Былому сялу Рудабелка, на месцы якога зараз знаходзіцца гарадскі пасёлак Акцябрскі, сёлета спаўняецца 515 гадоў.

Бацькаўшчына Важное

Самым лепшым і прыгожым месцам на свеце, самым дарагім сэрцу кожнага чалавека з’яўляецца той куточак Бацькаўшчыны, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе спрадвеку жылі яго продкі. Для нас гэта – былая Рудабелка, якая 68 гадоў таму стала састаўной часткай гарадскога пасёлка Акцябрскі. Яго жыхарам розных пакаленняў заўсёды цікава было пазнаць мінулае сваіх родных мясцін, даведацца, як жылі людзі ў гэтым кутку 100, 200 і больш гадоў назад. Вялікую работу ў дадзеным напрамку вядуць вучоныя – даследчыкі нашага гістарычнага мінулага. Адзін з іх – Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Атрымалася так, мяркуе Валянцін Фёдаравіч, што гісторыя гераічнай “Рудабельскай рэспублікі”, барацьба мясцовага насельніцтва супраць кайзераўскіх, белапольскіх і нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыцягвала ўвагу многіх вучоных, краязнаўцаў, літаратараў. У той жа час больш далёкае мінулае Рудабельшчыны, асабліва ў феадальны перыяд, вывучана вельмі мала. Адна з прычын– у адсутнасці масавых крыніц па гісторыі нашага краю ў тыя старадаўнія часы. Аднак дзякуючы Валянціну Голубеву, іншым даследчыкам мы маем некаторыя пэўныя сведкі аб Рудабелцы 500-гадовай даўніны.

Тэрыторыя сучаснага Акцябрскага раёна займае паўночна-ўсходнюю частку Прыпяцкага Палесся і ў старажытнасці амаль уся была пакрыта лясамі і балотамі. Тут не было вялікіх гарадоў ці мястэчак, праз гэтыя мясціны не праходзілі вялікія гандлёвыя шляхі, як, напрыклад, у Бабруйску, н аМазыршчыне. Таму ў летапісах, іншых даўніх дакументах звесткі аб названай тэрыторыі амаль не сустракаюцца. Да таго ж, магчыма, асобныя дакладныя дакументы, якія меліся, былі знішчаны ў выніку войнаў, пажараў і іншых выпрабаванняў, якія перанесла наша зямля.

Нягледзячы на складаныя геаграфічныя ўмовы, сучасная тэрыторыя Акцябрскага раёна была заселена людьмі вельмі і вельмі даўно. Так, каля вёскі Парэчча (зараз аграгарадок) археолагі выявілі стаянку чалавека каменнага веку, селішча бронзавага веку, якое датуецца прыблізна сярэдзінай ІІ тысячагоддзя да нашай эры, і селішча жалезнага веку. Вядомы таксама археалагічныя помнікі каменнага і жалезнага вякоў каля населеных пунктаў Валосавічы (гарадзішча балотнага тыпу іселішча), Мікуль-Гарадок (гарадзішча жалезнага веку), Красная Слабада і Чорныя Брады (гарадзішчы балотнага тыпу), Пратасы (селішча жалезнага веку, прыблізна І тысячагоддзе да нашай эры). Большасць старажытных курганаў і месцаў былых паселішчаў чалавека на тэрыторыі Акцябршчыны яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

Больш поўныя і дакладныя звесткі пра нашу гісторыю адносяцца да феадальнага перыяду. З гістарычных крыніц вядома, што прыкладна ў першай чвэрці ХІV стагоддзя разам з другімі землямі баларускага Падняпроўя Рудабельшчына (маецца на ўвазе тагачасная тэрыторыя сучаснага Акцябрскага раёна) увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – феадальнай дзяржавы, у якой насельніцтва знайшло сабе абарону ад азіяцкага нашэсця. Так, у той час, калі тэрыторыя Маскоўскай Русі трапіла пад мангола-татарскае іга, беларускія, літоўскія і ўкраінскія землі змаглі абараніцца, увайшоўшы ў адзіную федэратыўную дзяржаву. Аднак землі, якія знаходзіліся на ўсходнім паграніччы Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, уключаючы і Падняпроўскія вобласці, станавіліся ўласнасцю вялікага княза (гаспадара). Справа ў тым, што тут часта адбываліся ваенныя сутыкненні, і прыватныя ўласнікі імкнуліся атрымаць маёнткі ў цэнтра дзяржавы, не жадаючы, каб іх маёмасць была разрабавана ворагам. Вялікаму князю належалі і маёнткі, якія знаходзіліся на сучаснай тэрыторыі нашага раёна.

Першыя пісьмовыя звесткі пра ўладанне Рудыя Белкі, спасылаючыся на гістарычныя крыніцы, сцвярджае прафесар Валянцін Голубеў, а таксама іншыя навукоўцы Інстытута гісторыі,  адносяцца да пачатку ХVІ стагоддзя, а дакладней, датуюцца 1507 годам. У прыватнасці, у кнігах Метрыкі Вялікага княства Літоўскага значыцца, што іменна ў 1507 годзе (дакладная дата не прыведзена) троцкі ваявода Мікалай Мікалаевіч Радзівіл звярнуўся да караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Старога з прсьбай перадаць яму ў карыстанне гэта ўладанне з правам збірання даніны і “писарского дохода”. 2 снежня 1507 года вялікі князь падчас знаходжання ў Гродна станоўча адказаў на просьбу М. М. Радзівіла і даў яму са сваёй “господарской ласки” даніну “з Рудых Белок грошовую и медовую, и бобровую, и куничную, и з доходом писарским, почоншы от сего часу на десят лет”.  Некалькі пазней, у 1526 годзе, маёнтак Рудыя Белкі быў аддадзены ў кіраванне, а потым іва ўласнасць князю Мікалаю Радзівілу. Гэтаму буйнаму магнацкаму роду маёнтак належаў да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Суседнія ўладанні па-ранейшаму заставаліся ўласнасцю вялікага князя.  Радзівілы мелі шмат іншых маёнткаў на Беларусі, таму гаспадарка ў Рудых Белках вялася звычайна праз адміністратара (аканома) ці арандатара.

Галоўнымі заняткамі тутэйшага насельніцтва ў тыячасы былі земляробства і жывёлагадоўля. Важную ролю ў гэтай лясістай масцовасці адыгрывала таксама паляўніцтва і бортніцтва. Асноўную частку даніны, якую выплочвала феадальна залежнае сялянства, складала прадукцыя лясных промыслаў: мёд, воск, шкуры куніц, баброў і вавёрак. Адсюль, па адной з версій (рыжая вавёрка – рудая белка), і пайшла назва маёнтка Рудыя Белкі.

Па гістарычных звестках сярэдзіны ХVІ стагоддзя, радзівілаўскае сяло Рудыя Белкі (Рудабелка) і вялікакняскае сяло Валосавічы ўваходзілі ў склад Бчыцкай (пасучаснаму Пціцкай) воласці Мазырскага староства. У яго складзе яны з’яўляліся цэнтрамі тагачасных адміністрацыйных адзінак – нядзель. Вядома, зазначае гісторык Валянцін Голубеў, што ў 1552 годзе ў Рудых Белках было 99 сялянскіх гаспадарак (дымоў), у Валосавічах – 96. Праз Рудыя Белкі, Валосавічы, Багрымавічы (вёска ў сучасным Петрыкаўскім раёне блізка ля вусця ракі Пціч прыяе ўпадзенні ў Прыпяць) стаў праходзіць гандлёвы шлях са Слуцка ў Мазыр. У пералічаных сёлах знаходзіліся вялікакняскія мытнікі і збіралі падарожную пошліну з праезджых купцоў. Мясцовае насельніцтва ў гэты час, акрамя даніны, плаціла феадальнаму ўласніку і грошы: “серабра з Рудабельскай нядзелі за ўсё пра ўсё 9 кап. грошай” – так было засведчана ў архіўным дакуменце. Акрамя таго, рудабельцы разам з жыхарамі суседніх валасцей і нядзель павінны былі будаваць масты на рэчках Бчыц (Пціч), Нератоўцы і іншых, значыць, “усе рэчкі і балоты навялікай дарозе са Слуцка да Мазыра”.  

Значныя змены ў сацыяльна-эканамічным становішчы мясцовага насельніцтва адбыліся прыкладна ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя і былі звязаны ў першую чаргу з укараненнем тут фальварачна-паншчыннай сістэмы гаспадарання. Значыць, пачаўся новы, больш прагрэсіўны перыяд у гісторыі нашага края.

Падрыхтаваў Юрый Каспяровіч.         



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *