Чарговая перамога «Рудабельскіх зорачак»

Знай наших!

У Ельску 26 чэрвеня прайшло 13-е па ліку маштабнае мерапрыемства – адкрыты рэгіянальны фестываль “Грай, гармонік!”. Фестываль праводзіцца з мэтай адраджэння і захавання народнай творчасці, пераемнасці традыцый рэгіянальнай народнай інструментальнай музыкі, павышэння выканаўчага майстэрства музыкаў-аматараў, пашырэння і ўмацавання творчых сувязей паміж рэгіёнамі, развіцця фестывальнага руху ў вобласці аматарскай мастацкай творчасці.

Фестываль стаў сцэнічнай пляцоўкай для сустрэч аматараў народнай творчасці, у тым ліку музыкаў-гарманістаў. Удзельнікі адкрытага фестывалю-2025 – музыканты-інструменталісты (гармонік, баян), выканаўцы прыпевак, вакальныя каллектывы, майстры, рамеснікі, умельцы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі. У гэты святочны дзень горад быў напоўнены гукамі гармонікаў, песень, апладысментаў і шчырай радасці.

У чацвёрты раз на фестывалі Акцябршчыну прадстаўляў узорны фальклорны калектыў “Рудабельскія зорачкі”, падрыхтаваны мастацкім кіраўніком Вольгай Дульскай і музычным кіраўніком Дзмітрыем Бяжковым.

Калектыў стаў адным з самых яркіх удзельнікаў мерапрыемства. Яшчэ ў час пастраення перад пачаткам фестывальнага шэсця задорная музыка “зорачак” ускалыхнула маштабную калону калектываў-удзельнікаў і гасцей, чым узадорыла ўсю атмасферу свята, прыцягваючы ўвагу да нашых артыстаў журналістаў і фотакарэспандэнтаў.

У асноўнай частцы свята – конкурсным праслухоўванні ўдзельнікаў фестываля – пакарылі сваім выступленнем гарманісты Мікіта Сухі, Арсеній Ахрэмчык, Кірыл Шаплыка, Павел Залатароў, барабаншчык Арсеній Рэйляну, дзяўчаты з бубнамі Ксенія Ільенка, Арына Папроцкая.

У склад журы ўвайшлі заслужаныя дзеячы культуры Беларусі, заслужаныя работнікі культуры Расійскай Федэрацыі, вядомыя работнікі гэтай галіны. Старшыня журы, заслужаны дзеяч культуры Расійскай Федэрацыі Генадзь Калмыкоў адразу ж пасля прадстаўлення конкурснай праграмы даў высокую ацэнку выступленню калектыву за цудоўную ігру на гармоніку і харызматычнасць юных артыстаў, падзякаваўшы кіраўніка Вольгу Гаўрылаўну за вялікую прафесійную работу.

Пад незмаўкальныя апладысменты гледачоў прайшло выступленне “Рудабельскіх зорачак” на адкрытай пляцоўцы ў час канцэртных выступленняў творчых калектываў “Фестываль у нас ідзе – усё грыміць, усё гудзе!”. Асноўную ўвагу гледачоў прыцягвалі таленавітыя хлапчукі-гарманісты, галасістая ўдзельніца-выканаўца прыпевак, заліхвацкія дзяўчаткі-танцоркі, якія шчодра дзяліліся са сцэны артыстызмам і творчым натхненнем.

У выніку – заслужаная ўзнагарода! За высокае выканаўчае майстэрства і прапаганду традыцыйнай народнай музыкі калектыў “Рудабельскія зорачкі” быў адзначаны Дыпломам І ступені. Прызавыя месцы атрымалі асобныя ўдзельнікі па намінацыях.Так, Лаўрэатамі ІІІ ступені сталі Мікіта Сухі (намінацыя “саліст-гарманіст”), Арсеній Ахрэмчык і Кірыл Шаплыка (намінацыя “інструментальныя дуэты”), Ксенія Баранава (намінацыя “выканаўцы прыпевак”). Журы ўлічвала ўзровень выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў, вакальныя даныя, артыстызм, эмацыянальнасць, тэхніку выканання, сцэнічную культуру і імідж.

Калектыў у чарговы раз падцвердзіў высокі мастацкі ўзровень і любоў публікі.

Віншуем “Рудабельскіх зорачак” і іх кіраўнікоў Вольгу Гаўрылаўну і Дзмітрыя Гаўрылавіча з цудоўным дасягненнем!

У фестывалі прынялі ўдзел майстры-рамеснікі філіяла “Акцябрскі раённы дом рамёстваў”. Ірына Дабранская і Таццяна Шчэцька прадставілі ўнікальныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на лакацыі “Горад майстроў”, а Наталля Малаковіч паказала майстар-клас па вышыўцы і вязанні кручком.

Удзельнікі фестывалю “Грай, гармонік!” з Акцябршчыны атрымалі прыемныя эмоцыі і ўражанні ад свята творчасці.

Людміла Вырвіч,
метадыст ДУК “Цэнтр
культурна-дасугавай дзейнасці
Акцябрскага раёна”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *