Апантаныя працай і сям’ёй

Общество

Ёсць у Любані нямала сем’яў, з якіх можна браць прыклад як ў працы, так і ў сямейных адносінах. Такімі лічацца муж і жонка Валянціна і Васіль Кашаед. Яны разам ужо трыццаць дзевяць гадоў і ніколі не сумняваліся ў сваіх адносінах. Выгадавалі дзвюх дачок і зараз дапамагаюць ім з унукамі.

Жыццё Валянціны і Васіля Кашаед прайшло ў сельскай мясцовасці, таму да іх павага асаблівая. Яны – людзі ад зямлі. Васіль Юр’евіч і Валянціна Рыгораўна – мясцовыя. Ён – ураджэнец аграгарадка Любань. Адсюль пайшоў фамільны род Кашаедаў, тут Васіль усё жыццё і пражыў са сваёй сям’ёй. Простага селяніна ніколі не пакідала жаданне працаваць на зямлі. Такая ж руплівіца і яго жонка. Валянціна з Гарохавішч і таксама дбайная працаўніца. Ніколі не пасядзіць без справы, як і яе муж. Васіль Юр’евіч знаходзіцца на добрым рахунку ў калектыве. У гаспадарцы – ён адзін з лепшых. Усе вясновыя корманарыхтоўваючыя справы тут давяраюць толькі яму. З вясны да восені механізатар на МТЗ «Бeларус-82.1» у полі. Як толькі сыйдзе снег, Васіль пачынае развозіць арганіку. Потым засявае сельгасугоддзі. Прыходзіць час – прасуе сена і салому, задзейнічаны на адвозцы кармоў. Толькі паспявае мяняць прычэпныя агрэгаты на свой шматгабарытны трактар. Не так даўно Васіль Юр’евіч выйшаў на заслужаны адпачынак, але працягвае шчыраваць у сваёй гаспадарцы. Валянціна Рыгораўна таксама ўжо некалькі гадоў як на пенсіі, працавала ў дзіцячым садку, а потым прыбіральшчыцай у школе, але заўсёды занята справай. Кажа, што яе хапае ў сваёй сядзібе, было б жаданне, і занятак знойдзецца. Гаспадыня то па хаце варушыцца, то па гаспадарцы клопат мае. А яна ў іх немалая. Па некалькі парсюкоў гадуюць ды хатняй птушкі з некалькі дзясяткаў трымаюць. Стараюцца дзеля дзяцей і ўнукаў, якія засталіся ў горадзе, каб забяспечыць іх дабрабыт. А яшчэ Валянціна Рыгораўна вялікую ўвагу надае добраўпарадкаванню. Іх прыгожы дом у Любані па вуліцы Першамайская, 25 Б ні з якім не сблытаешь. Ужо з вуліцы бачна, што парадак і чысціню тут паважаюць. Прыгожа як у хаце, так і ў двары. І ўсё гэта дзякуючы працавітым рукам гаспадароў.

Не памылішся, калі скажаш, што ў сям’і Кашаед каханне і ўзаемадапамога, павага і праца – асноўныя правілы.
– У любой справе поспех вызначаецца індывідуальнымі здольнасцямі чалавека, – разважаюць муж з жонкай. – У вёсцы грэх проста так марнаваць час і нічога не рабіць. Працуем усе. Дапамагаюць дзеці. Як бы там ні было, а выраслі дочкі на хлебе з малаком, на зямлі нашых продкаў, пагэтаму едуць да бацькоў у родную хату. Ёсць у нас адна ўмова: чым больш рук, тым болей зроблена.

Шмат у Васіля Юр’евіча з Валянцінай Рыгораўнай пяшчоты і любові адзін да аднаго, якія нельга ўзважыць і ацаніць.

– Іх можна толькі адчуць, – не можа без слёз радасці перадаць свае пачуцці Валянціна Рыгораўна, – самае галоўнае ў жыцці ведаць, чаго ты жадаешь на самай справе, разумець, што ў сям’і з’яўляецца галоўным арыенцірам і што будзе падтрымліваць нават у самы цяжкі час. Заўсёды вучылі гэтаму і дочак, каб былі разам са сваімі выбраннікамі і разумелі ў жыцці одно галоўнае правіла: «Не дыктаваць, а падказваць, падтрымліваць, паважаць. Каб ведалі кошт самым блізкім людзям».

Моцныя роднасныя сувязі Валянціне з Васілём дапамагае падтрымліваць сям’я. Яна хоць і невялікая, але моцная. Муж з жонкай кажуць, што разам марылі менавіта пра такую сям’ю. Яна для іх – аснова і слова, якое для кожнага не можа не адгуквацца ў сэрцы. Гэта шчырая, сапраўдная радасць, падтрымка і апора.

– Быць жонкай і маці ў пары з такім мужам і бацькам – вялікае жаночае шчасце, – дзеліцца асабістым Валянціна. – Васіль усюды на падхваце, таму ў нас мір ды згода. Усім жадаю такога сумеснага жыцця, – напрыканцы прамовіла гаспадыня і запэўніла, што шчасце ў кожнага сваё, але абавязкова ў сваіх руках.

Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *