна і разам з ёй суботнікі, дарослыя і дзеці пачынаюць наводзіць шык-бляск у месцах агульнага карыстання. Зараз, зімой, ноткі радасці ў сялянскі пейзаж ўносяць акуратна вымеценыя сцежкі на падворках, пафарбаваны хаты ды агароджа, а цішыню мясцовага наваколля абуджае толькі брэх сабак. Увогуле, кожны ў Рассвеце імкнецца, гледзячы адзін на аднаго, добраўпарадкаваць сваё домаўладанне, падкрэслівае старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Аксана Галчынская. А колькі работы ў гэтым накірунку праводзіць сама старшыня сельвыканкама? Малыя архітэктурныя формы ў аграгарадку і кветнікі – уласныя ідэі і, менавіта, яе рук справа. Зразумела, не без дапамогі зацікаўленых вяскоўцаў. Дарэчы, у належнай арганізацыі работы сацыяльнага накірунку, адзначаецца і заслуга старасты Тамары Савельевай.

У асабістым паўсядзённым жыцці клопатаў у Пятроўны таксама хапае. Калі ехалі да яе, то дамовіліся сустрэцца ў адміністрацыйным будынку Пратасаўскага сельвыканкама. Туды стараста спяшалася, каб абмеркаваць са старшынёй Аксанай Генадзьеўнай, як лепш арганізаваць работу мясцовых жыхароў па ўборцы снегу там, дзе гэта неабходна. Зараз – гэта ўсіх хвалюючая тэма.

– Заходзьце, калі ласка, заходзьце. Не саромейцеся, – па-свойску, з добразычлівай і прыветлівай усмешкай на твары сустрэла нас ў сельскім Савеце Тамара Пятроўна.

Шмат зрабіла для роднай вёскі гэтая жанчына. Пры дапамозе яе актыўнай жыццёвай пазіцыі і цеснай сувязі з мясцовымі органамі самакіравання, у аграгарадку вырашаліся шматлікія пытанні мясцовых жыхароў. Дзесьці не гарыць свет, альбо пачысціць дарогу трэба, Тамара Пятроўна апавяшчае старшыню сельсавета. Тэлефон у яе хаце не змаўкае. Звоняць аднавяскоўцы, ідуць, каб паразмаўляць з вока на вока.

Гледзячы на гэтую поўную жыццёвых сіл вяскоўку, не было сумненняў, што для Тамары Савельевай галоўнае – сям’я і праца, а таксама павага да людзей, з якімі яна жыве побач, дзеля каго працавала і каму дапамагае зараз. І добра, што над гэтымі каштоўнасцямі час непадуладны.

Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *