Чалавек свайго лёсу

Общество

Пад такой назвай у нашай краіне праходзіць рэспубліканскі літаратурны конкурс. Ён прысвечаны 100-годдзю знакамітага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Удала выступіла ў ім вучаніца 7 «Б» класа Акцябрскай раённай гімназіі Алена Андрос. Дзяўчынка атрымала Дыплом І ступені на абласным этапе. Яе твор будзе прадстаўлены ў заключным этапе конкурса.

Як прызналася Алена, яна ўжо даўно спрабуе пісаць вершы. І ў гэты раз вырашыла паразважаць на тэму чалавечага прызначэння, яго лёсу.

– Я лічу, што ў кожнага чалавека ёсць сваё прызначэнне. Нехта прыходзіць у гэты свет, каб бараніць слабых, берагчы спакой грамадзян. Ёсць людзі, якія займаюцца навукай, працуюць настаўнікамі. А ёсць тыя, хто кожны дзень рызыкуе сваім жыццём дзеля іншых. Камусьці шанцуе, а хтосьці переадольвае цяжкасці, каб дайсці да сваёй мэты. Гэтыя думкі і паспрабавала перадаць праз вершаваныя радкі. А ў апошніх слупках прыгадала Васіля Быкава. Яго лёс таксама не быў простым. Чалавек прайшоў вайну, але дзякуючы свайму таленту пакінуў чытачам цудоўныя творы ваеннай тэматыкі, – падзялілася Алена асноўнай думкай свайго верша.

Дарадцай і першым памочнікам Алены ў стварэнні верша стала мама Надзея Іванаўна. Яна ж і настаўніца дачкі.

– Я прапанавала Алене паспрабаваць напісаць верш філасофскай лірыкі. У сёмым класе дзеці ўжо знаёмы з творчасцю Васіля Быкава, таму ў сваім творы Алена ўзгадала аповесць “Жураўліны крык”. Гэты твор ёй вельмі спадабаўся і ўразіў, – каментуе Надзея Іванаўна.
Творчы тандэм перамогу ў абласным этапе конкурса ўспрыняў даволі сціпла. Алена і Надзея Іванаўна кажуць, что навіна пра першае месца была прыемнай, але спыняцца і адпачываць пакуль рана, трэба працаваць далей. Хутка адбудзецца абласная алімпіяда па вучэбных прадметах, у якой гімназістка будзе прымаць удзел. Вольны час Алена Андрос выкарыстоўвае для паглыбленага вывучэння беларускай мовы і літаратуры.

Ірына ЛЯШКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *